Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьвяз эўрапейскіх студэнтаў заклікае эўрапейскія дзяржавы заблякаваць уваход Беларусі у Эўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі (ЭПВА) з прычыну ўціску студэнцкага і акадэмічнага жыцьця.

«Нават калі Беларусь і адпавядае фармальным патрабаваньням сяброўства ў ЭПВА, яна не павінна стаць часткай гэтай прасторы, паколькі ў Беларусі няма акадэмічнай свабоды», — цытуе выказваньне Алана Пола, старшыню Зьвязу эўрапейскіх студэнтаў, інтэрнэтны рэсурс euobserver.com.

«Гвалтоўныя рэпрэсіі супраць пратэстоўцаў, якія мы пабачылі ў сьнежні летась, кажуць усё: Беларусь недастаткова дэмакратычная, каб інтэгравацца. Гэты працэс датычыць ня толькі гарманізацыі эўрапейскай вышэйшай адукацыі, але перш за ўсё агульных акадэмічных і дэмакратычных каштоўнасьцяў», — дадаў Пол.

Эўрапейская прастора вышэйшай адукацыі (European Higher Education Area) аб’ядноўвае 47 краінаў, якія ўдзельнічаюць у гэтак званым Балёнскім працэсе — запачаткаванай у 1999 годзе праграме збліжэньня і гарманізацыі сыстэмаў вышэйшай адукацыі ў Эўропе.

Беларусь і Кіргізстан — адзіныя дзяржавы з абшару Эўропы і былога СССР, якія не належаць да ЭПВА. У Эўропе да гэтай прасторы не належаць яшчэ Косава і Паўночны Кіпр, паколькі іх дзяржаўнасьць ня мае агульнага прызнаньня.

У Бухарэсьце ў красавіку 2012 году мае адбыцца пасяджэньне міністраў вышэйшай адукацыі, на якім будзе вырашацца пытаньне сяброўства Беларусі ў ЭПВА.

Паводле euobserver.com, расклад галасоў за і супраць сяброўства Беларусі ў ЭПВА пакуль няясны. Прыкладам, Данія, якая з наступнага месяца будзе старшыняваць у Эўразьвязе, выступае за тое, каб Беларусь прыняць, аргумэнтуючы такую пазыцыю тым, што ўзмоцненыя сувязі ў сфэры адукацыі дапамогуць нейкім чынам у дэмакратызацыі краіны. Таксама вядома, дадае інтэрнэтнае выданьне, што сяброўства Беларусі ў ЭПВА падтрымаюць Вугоршчына і Славакія. Польшча і шэраг іншых краінаў Эўразьвязу выступаюць супраць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG