Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка спадзяецца на танную нафту


Аляксандар Лукашэнка сёньня на сэмінары для вышэйшых чыноўнікаў заклікаў да эканоміі, скарачэньня імпарту і выказаў спадзеў, што пасьля паніжэньня цаны на расейскі газ Беларусі ўдасца дамагчыся і нізкай цаны на расейскую нафту. Ён таксама паабяцаў рост даходаў, заробкаў і пэнсій. Незалежныя эканамісты расцэньваюць гэтыя заявы як папулісцкую рыторыку.

Эканомію ў сувязі са згодай Расеі прадаваць Беларусі ў 2012 годзе прыродны газ па больш нізкіх коштах Аляксандар Лукашэнка ацаніў у 3–4 мільярды даляраў. Разам з гэтым ён выказаў спадзеў, што будзе зьніжаная і цана на расейскую нафту, якая пастаўляецца ў Беларусь:

«І цэны на газ будуць ня тыя, і кошты нафты будуць ня тыя. Мы яшчэ дамаўляемся, але яны будуць ня тыя»,— заявіў Аляксандар Лукашэнка, выступаючы на сэмінары кіраўнікоў дзяржаўных органаў.

Нягледзячы на гэта Лукашэнка заклікаў да жорсткай эканоміі і імпартазамяшчэньня, дасягненьня станоўчага сальда ў зьнешнім гандлі. Апошняе ён назваў стратэгічнай задачай краіны, пытаньнем нацыянальнай бясьпекі. Выйсьце ў нас адно, сказаў Лукашэнка, «эканоміць, эканоміць і яшчэ раз эканоміць»:

«Трэба аналізаваць кожную пазыцыю, кожную таварную групу, кожны даляр імпарту, таму што, замяшчаючы імпартны тавар, вырабляючы канкурэнтаздольную прадукцыю мы ня толькі плацім меней валюты іншым, але і больш зарабляем самі».

Аляксандар Лукашэнка шмат крытыкаваў чыноўнікаў за бюракратызм і безгаспадарчасьць:

«Вы ведаеце, мужыкі, пачынайце варушыцца, калі мы хочам выжыць і захаваць краіну. Калі мы гэтага не зробім, нас проста раздушаць».

Нягледзячы на захады ў справе эканоміі, Аляксандар Лукашэнка паабяцаў выбарцам:

«Даходы насельніцтва, заробкі і пэнсіі будзем пасьлядоўна павышаць. Ужо ў пачатку 2012 года нам прыйдзецца чарговы раз іх павысіць. Таму нашыя вытворцы павінны дамагчыся, каб людзі патрацілі прыбаўку даходаў на пакупку айчынных тавараў».

Незалежны эканаміст Сяргей Чалы ўсе заявы Лукашэнкі пра імпартазамяшчэньне называе «старымі песьнямі» з ранейшай палітыкі адміністратыўнага ўтрыманьня курса беларускага рубля:
Насамрэч дэвальвацыя вырашыла ўсе праблемы.

«Насамрэч дэвальвацыя вырашыла ўсе праблемы: і экспарт вырас рэкорднымі тэмпамі, і імпарт скараціўся. Усё тое, дзеля чаго стваралі гэтыя неэфэктыўныя праграмы, уся гэтае чыноўніцкая творчасьць: імпартазамяшчэньне, стымуляваньне экспарту, гэта ўсё адбылося само, калі проста перасталі чапаць рукамі курс. Таму ўсе гэтыя размовы ні аб чым і на карысьць бедных».

Сяргей Чалы таксама скептычна паставіўся да заяваў Лукашэнкі пра рост заробкаў і пэнсіяў, таму што гэта наўпросты шлях да новых віткоў інфляцыі. Сёлета гэты ўрок беларускія ўлады добра вывучылі і зноў на істотны адміністратыўны рост даходаў ня пойдуць. Сяргей Чалы таксама назваў ілюзіяй заяву Лукашэнкі аб магчымым зьніжэньні цаны расейскай нафты для Беларусі — на нафтавым рынку Расеі пануюць прыватныя кампаніі, якія ня пойдуць на саступкі, Менску можна спадзявацца на зьніжэньне мытных плацяжоў з нафты, якая прадаецца ў Беларусь, але такая зьніжка можа быць нязначнай, — перакананы спадар Чалы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG