Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня амэрыканскі вайсковы кантынгент у Іраку прыспусьціць свой нацыянальны сьцяг як сыгнал да свайго канчатковага выхаду з краіны пасьля амаль дзевяці гадоў ад пачатку інтэрвэнцыі, якая зрынула Садама Хусэйна.

Вывад амэрыканскіх войскаў з Іраку быў адным з галоўных абяцаньняў, якія дапамаглі Бараку Абаму выйграць прэзыдэнцкія выбары ў 2008 годзе.

Вывад амэрыканскіх баявых адзінак з Іраку мае закончыцца перад завяршэньнем бягучага году. Застанецца каля 700 амэрыканскіх інструктараў, пераважна цывільных асобаў, якія будуць дапамагаць ірацкім службам бясьпекі пасьля вываду кантынгенту.

У 2007 годзе амэрыканская вайсковая прысутнасьць у Іраку дасягнула вяршыні, налічваючы 170 тысяч вайскоўцаў.

Агулам, у інтэрвэнцыі ў Іраку загінулі каля 4,5 тысячы амэрыканскіх вайскоўцаў ды звыш 100 тысяч іракцаў.

Уся апэрацыя каштавала амэрыканскаму бюджэту больш за 1 трыльён даляраў.



Найважнейшыя даты ваеннай апэрацыі ў Іраку

20 сакавіка 2003 — амэрыканскія войскі, з падтрымкай брытанскіх сілаў, уварваліся ў Ірак з Кувэйту.

9 красавіка 2003 — амэрыканцы займаюць Багдад; Садам Хусэйн схаваўся.

13 сьнежня 2003 — амэрыканцы схапілі Садама Хусэйна.

Люты-ліпень 2007 — праходзілі крывавыя сутычкі паміж ірацкімі антыўрадавымі паўстанцамі і ўрадавамі сіламі ды амэрыканцамі; колькасьць амэрыканскіх вайскоўцаў у Іраку вырасла да 170 тысяч.

17 лістапада 2008 — ЗША і Ірак падпісалі дамову аб вывадзе амэрыканскага вайсковага кантынгенту да канца 2011 году.
XS
SM
MD
LG