Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэру Вільні адгукнулася сустрэча з беларускай апазыцыяй


Артурас Зуокас
Артурас Зуокас

Колішняя заява мэра Вільні Артураса Зуокаса пра тое, што ён зробіць усё, што ад яго залежыць, каб літоўскія бізнэсоўцы былі больш прынцыповымі ў дачыненьні да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, мела для яго наступствы. Беларускія ўлады адмовілі мэру ва ўязной візе. Застаўся без беларускай візы і загадчык міжнароднага аддзелу мэрыі Вільні Жыльвінас Абаравічус.

Мэр Вільні Атурас Зуокас зьбіраўся наведаць памежнае беларускае мястэчка Гервяты, куды яго запрасіла мясцовая літоўская грамада. Аднак у амбасадзе Беларусі ў Літве мэру адмовілі ў дзелавой візе, патлумачыўшы, што для гэтага неабходна мець запрашэньне ад афіцыйных беларускіх уладаў. Тады Артурас Зуокас падаў свае дакумэнты на турыстычную візу. Аднак і такой візы яму не далі.

У Вільні мяркуюць, што такім чынам беларускія ўлады адпомсьцілі мэру за ягоную сустрэчу з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі і роднымі беларускіх палітвязьняў напрыканцы кастрычніка. Тады Артурас Зуокас, прымаючы іх у мэрыі, выказаў шэраг крытычных заўваг на адрас беларускіх уладаў.

Застаўся без беларускай візы і загадчык міжнароднага аддзелу мэрыі Вільні Жыльвінас Абаравічус. 9-10 сьнежня ён павінен быў выступаць на міжнароднай канфэрэнцыі ў пытаньнях самакіраваньня ў Менску.

Такія дзеяньні беларускіх уладаў толькі пагоршаць дачыненьні паміж краінамі-суседкамі,— сказаў сёньня «Свабодзе» літоўскі палітоляг Арунас Моліс:

«Дачыненьні паміж Літвой і Беларусьсю цяпер, сапраўды, не паляпшаюцца. І наш міністар замежных справаў неаднойчы казаў, што палітыка збліжэньня з беларускімі ўладамі, якая вялася некалькі апошніх гадоў, не прынесла вялікага плёну. Таму цяпер літоўская палітыка стала шмат халаднейшай. І робіцца зразумелай рэакцыя беларускіх уладаў на гэта».
Наш міністар замежных справаў неаднойчы казаў, што палітыка збліжэньня з беларускімі ўладамі, якая вялася некалькі апошніх гадоў, не прынесла вялікага плёну.

Літоўскі палітоляг упэўнены: падобныя паводзіны беларускіх уладаў не дапамогуць вырашыць праблемы:

«Адмова ў візах не зьменіць стаўленьне Зуокаса, Ажубаліса, усяго літоўскага грамадзтва да сытуацыі ў Беларусі. Не далі адзін раз візы — мэр Вільні альбо нейкая іншая афіцыйная асоба наступным разам і ня будуць яе прасіць наагул. І ад гэтага нікому лепш ня будзе».

У апошні час колькасьць адмоваў замежнікам у наведваньні Беларусі ўзрастае. Так, нядаўна ў краіну не пусьцілі пісьменьнікаў з Даніі, польскіх дэпутатаў, журналістаў Бі-бі-сі.

У МЗС Беларусі гэтыя выпадкі не камэнтуюць. Пры гэтым спасылаюцца на міжнародную практыку, згодна зь якой кожная краіна мае права адмовіць ва ўязных візах таму ці іншаму замежніку без тлумачэньня прычынаў адмовы.

З гэтай нагоды менскі палітоляг Алесь Лагвінец адзначае:

«Любая дзяржава ў прынцыпе можа не прыняць у сябе грамадзяніна іншай краіны. Але на гэта мусяць быць важкія падставы. І калі такія дзеяньні адбываюцца, то гэта адназначна дзеяньні непрыхільныя, непрыязныя. І іх можна разглядаць як пасланьне.

Як мне падаецца, такім спосабам беларускія ўлады дасылаюць пасланьне Літве, іншым краінам Эўрапейскага Зьвязу, што сёньня яны ня хочуць шчыльна супрацоўнічаць з Эўразьвязам. І што яны нібыта гатовыя паказваць нейкую сваю аўтаномную пазыцыю».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG