Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Каб дапамагчы Бяляцкаму, трэба сабраць 575 мільёнаў рублёў


Плякат у офісе «Вясны»

Плякат у офісе «Вясны»

Беларускія праваабаронцы распачынаюць кампанію салідарнасьці са зьняволеным Алесем Бяляцкім.

Яны заклікаюць сабраць 757 мільёнаў рублёў, каб аплаціць штраф, накладзены на Бяляцкага.

15 сьнежня ў праваабарончым цэнтры «Вясна» была скліканая тэрміновая прэсавая канфэрэнцыя. Старшыня БХК Алег Гулак абвясьціў пра пачатак грамадзкай кампаніі збору сродкаў, каб сплаціць прызначаную судом Алесю Бяляцкаму грашовую кампэнсацыю.

«Магчыма, атрымаецца выцягнуць яго з-за кратаў. Магчыма, хаця б паменшыць яму тэрмін — у любым выпадку трэба дапамагаць чалавеку ў гэтай пэўнай сытуацыі. Таму мы распачынаем збор ахвяраваньняў у Беларусі і заклікаем выявіць салідарнасьць з Алесем. Заклікаем людзей, калі ў іх будуць магчымасьці, пералічыць сродкі на рахункі, якія будуць указаныя».

Беларусы ня раз выяўлялі прыклады салідарнасьці ў 2010 годзе, а зараз настаў час дапамагчы Бяляцкаму, нагадаў Аляксандар Мілінкевіч, старшыня Руху «За свабоду»:

«Гэта значыць, што ў нас нараджаецца сапраўдная грамадзянская супольнасьць. І я заклікаю ўсіх сумленных людзей праявіць салідарнасьць і абараніць таго чалавека, які так доўга, паўтара дзесяцігодзьдзя абараняў іншых. Нават дробны пералік дапамагае стварыць сыстэму абароны, перад якой ніякая дыктатура не ўстаіць».

Старшыня БАЖ Жана Літвіна заклікала журналістаў прафэсійна выконваць свае абавязкі пры асьвятленьні кампаніі збору ахвяраваньняў:

«На жаль, у нашым грамадзтве гучныя палітычныя працэсы суправаджаюцца кампаніямі дыскрэдытацыі, шальмаваньня людзей, якія робяцца удзельнікамі гэтых працэсаў. Таму ад журналістаў таксама залежыць, каб добрае імя Алеся Бяляцкага, іншых палітвязьняў засталося чыстым, сьветлым».

Днямі калегі зь «Вясны» атрымалі ад Алеся Бяляцкага першы ліст, напісаны з ізалятару ў Жодзіне, куды праваабаронцу перавялі пасьля суду. Тацяна Равяка распавяла, што да Бяляцкага пакуль не даходзіць прэса і ён бавіць час у вязьніцы тым, што вывучае ангельскую мову. Пра ўмовы ўтрыманьня зьвестак няшмат:

«Алесь заўсёды піша пра ўмовы вельмі мала, ніколі ня скардзіцца, ані ў папярэдніх лістах, ані ў цяперашніх. Але калі б было тое, што яго асабліва б хвалявала і непакоіла, мяркую, мы б пра гэта ведалі. Пакуль што пра гэта ніякай інфармацыі няма».

На сайце «Вясны» пазначаны рахунак, на які падпісанты заявы заклікаюць пералічаць грошы. Усяго трэба сабраць 757 526 717 рублёў, прычым пералічваць грошы могуць толькі грамадзяне Беларусі.

Зварот падпісалі:
Алег Гулак, кіраўнік праваабарончай арганізацыі Беларускі Хэльсінскі камітэт;
Іна Кулей, кіраўніца Камітэту дапамогі рэпрэсаваным «Салідарнасьць»;
Алена Танкачова, Старшыня Цэнтру прававой трансфармацыі;
Аляксандар Мілінкевіч, кіраўнік Руху «За свабоду»;
Сяргей Мацкевіч, кіраўнік Асамблеі НДА;
Раіса Міхайлоўская, Цэнтар па правах чалавека;
Тацьцяна Равяка, Беларускі дом правоў чалавека.





24 лістапада судзьдзя Першамайскага суду Менску Сяргей Бандарэнка пакараў Алеся Бяляцкага чатырма з паловай гадамі калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.

Алеся Бяляцкага прызналі вінаватым ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў з грошай, якія ішлі на праваабарончую дзейнасьць.

Праваабаронцы, палітыкі і міжнародная супольнасьць асудзілі вырак Бяляцкаму. Яны адзначаюць палітычную афарбоўку справы і тое, што віна Бяляцкага не было даказаная.

Банкаўскія дадзеныя Бяляцкага афіцыйнаму Менску перадалі Літва і Польшча.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG