Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парсюкевіч: «Справу халатнага экспэрта можна разгледзець за два дні»


Сяргей Парсюкевіч

Сяргей Парсюкевіч

Экспэрта-міліцыянта, па віне якога нібыта Дзьмітрый Канавалаў пазьбег здачы адбіткаў пальцаў, дагэтуль не судзілі і прывязуць у Менск для дадатковых допытаў. Гэтыя зьвесткі камэнтуе былы віцебскі міліцыянт і экспэрт Сяргей Парсюкевіч.

14 сьнежня намесьнік генпракурора Аляксей Стук, які ўзначальваў групу дзяржаўных абвінаваўцаў на працэсе над тэрарыстам Дзьмітрыем Канавалавым і ягоным саўдзельнікам Уладзіславам Кавалёвым, паведаміў журналістам, што яшчэ не завершаны працэс у Віцебску над міліцыянтам, які ня ўзяў у Канавалава адбіткі пальцаў. Той працэс пачаўся амаль адначасова з працэсам над тэрарыстамі ў Менску.

Гаворка пра падзеі студзеня 2009 году, калі міліцыянт-экспэрт чамусьці паверыў Канавалаву, што той нібыта ўжо здаваў адбіткі пальцаў, і не правёў зь ім гэтую працэдуру. Калі б экспэрт выканаў свае абавязкі добрасумленна, вінаватага ў выбуху на праспэкце Пераможцаў у 2008 годзе затрымалі б значна раней і прадухілілі б тэракт у мэтро, заяўляюць ў міліцыі.

Між тым інфармацыя Аляксея Стука была нечаканасьцю для журналістаў. Як аказалася, працэс ў Віцебску прыпынілі дзеля таго, каб «прывезьці абвінавачанага ў Менск для ўдзелу ў апытаньні сьведак, якія жывуць ў Менску».

Былы палівязень Сяргей Парсюкевіч да таго як стаў прадпрымальнікам і заняўся апазыцыйнай дзейнасьцю служыў у міліцыі ў Віцебску, працаваў экспэртам. Сяргей Парсюкевіч зьдзіўлены тым, што працэс над былым калегам так зацягнуўся:

«Ня думаю, што той, хто вінаваты, спрабуе ўхіліцца, „адмазацца“. Тут жа ўсё зразумела. Мякка кажучы, халатна падышоў да выкананьня сваіх абавязкаў. Ня думаю, што там быў нейкі зь ягонага боку злачынны намер».

Сяргей Парсюкевіч зьдзяўляецца і таму, што прозьвішча экспэрта не названае, а працэс над ім закрылі.

«Калі шчыра, незразумела, чаму працэс закрыты. Няма там ніякіх службовых тайнаў у гэтай працэдуры. Чалавек да яго прыйшоў перад мэдкамісіяй у войска, навешаў яму „локшыны“, той яму даведку і напісаў. Мяркую, Канавалаў мог пастарацца, каб не ўзялі адбіткі пальцаў. Як ён яго пераканаў? Ды па-рознаму магчыма. Прыкладам, магчыма парэзаць палец, забінтаваць і тады экспэрт сам запытаецца, ці бралі пальцы. А калі сказаць, што сто разоў ужо бралі, дык на табе даведку ды ідзі адсюль».
Што гэта за злачынства такое — не адкатаў пальчыкі? Ну разгільдзяй, мякка кажучы, але каб за гэта „закрывалі“?

Чаму амаль тры месяцы, з 26 верасьня, пакуль у судзе разглядаецца гэтая справа, абвінавачаны міліцыянт знаходзіцца пад вартай? Сяргей Парсюкевіч ня мае адказу:

«Што гэта за злачынства такое — не адкатаў пальчыкі? Ну разгільдзяй, мякка кажучы, але каб за гэта „закрывалі“? Неяк падазрона ўсё гэта».

Якія сьведкі ў гэтай справе могуць быць у Менску, пра якіх кажа пракурор Аляксей Стук, былы міліцыянт Парсюкевіч не ўяўляе. Паводле ранейшых зьвестак працэдура адбору адбіткаў пальцаў праходзіла ў Віцебску і пры гэтым прысутнічала два-тры чалавекі.

Сяргей Парсюкевіч кажа, што ў яго няма вялікай веры да вэрсіі пра трэці бок, які мог бы ўплываць на экспэрта і загадаць яму ня браць адбіткі ў Канавалава, але факт закрытасьці працэсу падказвае, што гэтую вэрсію адкідаць нельга:

«Шчыра кажучы, я ня веру ў такую вэрсію. Што значыць — яму сказалі, і зараз ён будзе маўчаць? Ды ўжо даўно б здаў усіх. Але магчыма, таму і працэс закрыты? Хто яго ведае…»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG