Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Выкананьне прысуду прыраўноўваецца да простага забойства»


Міжнародная фэдэрацыя правоў чалавека заклікала перагледзець сьмяротны вырак Дзьмітрыю Канавалаву і Ўладзіславу Кавалёву.

Канавалава і Кавалёва асудзілі паводле абвінавачаньня ў сэрыі выбухаў, у тым ліку выбуху ў Менскім мэтро 12 красавіка 2011 году, ад якога загінулі 15 чалавек.

Як адзначаецца ў заяве праваабаронцаў, у часе судовага разбору супярэчлівыя паказаньні паставілі пад сумнеў удзел абвінавачаных у арганізацыі выбухаў. Дзьмітры Канавалаў адмовіўся ад сваіх ранейшых прызнаўчых паказаньняў, заявіўшы, што ён даваў іх пад псыхалягічным ціскам і катаваньнямі.

Больш за тое, назіральнікі паведамілі аб сур'ёзных працэсуальных парушэньнях у хадзе папярэдняга расьсьледаваньня і судовага разгляду справы. Паводле Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, гэтага дастаткова, каб казаць пра абуральнае парушэньне правоў абвінавачаных на празрыстае і бесстароньняе судовае разьбіральніцтва. Пры гэтым у судзе не агучылі ні матыву, ні дакладных абставінаў злачынства.

«Ужываньне сьмяротнай кары ў цэнтры Эўропы нельга талераваць», заявіла прэзыдэнтка Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Сухайр Бэлхасэн. «Характар гэтага прысуду знаходзіцца ў поўнай супярэчнасьці зь міжнароднымі стандартамі. Акрамя таго, доказы, прадстаўленыя ў суд у дачыненьні да Дзьмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва, сумнеўныя, і іх права на справядлівае судовае разьбіральніцтва не было забясьпечанае. У гэтых умовах выкананьне прысуду прыраўноўваецца да простага забойства».

Праваабаронцы нагадваюць, што Беларусь зьяўляецца ўдзельнікам шэрагу міжнародных дамоваў, якія гарантуюць грамадзянам права на жыцьцё, а таксама права на справядлівае судовае разьбіральніцтва.

Арганізацыя заклікае ўлады РБ:

* Перагледзець сьмяротны прысуд Дзьмітрыю Канавалаву і Уладзіславу Кавалёву;

* Пачаць расьсьледаваньне умоваў, у якіх былі атрыманыя прызнаньні Дзьмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва;

* Адмяніць сьмяротнае пакараньне за ўсе злачынствы і неадкладна абвясьціць мараторый на вынясеньне і выкананьне сьмяротных прысудаў.
XS
SM
MD
LG