Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярашук: «Прафсаюзам нельга ўдзельнічаць у сумнеўных палітычных кампаніях»


Аляксандар Ярашук на зьезьдзе прафсаюзаў
Аляксандар Ярашук на зьезьдзе прафсаюзаў

Пераабраны старшынёй Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук распавёў «Свабодзе» пра прыярытэты сваёй далейшай дзейнасьці. У тым ліку адказаў на закід, што ён ухіляецца ад палітычнай барацьбы.

Паводле Аляксандра Ярашука, асноўным дакумэнтам, які быў ухвалены на 8-м зьездзе БКДП, сталася Сацыяльна-эканамічная плятформа прафцэнтру. У першым параграфе гэтага дакумэнту гаворыцца:

«У сучаснай Беларусі эксплюатуецца і прыгнятаецца, пазбаўляецца правоў і свабод цэнтральнае зьвяно грамадзтва — чалавек. Краіна затрымалася на стадыі аўтарытарызму, закрылася ад новых ідэй і інавацый. У палітычнай сыстэме Беларусі дзяржаўная ўлада прыдушвае ўсе астатнія інстытуты і рэгулюе адносіны ў грамадзтве мэтадамі прымусу».

Гэты дакумэнт будзе апублікаваны і накіраваны ва ўрад, кажа спадар Ярашук. БКДП таксама будзе адсочваць крокі, якія ажыцьцяўляе ва ўмовах крызісу ўлада, і весьці на гэты конт дыялёг у рамках Нацыянальнай рады па працоўных і сацыяльных пытаньнях.

Ярашук: «Будзем гэтыя пытаньні там канкрэтна ставіць і зьвяртаць увагу ўладаў на недапушчальнасьць ігнараваньня так неабходных зараз эканамічных пераўтварэньняў».

Паводле спадара Ярашука, цяпер, пасьля атрыманьня падтрымкі з Расеі, беларускія ўлады могуць адмовіцца ад лібэралізацыі і мадэрнізацыі эканомікі, а таксама іншых патрэбных антыкрызісных захадаў.

На зьезьдзе БКДП гучала крытыка на адрас самога Аляксандра Ярашука, што ён ухіляецца ад палітычнай барацьбы, а зь іншага боку гаварылася, што прафсаюзам зусім не ўласьцівыя палітычныя задачы, а толькі абарона правоў працоўных.
Я лічу, што мы не павінны сябе дыскрэдытаваць удзелам у нейкіх сумнеўных кампаніях, якія ні да якіх перамен не вядуць, а ў чарговы раз абвяшчаюць пра слабасьць апазыцыі.

Ярашук: «Я лічу, што мы не павінны сябе дыскрэдытаваць удзелам у нейкіх сумнеўных кампаніях, якія ні да якіх перамен не вядуць, а ў чарговы раз абвяшчаюць пра слабасьць апазыцыі, негатоўнасьць, няўменьне павесьці за сабою людзей. З гэтага пункту гледжаньня трэба засяродзіць усю сваю ўвагу на сацыяльна-эканамічныя пытаньні».

Але разам з тым быць незалежнымі ад палітычных працэсаў у Беларусі, ад патрабаваньняў дэмакратызацыі прафсаюзы ня могуць, прызнаў спадар Ярашук:

«Для нас абсалютна відавочна, што калі ня будзе дэмакратычных пераўтварэньняў, то ў незалежных прафсаюзаў ніколі ніякай пэрспэктывы ня будзе, мы будзем заўсёды ў гета і рэзэрвацыі. Мы выключна зацікаўленыя ў пераменах. Але калі мы і жадаем гэтага, то маем на ўвазе ўдзел у рэальнай сацыяльна-эканамічнай палітыцы, якая прыцягне да нас увагу працоўных і якая мае зараз найбольшую пэрспэктыву ў краіне».

Апазыцыю Ярашуку на зьезьдзе БКДП склалі дэлегаты ад Прафсаюзу працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасьці. У прыватнасьці, дэлегатка ад РЭП Зінаіда Міхнюк выказала расчараваньне ў пазыцыі старшыні БДКП Ярашука, які не падтрымаў «народныя сходы»:

«Я лічу, што каб пра нас ведалі, мы павінны выказваць думку тых, хто баіцца, яны павінны да нас далучацца, а не варыцца ва ўласным саку».

Калі справа дайшла да выбараў старшыні БКДП, менавіта лідэр прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч склаў канкурэнцыю Ярашуку і, маючы больш радыкальную пазыцыю, атрымаў 37 галасоў дэлегатаў з 98, хоць, як сам прызнаўся, ніякай перадвыбарчай кампаніі не праводзіў. Ярашук атрымаў 61 голас.
У БКДП уваходзяць Беларускі незалежны прафсаюз, Свабодны прафсаюз беларускі, Свабодны прафсаюз мэталістаў, Прафсаюз працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасьці — усяго каля 10 тысяч сябраў.

У незалежныя прафсаюзы людзей штурхае ня толькі патрэба абароны сацыяльных правоў, але і прага справядлівасьці, заявіў Уладзімер Андрашчук, рабочы з кампаніі «Савушкаў прадукт», які нядаўна далучыўся да прафсаюзу РЭП.

«Я праціўнік існуючай сыстэмы з 1975 году. Я не агаварыўся — таму што зьмянілася толькі ідэалёгія маны і мэтад рабаўніцтва. Гэта ўсё, што ў нас памянялася. У нас няма ні свабоды слова, ні правоў чалавека, ні незалежнага суду. Я прыйшоў у гэты прафсаюз, бо ў ім бачу расток грамадзянскай супольнасьці».

На зьезьдзе БКДП не было прадстаўнікоў уладаў, затое было шмат замежных гасьцей, прадстаўнікоў міжнародных прафсаюзных цэнтраў.

Намесьнік генэральнага сакратара Міжнароднай канфэдэрацыі прафсаюзаў Яап Вінэн заявіў, што БКДП знаходзіцца ў цэнтры ўвагі міжнароднага прафсаюзнага руху як прыклад выжываньня ў складаных рэпрэсіўных умовах аўтарытарнага рэжыму.

Анджэй Матра з польскай «Салідарнасьці» параўнаў беларускую рэчаіснасьць з сытуацыяй у Польшчы часоў вайсковага становішча, і заявіў, што Беларусь не зьяўляецца краінай, дзе захоўваюцца правы і свабоды чалавека:

«Беларусь, я маю такое ўражаньне, цяпер знаходзіцца напярэдадні вялікіх пераменаў. Ніхто не гаворыць, калі, але ведаем, што гэта павінна настаць. І настане. А зьезд, арганізацыя БКДП — гэта відавочны прыклад таго, што ёсьць сьвятло ў канцы тунэлю і надзея на перамены».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG