Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жалоба і шок Льежу


Паводле апошніх зьвестак, злачынец-рэцыдывіст, які скончыў з сабой пры незразумелых абставінах, пасьпеў забіць траіх чалавек на месцы, яшчэ адзін памёр пазьней у лякарні, а ў сераду паліцыя выявіла ў доме забойцы цела яшчэ адной яго ахвяры. Колькасьць параненых у выніку нападу – ад 70 да 123 чалавек, прычым у розных СМІ сустракаюцца да гэтага часу розныя зьвесткі пра пол і ўзрост забітых і параненых.

Паліцыя Бэльгіі пакуль ніяк ня можа растлумачыць матывы злачынца, які зьдзейсьніў напад у Льежы ў аўторак. На меркаваньне большасьці камэнтатараў, зьвяртае на сябе ўвагу блытаніна ў інфармацыі, што паступае зь месца трагедыі, а таксама відавочная непадрыхтаванасьць уладаў і спэцслужбаў краіны да падобных падзеяў.



Забойца – 33-гадовы жыхар Льежу Нардзін Амрані – закідаў баявымі гранатамі натоўп на цэнтральнай плошчы гораду, а затым адкрыў агонь з аўтамата і рэвальвэра, пасьля чаго ці то застрэліўся, ці то загінуў ад выбуху. У асноўным пацярпелі людзі, якія знаходзілася на адным з аўтобусных прыпынкаў на плошчы. Вось што распавядае відавочца Олівэр:

«Я быў у цэнтры гораду і раптам убачыў, як нейкі хлопец дастае аўтамат Калашнікава. Ён пачаў страляць у людзей. Потым разарваліся гранаты. Гэта адбылося на аўтобусным прыпынку. Усе былі ў паніцы».

Сьведкі сьцьвярджаюць, што Амрані, на іх погляд, дзейнічаў спакойна і ўсьвядомлена, не здаваўся тыповым вар'ятам або фанатыкам-тэрарыстам, але пры гэтым, несумненна, хацеў забіць як мага больш людзей. Ён пасьпеў залезьці на дах аднаго з кіёскаў і адтуль вёў агонь. Людзі ў паніцы разьбягаліся, гасілі сьвятло ў крамах на плошчы і суседніх вуліцах, хаваліся ў пад'ездах. Паліцыі на месцы нападу доўга не было.



Раніцай 14 сьнежня сьледчыя падчас ператрусу знайшлі ў адрыне каля жыльля Амрані труп жанчыны – 45-гадовай прыбіральніцы, якая працавала ў адной зь сем'яў па суседзтве з домам забойцы. Яна таксама была застрэленая. Акрамя таго, у гэтым хляве, які выкарыстоўваўся ў асноўным для вырошчваньня марыхуаны, знайшлі яшчэ дзьве адзінкі агнястрэльнай зброі і вялікую колькасьць розных боепрыпасаў.

Ніякіх пасланьняў ад злачынца ці нейкіх дакумэнтаў, якія б хоць неяк тлумачылі тое, што здарылася, няма. Пра гэта распавяла на брыфінгу для журналістаў мясцовы пракурор Даніэля Рэйндэрс. Раней яна коратка паведаміла: «У гэтую раніцу злачынец павінен быў прыйсьці ў аддзяленьне паліцыі для дачы паказаньняў. Яго заўважылі на адным з дахаў у раёне плошчы Сьвятога Лямбэрта. Ён страляў з рэвальвэра і шпурнуў тры гранаты. Зараз ён мёртвы».

Са словаў Рэйндэрс, якая спасылаецца на мясцовую паліцыю, Нардзін Амрані ніколі не рабіў уражаньня чалавека зь нестабільнай псыхікай.

Пакуль няма адказу на пытаньне – ці ішоў Амрані на допыт адзін ці пад канвоем. Пасьля нападу высьветлілася, што Нардзін Амрані – злачынец-рэцыдывіст, некалькі разоў сядзеў у турме за гандаль наркотыкамі, сэксуальныя напады і захоўваньне зброі, у тым ліку гранатамёта. Нягледзячы на чарговы нядаўні прысуд, ён быў умоўна-датэрмінова вызвалены з турмы і адпушчаны дадому.

Улады Бэльгіі паведамілі, што некалькі людзей, параненых у аўторак, знаходзяцца ў вельмі цяжкім стане. Пастаянны старшыня Эўрапейскае Рады, былы прэм'ер-міністар Бэльгіі Гэрман ван Ромпэй заявіў: «Я глыбока ўзрушаны гэтымі крывавымі забойствамі, якія адбыліся на плошчы сьвятога Лямбэрта. Усе мае думкі цяпер – пра тых, хто загінуў. Я думаю і пра тых, хто цяпер працягвае змагацца за жыцьцё, я думаю аб іх сем'ях. Сутыкнуўшыся з тым, што немагчыма растлумачыць, я проста разгублены і ашаломлены, я жахаюся таго, што здарылася».

Афіцыйны Брусэль адразу і катэгарычна выключыў вэрсію тэрарыстычнага нападу з палітычных матываў. Кажа цяперашні прэм'ер-міністар краіны Эліё ды Рупа: «Тое, што здарылася тут, у Льежы, гэта кашмар! Няма слоў, каб апісаць маштаб трагедыі. Мы думаем пра нявінных ахвяраў, пра іх сем'і і сяброў. Мяркуючы з інфармацыі, якую мы маем на гэты момант, гэта было напад адзіночкі, не тэрарыстычны акт і не скаардынаваны напад. Шок, які адчуваюць людзі, цалкам вытлумачальны, і мы падзяляем яго разам з астатнімі».



Улады Льежа таксама выказалі меркаваньне, што ахвяр нападу магло б быць нашмат больш, калі б перадкалядны кірмаш адкрыўся раней, і на плошчы сьвятога Лямбэрта было б значна больш людзей. Аднак з-за халоднага надвор'я і моцнага ветру ўсе мерапрыемствы і гандаль згарнулі.

У Льежы ў аўторак вечарам пабывалі бэльгійскі кароль Альбэрт і яго жонка каралева Паола. У сераду плошчу сьвятога Лямбэрта зноў адкрылі для публікі, аднак, як паведамляюць мясцовыя журналісты, там усё яшчэ відаць сьляды крыві і выбухаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG