Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Створаная міжпартыйная група брытанскага парлямэнту па Беларусі


Аляксей Янукевіч

Аляксей Янукевіч

На запрашэньне Міністэрства замежных спраў Вялікабрытаніі ў Лёндан накіравалася дэлегацыя беларускай апазыцыі: старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», экс-кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Віталь Рымашэўскі, лідэр Партыі БНФ Аляксей Янукевіч і іншыя палітыкі. Пра тэму і зьмест сустрэч беларускіх і ангельскіх палітыкаў — гутарка з кіраўніком партыі БНФ Аляксеем Янукевічам.


— У якой сустрэчы беларуская дэлегацыя прымае ўдзел зараз?

— У гэтым момант адбываецца сустрэча ў адным з дасьледчых цэнтраў пад назвай «Эўрапейская рада міжнародных адносін» з удзелам, у тым ліку, высокапастаўленых прадстаўнікоў Міністэрства замежных спраў Вялікабрытаніі, дзе абмяркоўваецца неабходнасьць брытанскай стратэгіі адносна Беларусі.

— Якія сустрэчы адбываліся цягам сёньняшняга дня і што заплянавана на заўтра?

— Сустрэчы распачаліся яшчэ ўчора, і галоўнай зь іх было адкрыцьцё міжпарлямэнцкай групы брытанскага парлямэнту па Беларусі. Яно адбывалася ў будынку парлямэнту. Сёньня ў нас больш дэтальныя сустрэчы: з ключавымі дэпутатамі ад кансэрватыўнай партыі, таксама заплянаваная сустрэча зь лейбарыстамі, прадстаўнікамі лібэральных дэмакратаў. А заўтра чакаецца сустрэча зь міністрам па справах Эўропы.

— Якія пытаньні перадусім цікавяць ангельскіх палітыкаў?

— Перадусім два пытаньні: як, на нашу думку, Эўропа павінная рэагаваць на тыя падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі. А другое — чым Эўропа магла б дапамагчы грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычнай апазыцыі. Безумоўна, брытанцаў таксама цікавіць нашае стаўленьне да пагадненьняў, падпісаных паміж Менскам і Масквой, як Расея ўплывае на тыя падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі, і як на гэтую сытуацыю можна паўплываць. Таксама ўсе яны пагаджаюцца з тым, што гэта абсалютна не прымальна ў эўрапейскай краіне, калі людзі знаходзяцца ў турме за свае палітычныя перакананьні. Мы са свайго боку падкрэсьліваем, што неабходна выпрацаваць дакладнае стратэгічнае бачаньне, якіх пераменаў, якую будучыню Вялікабрытанія бачыць для Беларусі. Я думаю, што нашае пасланьне, якое атрымліваюць удзельнікі сустрэчаў з брытанскага боку — яно зразумелае і дэталёвае.

— Якое спадзяваньне беларуская дэлегацыя мае на гэтыя сустрэчы і вынік візыту?

— Я думаю, што вынікам можа быць — і гэта цалкам рэальна — падвышэньне ўзроўню цікавасьці ў брытанскай палітыцы і ў брытанскім грамадзтве да пытаньня Беларусі, бо мы таксама мелі сустрэчы і з прадстаўнікамі мэдыяў. А таксама навязваньне больш шчыльных камунікацыяў паміж брытанскімі палітыкамі і прадстаўнікамі дэмакратычнай апазыцыі ў Беларусі. Дзеля таго, каб нарэшце было пастаўленае пытаньне аб стратэгіі і гэтая стратэгія была сфармаваная.
XS
SM
MD
LG