Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Часопіс Time назваў чалавекам году «пратэстоўца»


Амэрыканскі часопіс Time, які штогод вызначае «чалавека году», сёлета абраў зборны вобраз «пратэстоўца» (protester). Паводле часопісу, у 2011 годзе менавіта «пратэстовец» – чалавек, які пратэстуе супраць улады – зрабіў найбольшы ўплыў на разьвіцьцё сьвету.

У сувязі з гэтым выданьне асабліва падкрэсьлівае ролю Мухамада Буазізі – гандляра гароднінай зь невялікага мястэчка ў Тунісе. Зь ягонага самаспаленьня пачаліся пратэсты, у выніку якіх Туніс стаў першай арабскай краінай, што пазбылася дыктатара, які дзесяцігодзьдзямі кіраваў краінай.

Паводле Time, у далейшым такія нікому раней не вядомыя людзі дамагліся зьмяшчэньня дыктатараў у Эгіпце, Лібіі і Емэне, і працягваюць барацьбу супраць іх у Сырыі, Бахрэйне ды іншых краінах.

Практычна ўвесь 2011 год «безыменныя» дэманстранты трымалі ў пастаянным напружаньні ўрады багатых эўрапейскіх краінаў (Гішпаніі, Грэцыі, Італіі ды іншых), якія наважыліся на скарачэньне дзяржаўных выдаткаў. У ЗША адбыліся акцыі «Захапі Ўол-Стрыт».

Летась чалавекам году часопіс Time назваў заснавальніка і кіраўніка сацыяльнай сеткі Facebook Марка Цукербэрга, а раней сярод пераможцаў былі прэзыдэнт ЗША Барак Абама, кіраўнік Фэдэральнай рэзэрвовай сыстэмы ЗША Бэн Бэрнанке і саліст ірляндзкага рок-гурту U2 Бона.
XS
SM
MD
LG