Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З расейскім пашпартам — па ўсёй Эўропе, зь беларускім — толькі да Берасьця


Масква і Брусэль мяркуюць 15 сьнежня на саміце Расея—Эўразьвяз падпісаць пакрокавы плян пераходу да бязьвізавага рэжыму.

Такім чынам даецца запуск працэсу адмены візаў. Ці паўплывае ён на магчымасьць падобных дачыненьняў паміж Беларусьсю і Эўразьвязам.

Кіраўніца офісу «За дэмакратычную Беларусь» у Брусэлі Вольга Стужынская добра ведае сытуацыю з візамі. Менавіта офіс ініцыяваў збор подпісаў эўрапейскіх дэпутатаў за адмену візавага рэжыму паміж Беларусьсю і Эўразьвязам:

«Ёсьць так званыя візавая фасілітацыя і візавая лібэралізацыя. То бок, Расея ўжо рухаецца ў бок візавай лібэралізацыі. І калі падпісваецца дамова пра пачатак перамоваў, то краіне даецца спэцыяльнае заданьне па чатырох блёках — ад міграцыі да правоў чалавека — што краіна павінна тут зрабіць. Падобны дакумэнт ёсьць для Ўкраіны, для Малдовы. Гэта дакумэнты аднаго тыпу. Яны былі для балканскіх краінаў, і прыкладна такія ж для краінаў «Усходняга партнэрства».

Вольга Стужынская
Вольга Стужынская
Вольга Стужынская лічыць, што пачатак перамоваў паміж Брусэлем і Масквой ніяк не адаб’ецца на візавых дачыненьнях Эўразьвязу і Беларусі:

«Таму што запыт наконт пачатку візавай фасілітацыі, то бок візавых перамоваў, быў адасланы беларускаму кіраўніцтву. Прайшло ўжо некалькі месяцаў. А яно нават не адказала».

Вольга Стужынская згадвае: на мінулым тыдні эўракамісар Штэфан Фюле адзначыў, што прапановы Эўразьвязу па спрашчэньні і лібэралізацыі візавага рэжыму зь Беларусьсю засталіся на парадку дня двухбаковых стасункаў, але беларускія ўлады да гэтага часу не выявілі цікавасьці да іх. У сваю чаргу я нагадаў спадарыні Вользе, што 8 сьнежня на просьбу «Свабоды» прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных так выказаўся наконт гэтай заявы:

«Прапановы Эўразьвязу ўвязаныя з пытаньнямі рэадмісіі. Яны знаходзяцца ў стадыі вывучэньня. Хачу падкрэсьліць, што Беларусь заўжды выступала за спрашчэньне і лібэралізацыю візавых працэдур. Так, падчас правядзеньня міністэрскай сустрэчы АБСЭ ў Вільні разам зь іншымі дэлегацыямі мы прапаноўвалі праект рашэньня аб свабодзе перамяшчэньня. На наша зьдзіўленьне, ён ня быў падтрыманы краінамі Захаду.

Мы будзем працягваць высілкі на рашэньне гэтых пытаньняў на прынцыпах, якія будуць задавальняць усе бакі».

Вольга Стужынская адзначае: «Гэта іх афіцыйны адказ. А неафіцыйны такі: мы ня будзем разглядаць візавае пытаньне асобна ад усяго астатняга, калі Эўразьвяз нам не прапануе нічога іншага, калі ўсё ўпёрлася ў палітзьняволеных... У прынцыпе, няма ў беларускіх уладаў палітычнай волі».

Палітык Вінцук Вячорка кажа, што ў Брусэлі стаўленьне да Беларусі і Расеі рознае:

Вінцук Вячорка
Вінцук Вячорка
«Што б там не тварылася ў той Расеі, але гэта паводле памеру вялікая краіна. І краіна з атамнай зброяй на самых межах Эўрапейскага Зьвязу. Таму Расею спрабуюць улагоджваць зь іншых прычынаў, чым тое робіцца з лукашэнкаўскай уладай. Што да Беларусі, то тут іншыя мэханізмы, іншыя матывы. І хацелася б спадзявацца, што матывы былі б наступныя — адкрыць Эўропу для звычайных беларусаў, якія звычайна ёсьць і пачуваюцца эўрапейцамі. У той жа час робячы ўсё для таго, каб ізаляваць ад Эўропы рэжым».

Масква разьлічвае, што працэс адмену візаў зойме каля аднаго году. У Брусэлі стаўленьне больш скептычнае — тут лічаць, што адмене візавага рэжыму можа моцна пашкодзіць сытуацыя са станам правоў чалавека і свабод грамадзянаў Расеі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG