Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Такім чынам, канстатуюць дылеры, кошт новых аўтамабіляў падскочыць прыблізна на 20%, што паставіць многія кампаніі на мяжу выжываньня. Экспэрты аўтамабільнай галіны не выключаюць, што сьледам вырастуць кошты і на ўжываныя аўтамабілі.

Ад наступнага году падатак на даданую вартасьць будзе разьлічвацца з поўнага кошту ўвезенага аўто, а не з розьніцы паміж коштам рэалізацыі і коштам куплі, што істотна падвысіць цану на новыя машыны. Брэнд-мэнэджэр холдынгу «Атлант-М» Ільля Прохараў кажа, што ў такім раскладзе не зацікаўленыя ні пакупнікі, ні гандляры. Але сяброўства ў Мытным саюзе вымушае ахвяраваць інтарэсамі беларусаў:

«Разумееце, ня мы ж такія дакумэнты выпускаем, выдаюць іх Міністэрства фінансаў і Міністэрства па падатках і зборах. Ёсьць інфармацыя, што падрыхтаваны праект і ад 1 студзеня яны гатовыя ўнесьці зьмены ў 546-ы ўказ. Але ж ад нас гэта не залежыць. Навіна ў любым выпадку непрыемная, бо, мяркуючы па ўсім, будзе падвышэньне коштаў з-за новага парадку налічэньня ПДВ. Паколькі памер гэтага падатку ў нашай краіне складае 20%, то гэта аўтаматычнае павелічэньне на такую ж лічбу».

Карэспандэнт: «Можна казаць, што беларускае заканадаўства папросту падганяецца пад расейскае, дзе такая норма ўжо дзейнічае?»

«Відавочна, так. Хутчэй за ўсё, так і ёсьць. Бо ў Расеі ніякіх зьменаў не адбываецца, у іх такі парадак існуе ўжо даўно».

Беларускіх дылераў замежных аўтавытворцаў ліхаманіць даўно. Калі стаўка мытнай пошліны для фізычных асобаў уніфікаваная з расейскай 1 ліпеня, то аўтасалёны па такіх правілах працуюць ужо паўтара года. Як вынік, продажы зьнізіліся ў дзясяткі разоў. Увесну 2011-га дадалася новая бяда — немагчымасьць набыць валюту на біржы, у выніку чаго сарваныя сотні кантрактаў на пастаўку машынаў з-за мяжы. Як паведамілі ў адной зь менскіх кампаніяў-аўтагандляроў, чарговая навала ў выглядзе пераліку ПДВ па новай формуле ставіць многія фірмы на мяжу банкруцтва:

«Я ня ведаю, можа, нейкія цуды ў рукаве ў нашага ўраду яшчэ прыхаваныя, але ў іншым выпадку нічога добрага гэта не прынясе. Каму ў крызіс патрэбныя новыя падаражаньні? Камэнтаваць можна толькі нешта акрэсьленае, а тут невядома, зь якой мэтай усё робіцца. Пахаваць нас усіх? Адным словам, усё як заўсёды і як звычайна — незразумела, у чыіх інтарэсах. Але яўна, што не ў інтарэсах ні пакупнікоў, ні бізнэсоўцаў».

Такім чынам, новая іншамарка коштам 20-25 тысяч даляраў ад 1 студзеня падаражэе ў сярэднім на 5 тысяч даляраў — да ўступленьня ў Мытны саюз на гэтую «розьніцу» можна было набыць папулярны «Пасат» ці «Гольф» прыстойнага году выпуску. Экспэрт аўтамабільнага рынку Аляксей Бабайцаў лічыць, што ўніфікацыя заканадаўчых актаў пад Расею мае выключна палітычны падтэкст і выгодная толькі гэтай краіне. У прыватнасьці, коштам іншых ўдзельнікаў Мытнага саюзу Масква намагаецца выканаць праграму разьвіцьця ўласнай аўтамабільнай галіны:

«Калі глядзець з пункту гледжаньня Мытнага саюзу, то зразумелы інтарэс найперш тых удзельнікаў саюзу, якія маюць свой буйны аўтапрам. І гэта, перш за ўсё, Расея. Інтарэсы Расеі абазначаныя галіновай стратэгіяй разьвіцьця сваёй аўтамабільнай прамысловасьці да 2020 году, дзе прапісаныя, у тым ліку, мэтавыя парамэтры. То бок, яны хочуць 80% усяго рынку вырабляць у сябе, дабіўшыся лякалізацыі вытворчасьці. Таксама там абазначаныя парамэтры экспарту, паставак на зьнешнія рынкі сваёй прадукцыі. Дасягаць гэтай стратэгіі можна рознымі спосабамі. Можна за кошт канкурэнтаздольнасьці, але можна і такога кшталту рашэньнямі, якія прымаюцца ў рамках Мытнага саюзу. Таму інтарэс Расеі тут відавочны і ўсім зразумелы».

Аналітыкі сыходзяцца на думцы, што, ня маючы ўласнай вытворчасьці легкавых аўтамабіляў, кіраўніцтву краіны трэба больш рашуча адстойваць свае інтарэсы ў гэтай галіне. Разам з тым, як кажа фінансавы кансультант Сяргей Чалы, ня варта разьлічваць, што ў Беларусь пацягнуцца ахвотныя зьбіраць усясьветна вядомыя брэнды, хоць такім чынам зрабіўшы машыны для беларусаў даступнымі:

Сяргей Чалы

Сяргей Чалы

«Па зацікаўленьні бакоў насамрэч усё зразумела. Але нашы спадзевы на тое, што буйныя аўтавытворцы будуць тут ствараць вытворчасьці з разьлікам на агульны рынак Мытнага саюзу даволі прывідныя, і нават не з-за сытуацыі нашага крызісу. Як паказвае практыка саюзаў краінаў з рознай ёмістасьцю, на парадак непараўнальных велічынь унутранага рынку ў рамках нейкай агульнай эканамічнай прасторы, то інвэстары ўсё роўна выбіраюць краіну з найбольш ёмістым рынкам. У дадзеным выпадку мы ўсё адно будзем апошняй дзяржавай з гледзішча выбару аўтавытворцаў, якія сюды маглі б прыйсьці. Таму спадзяваньне на тое, што пытаньне нейкім чынам можа быць вырашанае за кошт прыходу сюды інвэстараў, крайне мала верагоднае. Я калісьці курыраваў праект з „Фордам“ у Абчаку. Дык вось, разьлік быў менавіта на тое, што гэтыя аўтамабілі змогуць прадавацца ў Расеі. Але Расея зрабіла ўсё дзеля таго, каб гэтага не здарылася і праект быў згорнуты».

Рынак патрыманых аўтамабіляў пакуль не адрэагаваў на пэрспэктыву падаражаньня новых аўто. Гандляры наракаюць на няплатаздольнасьць беларускіх пакупнікоў, а ажыятажны попыт з боку расейскіх і казахстанскіх аўтааматараў заўважна зьнізіўся. Аднак гарантыяў таго, што з пачаткам году тэндэнцыі ня зьменяцца, не дае ніхто.
XS
SM
MD
LG