Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пі, гуляй, старшыня, за кошт калгасьнікаў: ніхто табе ня ўказ...»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі «Паштовая скрынка 111». Эфір 14 сьнежня 2011 году

Адной з галоўных тэмаў, якія ў гэтыя дні абмяркоўваюць многія ў Беларусі, застаецца вынесены паўтара тыдня таму сьмяротны прысуд абвінавачаным ў красавіцкім выбуху ў менскім мэтро Канавалаву і Кавалёву. Шмат водгукаў выклікаў гучны судовы працэс і сярод слухачоў «Свабоды».

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго такога ліста, які даслаў наш даўні сябар Кастусь Сырэль з Ушачаў. Ён піша:

"Я — адзін з тых сарака сямі тысячаў, якія падпісалі пэтыцыю аб прыпыненьні сьмяротнага пакараньня. Супраць яго я галасаваў і на сумнавядомым рэфэрэндуме.

Мне ўсё ж здаецца, што пакаранымі будуць ня тыя людзі, якія зьдзейсьнілі гэтае злачынства. Я не знаёмы падрабязна з матэрыяламі справы, але маю ўвагу прыцягваюць некаторыя дзіўныя ўскосныя акалічнасьці, якія вымушаюць сумнявацца ў справядлівасьці выраку.

Не пасьпела яшчэ сьціхнуць рэха ад выбуху ў мэтро, а прэзыдэнт ужо імчаў на месца здарэньня з букетам, цягнучы за руку сына Міколку. Зьдзіўляе таксама незвычайна вокаімгненная хуткасьць раскрыцьця такога складанага злачынства. Нават ня столькі сама хуткасьць, колькі тая ўпэўненасьць, зь якою пра гэта заявіў прэзыдэнт. Яшчэ толькі-толькі пачалося сьледзтва, а ён ужо ледзь не раздаў узнагароды. А раптам адкрыліся б новыя абставіны па справе? А раптам мела месца памылка сьледчых?

"Без сумневу, красавіцкі выбух у мэтро — самае гучнае злачынства ў найноўшай гісторыі Беларусі. Лічыцца, што працэс быў адкрыты. Тады чаму такі перакос у асьвятленьні працэсу ў СМІ? — піша ў сваім лісьце на Свабоду Кастусь Сырэль.— Маю на ўвазе тое, што асабіста мяне ніколькі не задавальняе тая ўжываная жуйка, якую спрабуюць укласьці беларускія СМІ ў мае мазгі. Мне патрэбная першакрыніца, таму што я сам здольны разабрацца ў судовым працэсе без назойлівых камэнтароў заангажаваных уладай бэтэшных журналістаў. Чаму нельга было трансьляваць калі ня цалкам ход працэсу, то хаця б прамовы дзяржаўнага абвінаваўцы, адвакатаў? Што хацела схаваць улада ад народа?

Што прымушае так тэрмінова зьнішчаць доказы па справе?

Навошта прэзыдэнт аказваў ціск на суд, кажучы, што пакараньне павінна быць самым строгім? Як кіраўнік краіны, ён павінен быў сказаць толькі тое, што вырак мусіць быць справядлівым, і нічога больш.

У мяне безьліч і іншых пытаньняў, на якія няма адказу. І таму ўзьнікае абгрунтаваны сумнеў у справядлівасьці выраку. Няўжо ў суда ня ўзьнікла ніякіх сумненьняў, кожнае зь якіх павінна тлумачыцца на карысьць абвінавачаных?

І апошняе. Ніхто ж з падпісантаў пэтыцый не заклікае катэгарычна вызваліць Канавалава і Кавалёва, а толькі прыпыніць выкананьне выраку, ці, напрыклад, замяніць на пажыцьцёвае зьняволеньне. Дайце хлопцам шанец.

Калі ж зварот дзесяткаў тысячаў людзей ня будзе пачуты і вырак будзе неадкладна выкананы, для мяне гэта будзе азначаць толькі адно: хлопцы невінаватыя«
.

Гэтак жа, як Вы, спадар Кастусь, лічаць сотні тысячаў іншых грамадзянаў Беларусі. Ня тое каб яны абаранялі Канавалава і Кавалёва альбо мелі нейкія важкія доказы іхняй невінаватасьці. Зусім не! Проста людзі ня вераць гэтай уладзе, гэтаму сьледзтву, гэтаму суду, якія за апошнія гады шмат разоў выразна паказвалі, наколькі яны аб’ектыўныя, самастойныя і незаангажаваныя.

Улада зь некаторым зьдзіўленьнем успрыняла такую рэакцыю грамадзтва на справу, якую лічыла даўно вырашанай і выйгрышнай для сябе. У афіцыйных СМІ пачалася маштабная кампанія, накіраваная на распальваньне жорсткасьці да асуджаных, але жаданы эфэкт яна наўрад ці прынесла. Ну, ня хочуць беларускія людзі жорсткай помсты і крыві — нават у адносінах да злачынцаў. Тым больш, што на многія супярэчнасьці і нестыкоўкі ў судзе так і не прагучала пераканаўчых адказаў.

І наўрад ці Лукашэнка наважыцца праігнараваць гэтыя грамадзкія настроі. Прынамсі, аднаму з асуджаных — Кавалёву, сьмяротны прысуд, хутчэй за ўсё, будзе заменены пажыцьцёвым зьняволеньнем.


Наступны ліст прыйшоў да нас з Лунінецкага раёну. Дакладны адрас і прозьвішча аўтара ўказаны, але з пэўных прычынаў мы іх не называем. Слухач сам працуе ў гэтым калгасе, добра абазнаны ва ўсіх мясцовых праблемах і вырашыў распавесьці пра адну зь іх, якая асабліва абурае людзей. У сваім лісьце на «Радыё Свабода» ён піша:

"У нашым калгасе (цяпер гэта, праўда, ужо не калгас, а СВК, але сутнасьць ад таго не мяняецца) ёсьць адзін аддалены ўчастак сельгасугодзьдзяў. Там жа працуе сталоўка, у якой падчас сэзонных працаў кормяць работнікаў каапэратыву. Абеды там гатуюць пастаянна, а вячэры — зрэдку. Выдаткі непасрэдна на гэтыя мэты невялікія. Але па афіцыйных справаздачах праходзяць зусім іншыя, значна большыя сумы. Справа ў тым, што старшыня СВК падчас разнастайных дажынак, банкетаў ды іншых п’янак усе выдаткі сьпісвае на гэту сталоўку. Людзі кажуць, што ён і для ўласных патрэбаў прадукты адтуль бярэ. А сьпісваецца ўсё на мэханізатараў — нібыта гэта яны ўсё зьелі ды выпілі.

Мэханізатары напісалі скаргу ў Берасьцейскі абласны дзяржкантроль і запатрабавалі, каб усё, што лічыцца за імі, ім жа і аплацілі. Але абласныя кантралёры, наколькі мне вядома, не праверылі як належыць факты крадзяжу харчоў, а ўчынілі ціск на тых, хто пісаў скаргу. І тыя адмовіліся ад сваёй скаргі, пабаяліся. Хаця ў лісьце яны і прасілі, каб камітэт не разгалошваў іхных прозьвішчаў.

Вось такія парадкі. Атрымліваецца: пі, гуляй, старшыня, за чужы кошт, ніхто табе ня ўказ. А вы, мэханізатары, маўчыце ды аплочвайце чужыя пагулянкі са сваёй кішэні«
.

На жаль, шаноўны слухач, мы ня маем магчымасьці праверыць усе выкладзеныя ў лісьце факты, таму ні прозьвішчы, ні адрас не называем. Але сытуацыя гэта, як мне падаецца, тыповая для беларускіх калгасаў і можа быць цікавай для многіх нашых вясковых слухачоў. Вядома ж, калгасныя старшыні паўсюль наладжваюць разнастайныя застольлі для начальства — ці з уласнай ініцыятывы, ці па просьбе раённых кіраўнікоў, ці пад прыкрыцьцём рознага кшталту сьвятаў і ўрачыстасьцяў. Натуральна, што аплочваюцца банкеты не з уласных кішэняў, а зь бюджэту СВК. Гэта значыць, выдаткі кладуцца на ўсіх вясковых працаўнікоў. Калі самі сябры кааператыву, зацьвярджаючы бюджэт, далі на тое згоду, — тады праблемаў няма. Калі ж гэта робіцца цішком ад людзей, таемна — то сытуацыяй павінен займацца менавіта дзяржкантроль. Зусім магчыма, шаноўны слухач, што кантралёры павялі сябе менавіта так, як Вы апісалі ў сваім лісьце. Але што ў такім разе можна параіць Вам і вашым сябрам-мэханізатарам? Альбо адольвайце свой страх, не адмаўляйцеся ад уласных словаў і адстойвайце праўду; альбо — давядзецца і надалей аплочваць начальніцкія пагулянкі з уласных заробкаў.

Да лістападаўскіх Дзядоў і традыцыйнага шэсьця ў Курапаты вяртаецца ў сваім лісьце на «Свабоду» Мікалай Хільтоў зь Менску, які сам удзельнічаў у гэтай акцыі і вырашыў падзяліцца зь іншымі слухачамі некаторымі сваімі назіраньнямі ды ўражаньнямі. Ён піша:

«Хачу паведаміць пра адзін непрыемны эпізод, які я назіраў, калі пераходзіў праз тунэль у Курапаты. Людзі ішлі ў гэту мясьціну ўсенароднай жалобы з узьнёслым настроем, каб аддаць даніну памяці сваім продкам. А ў гэты час на ўваходзе ў тунэль бегалі з муляжамі пісталетаў нейкія дзьве дзеўкі — рагаталі, забаўляліся, пазіравалі перад фотакамэрай. Выглядалі як вар’яткі.

Я, прызнацца, падумаў, што яны рыхтуюць нейкую правакацыю. Можа, нехта са слухачоў «Свабоды» ведае пра гэта здарэньне?

Абурыла таксама тое, што падчас фармаваньня калёны, якая накіроўвалася ў Курапаты, і ў часе самога шэсьця шматлікія супрацоўнікі спэцслужбаў паводзілі сябе надзвычай бесцырымонна і нахабна. Увесь час адкрыта фатаграфавалі людзей — і ўдзельнікаў, і тых, хто проста назіраў збоку. Шнарылі між удзельнікаў, расьпіхваючы ўсіх локцямі. Гэта выклікала агіду. Цікава, што яны расказваюць уласным дзецям пра гэту сваю, так бы мовіць, «працу»? І іх вельмі шмат — дзесяткі, сотні. Такога не было нават за савецкім часам. Сорамна за ўладу. Лепш бы гэтых маладых, здаровых, дужых дзецюкоў накіравалі ў калгас на сьвінакомплексы — гной прыбіраць. Была б хоць карысьць для дзяржавы«
.

Гэтыя дзецюкі, паступаючы на службу, клянуцца выконваць любы загад улады. Так што, калі загадаюць — паедуць, відаць, і на сьвінакомплекс. Толькі, дзе знайсьці ў Беларусі той калгас, які б здолеў плаціць кожнаму зь іх па 10 мільёнаў рублёў заробку? А на меншае яны, баюся, не пагодзяцца. За доўгія гады прывыклі да шчодрай аплаты за свае гераічныя высілкі ў справе няспыннага выяўленьня, фатаграфаваньня, фільмаваньня і разгону ўсіх, хто ня любіць Лукашэнку. Дзіўна, але многія зь іх шчыра ўпэўненыя, што ў гэтым і заключаецца дзейнасьць дзеля нацыянальнай бясьпекі беларускай дзяржавы. Нічым іншым яны за многія гады проста не займаліся.

І на заканчэньне кароткі ліст ад Васіля Здановіча з Горадні. Ён падрабязна паведамляе пра тое, як зьмянілася зь пераходам на зімовыя хвалі якасьць гучаньня нашых перадач у той мясцовасьці, дзе ён жыве. А таксама піша:

«Вялікі дзякуй за вашу працу, якая многім у Беларусі вельмі патрэбна. Жадаю «Радыё Свабода» як найдаўжэй заставацца ў эфіры на кароткіх хвалях. Гэта вельмі зручна, асабліва ў сельскай мясцовасьці і для людзей старэйшага ўзросту. Асабіста я слухаю беларускую «Свабоду» з ’83-га года. Не забывайце пра нас — мы яшчэ жывыя«.

Так, спадар Васіль, мы памятаем пра тых, хто за доўгія гады прывык слухаць нас у эфіры, праз свае старэнькія савецкія «Акіяны», «ВЭФы» і «Верасы». Часта, адказваючы на пытаньні і просьбы пра кароткахвалевыя прымачы, якія ўсё цяжэй набыць, я заклікаю людзей сталага веку сьмялей авалодваць кампутарам і інтэрнэтам, зьвяртацца па дапамогу да ўнукаў, каб дапамаглі заходзіць на наш сайт і слухаць праграмы праз інтэрнэт і спадарожнікавыя антэны. Але адначасова я ведаю многіх людзей, якія ніколі не адмовяцца ад сваёй шматгадовай звычкі слухаць «Свабоду», працуючы ў агародзе ці садзе, бавячы час у лесе і ля возера, калі прымач вісіць прымацаваным да галіны дрэва ці ў падстрэшшы.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на «Свабоду». З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск −5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG