Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Ярашук пераабраны старшынём БКДП

абноўлена

У Менску адбыўся 8 зьезд Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.

Ён супаў па часе з 20-годзьдзем рэгістрацыі першага ў краіне вольнага прафаб’яднаньня — Незалежнага прафсаюзу гарнякоў Беларусі.

20:30 Ярашук: «Прафсаюзам нельга ўдзельнічаць у сумнеўных палітычных кампаніях»

16:23 Старшынём БКДП пераабраны Аляксандар Ярашук, за яго прагаласавала 61 дэлегат з 98, за ягонага канкурэнта Генадзя Фядыніча прагаласавала 37 дэлегатаў. Перад галасаваньнем Ярашук заявіў зьезду, што ён усё зробіць для таго, каб арганізацыя выканала свае праграмныя задачы, і што ніхто яе не папракне ў палітызацыі. Падчас зьезду Ярашука крытыкавалі, што ён больш займаецца кабінэтнай працай, адмаўляецца арганізоўваць пратэсты працоўных. У прыватнасьці, дэлегатка ад РЭП зь Берасьця Зінаіда Міхнюк выказала расчараваньне ў пазыцыі старшыні БДКП Ярашука за тое, што ён не падтрымаў масавыя акцыі прафсаюзу РЭП, у тым ліку, народныя сходы. Маладыя дэлегаты наўпрост заклікалі БДКП «да барацьбы». Генадзь Фядыніч, старшыня прафсаюза РЭП, адзін з арганізатараў народных сходаў, зазначыў, што ён мае шмат ідэяў для ўздыму дзейнасьці кангрэсу.

Ярашук пасьля абраньня зазначыў, што зробіць усё патрэбнае для кансалідацыі арганізацыі, каб яна была здольнай адказаць на новыя выклікі часу.

Таемнае галасаваньне. Урну праверылі і панесьлі па шэрагах. Галасуе Аляксандар Ярашук
Таемнае галасаваньне. Урну праверылі і панесьлі па шэрагах. Галасуе Аляксандар Ярашук



15.21 На пасаду старшыні арганізацыі вылучана 2 кандыдаты:

  • дзейны старшыня Аляксандар Ярашук
  • кіраўнік прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч

У справаздачным выступе на зьезьдзе лідэр кангрэса Аляксандар Ярашук заявіў, што прафсаюзы патрабуюць ад уладаў прыняцьця новай сацыяльна-эканамічнай плятформы разьвіцьця краіны — лібэралізацыі і эканамічных пераўтварэньняў, скасаваньня кантрактнай сыстэмы, якую ён назваў «сучасным прыгонным правам». Ад кантрактнай сыстэмы церпяць і многія актывісты незалежных прафсаюзаў, якіх адміністрацыі прадпрыемстваў звальняюць з працы. Спадар Ярашук заявіў пра рэпрэсіі супраць прафсаюзных дзеячаў, уціск сяброў, жорсткія ўмовы існаваньня незалежных прафсаюзаў у Беларусі.

«У сучаснай Беларусі эксплуатуецца і прыгнятаецца, пазбаўляецца правоў і свабодаў цэнтральнае зьвяно грамадзтва — чалавек. Краіна завязла на стадыі аўтарытарызму, закрылася ад новых ідэй і інавацыяў. У палітычнай сыстэме Беларусі дзяржаўная ўлада душыць усе астатнія інстытуты і рэгулюе адносіны ў грамадзтве мэтадамі прымусу», — гаворыцца ў распаўсюджанай на зьезьдзе Сацыяльна-эканамічнай плятформе БДКП.

Цяперашні эканамічны крызіс незалежныя прафсаюзы тлумачаць вынікам банкруцтва эканамічнага курсу, што праводзіцца ўладай, камандна-адміністратыўнай сыстэмы кіраваньня.

"Беларусь, насуперак Канстытуцыі, так і ня стала дэмакратычнай, сацыяльнай і прававой дзяржавай. Пад пагрозу пастаўленае існаваньне краіны як незалежнай сувэрэннай дзяржавы",— гаворыцца ў плятформе БДКП, якая заклікае вярнуцца да дэмакратычных прынцыпаў кіраваньня краінай, рыначнай эканомікі, адкрытай прыватызацыі, скарачэньня да 30 працэнтаў долі дзяржаўнай уласнасьці.

У БКДП уваходзяць Беларускі незалежны прафсаюз, Свабодны прафсаюз беларускі, Свабодны прафсаюз мэталістаў, Прафсаюз працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасьці, агульная колькасьць удзельнікаў арганізацыі складае 10 тысяч сяброў.



Аляксандар Ярашук
Аляксандар Ярашук

Генадзь Фядыніч
Генадзь Фядыніч




Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG