Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ня стане „чарніла“? Зноў будуць піць мэтылавы сьпірт»


Менгарвыканкам разглядае магчымасьць абмежаваць продаж насельніцтву таннага пладова-ягаднага віна.

Такі экспэрымэнт сёлета распачалі мясцовыя ўлады ў шэрагу іншых рэгіёнаў.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, у краіне цягам году вырабляецца больш за 9 бутэлек так званага «чарніла» на кожнага жыхара, у тым ліку, жанчын, старых і немаўлят. Чаму за апошнія гады так вырасла вытворчасьць таннага алькаголю, да якіх наступстваў гэта прыводзіць і як ставяцца да магчымых абмежаваньняў людзі?

Гомельшчына


Пэўная частка гамельчукоў нэгатыўна ставіцца да намеру ўладаў забараніць выпуск пладова-ягадных вінаў:

«Я лічу, што трэба прадаваць любыя віны, якія каму падабаюцца — па грашах, па смаку, па цукры. Можна было б зрабіць, як было пры Юрыі Андропаве: норму там на месяц. Вось табе бутэлька ці дзьве, каб людзі не сьпіваліся. Падаражаньне — яно ні да чаго добрага не вядзе».

Мужчына сярэдніх гадоў, які назваўся Міхасём, лічыць, што нізкапробныя віны трэба, канечне ж, забараніць:

«Гэтыя сурагатныя віны наагул трэба забараніць. Яны гробяць здароўе: у людзей адказваюць ныркі і усё такое. Гэта ж дрэнь, і хто яе п’е? +Нармальны чалавек піць ня будзе, а толькі тыя, хто ня мае дастатку. Яны й п’юць гэту „барматуху“ — ад безвыходнасьці. Калечаць нашу нацыю!»
Навошта забараняць віно з натуральнай сыравіны?

Прадавачка фірмовай крамы «Колас», якая належыць мясцоваму вінзаводу, не пагаджаецца зь меркаваньнем, што ўсё танныя віны — гэта кепска. Калі іх забараніць, людзі зь сярэднімі й нізкімі даходамі зноў пачнуць піць усялякую дрэнь:

«Вы хочаце, каб людзі, як раней, пілі мэтылавы неразьведзены сьпірт? Будуць піць! Не ва ўсіх хопіць 25 тысячаў купіць вінаграднае віно. Наша прадпрыемства выпускае віны на аснове яблычнага соку — натуральнай сыравіны. Чым яны горшыя за вінаградныя, куды дадаецца і сера, і яшчэ невядома што? Нашае віно „Вячэрняе“ — пладовае, але мае ўзнагароды міжнародных выставаў. Чым яно горшае за вінаграднае? Проста трэба глядзець, якія гэта віны. Выпускаюць жа і з араматызатарамі, і з фарбавальнікамі — гэта сапраўды не віно. Гэта невядома што! А натуральныя віны, дзе выкарыстоўваецца натуральная сыравіна, — навошта іх забараняць?»

Віцебшчына


У тых рэгіёнах, дзе ёсьць прадпрыемствы па вытворчасьці таннага віна, увесьці забарону на яго продаж нерэальна, лічыць актывіст кампаніі «Наш дом» Мікалай Петрушэнка. Найбліжэйшы ягоны прыклад — «Талачынскі кансэрвавы завод», дзе робяць віны, якія дэгуставаў ды хваліў асабіста Аляксандар Лукашэнка.

Спадар Петрушэнка: «Узначальвае гэтае прадпрыемства сэнатар Анюхоўскі. І наш Талачынскі раён выпівае за дзень ад пяці да сямі тон гэтага „чарніла“. Падаткі ідуць у мясцовы бюджэт, так што гэта — „сьвяшчэнная карова“! Лукашэнка сам казаў, што гэта добрае віно, дэгуставаў яго, скрыню з сабой некалі ўзяў у Крым, то вось яна і рэкляма!»

Мясцовыя ўлады ідуць хіба на нейкія абмежавальныя захады супраць масавага п’янства ў раёне, працягвае актывіст:

«Учора якраз быў у выканкаме, размаўлялі і пра гэтую праблему. Улады прынялі рашэньне наконт рэгуляваньня гэтага пытаньня: райвыканкам забараніў продаж піва і слабаалькагольных напояў у крамах, дзе плошча меншая за 20 квадратных мэтраў. Але гарэлку і віно там прадаваць дазволена!»

Ужо стандартны сродак барацьбы з п’янствам у рэгіёнах — гэта абвяшчэньне «Днёў цьвярозасьці». Акурат 13 сьнежня ён праходзіць у райцэнтры Лёзна — цэлыя суткі тут не прадаюць аніякія сьпіртавыя напоі. 9 чысла гэтаксама было ў Паставах, трохі даўней у Глыбокім — гэта раёны, дзе ў кожнай краме у вялікай колькасьці прадаюцца вырабы Падсьвільскага вінзаводу, згадвае глыбачанін Зьміцер Лупач:

Рэкляма віна з Падсьвільля: «Mars і Snickers разам узяты, не заменяць «Водар мяты»!

«Цэлая паліца і пачэсная шыльда «Падсьвільскія віны», а там бутэлькі з плястмасавымі коркамі... Было «чарнілка» такое: «Водар мяты». І якраз калі на БТ круцілі рэкляму «марсаў» і «сьнікерсаў», тут, у Глыбокім, прыдумалі рэклямны слоган: «Марс» і «Сьнікерс» разам узяты, не заменяць «Водар мяты!»

Мясцовыя дасьціпнікі зь лёгкасьцю абыходзяць тыя сымбалічныя забароны, якія на дзяржаўным узроўні прапагандуюцца як барацьба з алькагалізмам, апавядае спадар Лупач:

«У Паставах у сельскіх крамах забаронена прадаваць алькагольныя напоі ў дзень заробку і назаўтра. Але ж побач Глыбоцкі, Докшыцкі, Мядзельскі раёны, туды едуць... І вось сядзяць, бачыў, на аўтастанцыі два такія аматары чарніла, і так ганарацца: «Вось нам тут не давалі, а мы ўсё роўна знайшлі!»


Гарадзеншчына


На Гарадзеншчыне ўжо некалькі месяцаў улады праводзяць экспэрымэнт па забароне продажу таннага віна. Праўда, у некаторых раёнах «чарніла» не прадаюць наагул, а ў асобных абмежаваны час і дні продажу.

Забарона продажу таннага алькаголю ў некаторых раёнах Гарадзеншчыны ня зьменшыла колькасьці алькаголікаў — так лічаць людзі ў рэгіёнах.

Да прыкладу, у Смаргоні таннае віно забаронена прадаваць наагул. Мясцовы спадар кажа, што каля крамаў стала менш відаць ахвотных, якія шукаюць выпіць і большасьць людзей гэта цешыць, але колькасьць алькаголікаў ня зьменшылася.
Ну вось я аднаго знаёмага ведаю, які злоўжывае, — ён перайшоў на гарэлку і гэта стала больш накладным для яго сям’і.

Спадар: «Ну вось я аднаго знаёмага ведаю, які злоўжывае, — ён перайшоў на гарэлку і гэта стала больш накладным для яго сям’і, бо яны ж ня могуць бяз гэтага. Ушчэнт людзі прапіваюць у дзень па сто тысячаў рублёў, а потым пакутуюць У іх жа існуе салідарнасьць: сёньня ёсьць у цябе, то ты наліваеш, а заўтра я...».

У Бераставіцкім раёне таксама спынілі продаж танных вінаў. Мясцовы спадар кажа, што людзей, якія п’юць, у іх вёсцы застаецца шмат і таму мала толькі не прадаваць віно, трэба іх лячыць.

Спадар: «У нас іх многа, гэтых алькаголікаў, і яны паміраюць. Вось учора дваіх хавалі з суседніх вёсак. І жанчыны так паадыходзілі, і яшчэ шмат іх ёсьць, і хлёбаюць што заўгодна».

Прадавачка ў азёрскай краме Гарадзенскага раёна, спадарыня Алена, кажа, што апошнім часам танныя віны падаражэлі на 20% і паўлітроўка зараз каштуе больш за 9 тысяч, але прынцыпова гэта нічога не зьмяніла.

Спадарыня: «Незалежна якое віно і колькі каштуе — як пілі, так і п’юць. Мы таксама думалі, што падаражэе, то меней будуць купляць, а насамрэч — хто купляў, той і купляе».

У ідэалягічным аддзеле Ашмянскага райвыканкама, дзе пачаўся экспэрымэнт, «Свабодзе» патлумачылі, што вынікі атрыманы станоўчыя і таму пачын вырашылі працягнуць да 1 студзеня. Кажа спадарыня Алена:

«Скараціліся выпадкі злачыннасьці, колькасьць зваротаў у міліцыю на п’яных, менш п’яных трапляюць у шпіталь, зьменшылася колькасьць пажараў...».
XS
SM
MD
LG