Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня праўладнага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец выступіў з ініцыятывай арганізаваць у працоўных калектывах, на прадпрыемствах, вайсковых частках курсы беларускай мовы. Дзеля гэтага ён прапануе нават працоўны дзень скараціць для ахвотных вывучаць беларускую мову. Сваю ідэю спадар Чаргінец выклаў на расейскай мове ў расейскамоўнай газэце «Советская Белоруссия».

Пра пагаршэньне становішча беларускай мовы апошнім часам казалі на зьездах абодвух Саюзаў пісьменьнікаў — і праўладнага, і незалежнага. Вось толькі прычыны называлі розныя. Незалежныя літаратары акцэнтавалі ўвагу на хібах у адукацыі ды неналежным стаўленьні да беларускай мовы з боку вышэйшага чынавенства. Старшыня афіцыйнага СПБ Мікалай Чаргінец прычыны бачыць у наступным:

"Нашкодзілі Шушкевіч і Пазьняк. У 1990-я гады яны вылучылі лёзунг: «Хто не размаўляе па-беларуску — «чамадан — вакзал — Масква». Гэта адштурхнула вельмі шмат людзей ад вывучэньня беларускай мовы. Яшчэ адзін складнік — правакацыйныя дзеяньні некаторай часткі апазыцыйных ультранацыяналістаў. Паспрабавалі зрабіць з мовы нейкі палітычны дэвіз. «Мы змагаемся за беларускую мову, а кіраўніцтва не змагаецца».

Спадар Чаргінец на пісьменьніцкім зьезьдзе нават палову справаздачнага дакладу прачытаў па-беларуску. Цяпер жа прапануе арганізаваць, так бы мовіць, беларускамоўныя курсы для дарослых:

«Ну вось нарадзілася ідэя: чаму б нам не прапанаваць зрабіць курсы, але неабавязковыя курсы: хто жадае — няхай вывучае беларускую мову. Хто хоча — у арганізацыях, на прадпрыемствах, у вайсковых частках таксама ствараць курсы. Але ні ў якім разе ня гнаць народ туды».

Алег Трусаў

Алег Трусаў

Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў кажа, што ідэя Чаргінца ня новая:

«Першыя гэта мы сказалі на сваім зьезьдзе, і мы рыхтуем Закон аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы. Даслалі ліст кіраўніку прэзыдэнцкай адміністрацыі Макею. І Чаргінец паўтарае тое, што мы пішам у будучым законе. Ён проста мусіць рэагаваць. Бо і на яго зьезьдзе — Саюзу пісьменьнікаў Беларусі — беларускамоўныя пісьменьнікі гэта пытаньне ўздымалі. Калі ён прапануе арганізаваць курсы — то мы толькі жадаем яму гэта ажыцьцявіць. Каб менавіта сябры ягонага Саюзу хадзілі на прадпрыемствы і ўзначалілі гэтыя курсы. А калі да нас зьвернуцца — то і мы людзей прышлём, мы толькі за».

Міністар адукацыі Сяргей Маскевіч у Палаце прадстаўнікоў нядаўна выказаў сваё меркаваньне, што кожны жыхар краіны павінен валодаць абедзьвюма дзяржаўнымі мовамі. На пытаньне, ці магчыма абавязаць хаця б дзяржаўных служачых, чыноўнікаў ведаць беларускую мову, Мікалай Чаргінец адказаў так:

«Нам, калі мы ня хочам адштурхнуць людзей ад жаданьня вывучаць беларускую мову, гэтага нельга ўводзіць. Як толькі мы паставім нейкія ўмовы, ультыматумы — гэта таксама адрыне вельмі шмат людзей, якія сапраўды паціху займаюцца вывучэньнем беларускай мовы».

Старшыня ТБМ Алег Трусаў перакананы, што кожны павінен дбаць пра мову, і паступова сытуацыя будзе выпраўляцца:

«Паглядзіце, як у мэтро было: зьнялі толькі адну аб’яву па-беларуску, „Камсамолка“ надрукавала, мы арганізавалі 50 лістоў падтрымкі — і аб’яву вярнулі. Мы беларусізавалі электрычку: чалавек едзе, а яму ўвесь час па-беларуску прыпынкі абвяшчаюць. Ён, праехаўшы да Стоўбцаў, становіцца ўжо беларускім патрыётам, бо гэта мова яму паступова ўбіваецца».

10 сьнежня на зьезьдзе Саюзу беларускіх пісьменьнікаў прагучалі такія лічбы: 82% жыхароў краіны чытаюць літаратуру на расейскай мове, і толькі 13,8% — па-беларуску. Гэта дадзеныя сацыялягічнага апытаньня, паведаміў пісьменьнік Алесь Пашкевіч.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG