Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхаіл Прохараў: супернік ці спарынг-партнэр для Пуціна?


Міхаіл Прохараў
Міхаіл Прохараў

Рашэньне расейскага мільярдэра Міхаіла Прохарава прыняць удзел у прэзыдэнцкай гонцы ў Расеі выклікала шквал камэнтараў у заходняй прэсе.

Шмат хто выказвае здагадкі, што Прохараў не зьяўляецца сур’ёзным супернікам Пуціну, а ўсяго толькі хітрым ходам Крамля, каб забраць галасы ў іншых, больш сур’ёзных контаркандыдатаў Пуціна.

«Я прыняў рашэньне, гэта напэўна самае сур’ёзнае рашэньне ў маім жыцьці. Я іду на прэзыдэнцкія выбары. Як вы памятаеце, Крэмль зьнёс мяне і маіх паплечнікаў з «Правого дела», і нам не ўдалося зрабіць тое, што мы хацелі. Не ў маёй звычцы спыняцца на паўдарозе» – заявіў журналістам Міхаіл Прохараў 12 сьнежня.

Брытанская Times лічыць заяву Прохарава аб балятаваньні ў прэзыдэнты паваротам у стылі «мыльнай опэры». Газэта цытуе выказваньне палітоляга Сяргея Маркава, паводле якога Прохараў ня мае шанцаў у гонцы, паколькі ў Расеі ненавідзяць алігархаў, а да таго існуе «гатовае дасье меркаваных скандалаў, якое дзяржаўныя СМІ могуць атрымаць для дыскрэдытацыі гэтага кандыдата».

Іншае брытанскае выданьне, Guardian, падводзіць чытача да думкі, што калі б Прохараў быў сур’ёзнай палітычнай пагрозай Пуціну, ён даўно паўтарыў бы лёс Міхаіла Хадаркоўскага. «Для Пуціна кандыдатура Прохарава ня стане непажаданай, бо Прохараў ня будзе аспрэчваць сыстэму» – піша газэта.

Паводле New York Times, адносіны Прохарава і Крамля застаюцца загадкай. «Вясной гэтага году Крэмль афіцыйна багаславіў Прохарава на тое, каб ён ачоліў лібэральную партыю, але хутка пачаліся складанасьці, і сапраўдныя адносіны да яго застаюцца няяснымі» – піша амэрыканская газэта.

«Прохараў са сваімі фінансавымі магчымасьцямі, відавочна, можа назьбіраць патрэбную колькасьць подпісаў, нягледзячы на калядныя канікулы, якія звычайна паралізуюць працоўнае і палітычнае жыцьцё ў краіне» – піша гішпанскае выданьне El Pais. «Але ягоны ўдзел у выбарах у канчатковым выніку залежыць ад Крамля, а не ад подпісаў, таму што Мін’юст без праблемаў можа пашукаць і знайсьці парушэньні, як гэта здаралася кожны раз, калі Крэмль вырашаў перашкодзіць апазыцыянэрам».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG