Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакат Саньнікава: Абарону да яго па-ранейшаму не пускаюць


Адвакаты Андрэя Саньнікава накіравалі 14 скаргаў на тое, што іх не пускаюць да падабароннага.

Алесю Бяляцкаму ў турму перадалі цёплыя рэчы і тэлевізар. З Эдуардам Лобавым сустрэнецца сьвятар. Ліст Міколы Статкевіча брату, які жыве ва Ўкраіне, ішоў да адрасата амаль месяц. Зьмітру Дашкевічу працягнулі ўтрыманьне ў адзіночнай камэры.

Ад былога кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава па-ранейшаму няма лістоў і званкоў з калёніі «Віцьба-3». Адвакаты пакуль марна спрабуюць дамагчыся сустрэчы зь ім ў калёніі. Адвакат Марына Кавалеўская запэўнівае, што спробы сустрэцца з падабаронным яны ня спыняць.

«На мінулым тыдні мой калега спрабаваў сустрэцца з Андрэем Алегавічам, але яму адмовілі. Адвакаты падалі 14 скаргаў, акрамя таго скардзіліся сваякі, але ніводнага адказу мы не атрымалі па сутнасьці. На гэтым тыдні мы зноў паспрабуем наведаць нашага падабароннага, але зноў жа, сытуацыя ніяк не зьмянілася. Будзем рабіць ўсё магчымае, задзейнічаць ўсе прававыя прылады».

Жонка Андрэя Саньнікава Ірына Халіп адмовілася камэнтаваць паказаны па БТ-1 сюжэт адносна Саньнікава і Дашкевіча, назваўшы яго брудам і правакацыяй. Ірына Халіп перакананая: такія сюжэты — паказьнік таго, што ўлады не змаглі «маральна і фізычна зламаць яе мужа». Праваабарончы цэнтар «Вясна» выступіў з адмысловай заявай адносна сюжэту дзяржаўнага тэлебачаньня, у якім запатрабаваў спыніць правакацыі і вызваліць ўсіх палітвязьняў.

Тым часам стала вядома, што палітвязьню Зьмітру Дашкевічу, якога трымаюць у Глыбоцкай турме, працягнулі да красавіка ўтрыманьне ў адзіночнай камэры.

Праваабаронца Наста Лойка: «Мне ў апошнім лісьце Зьміцер напісаў, што яму працягнулі „адзіночку“ да красавіка. Але невядома, гэта рашэньне самой калёніі ці загад зьверху».

13 сьнежня да Міколы Статкевіча выправіўся адвакат, але на момант напісаньня рэпартажу не было вядома, ці дапусьцілі абаронцу да палітвязьня. Грамадзянская жонка Мікалая Статкевіча паведаміла «Свабодзе», што днямі атрымаў ад Міколы ліст ягоны брат Аляксандр, які жыве ў Львове, ва Ўкраіне. Ліст ішоў амаль месяц, адзначае Марына Адамовіч:

«Ён яму напісаў, што адзіная праблема са здароўем — гэта недахоп калію. То бок, у яго праблемы з арытміяй. А з большага ліст бадзёры, добры».

Палітвязень Эдуард Лобаў спадзяецца на сустрэчу са сьвятаром. Паводле маці вязьня Марыны Лобавай, на спатканьне з Эдуардам зьбіраецца сьвятар з Магілёву.

«Навіна добрая. Учора званіў айцец Пётар і казаў, што паедзе ў калёнію, альбо 19 альбо 23, прыме споведзь у Эдуарда».

13 сьнежня праваабаронцы перадалі Алесю Бяляцкаму, якога трымаюць у жодзінскім ізалятары, рэчы і тэлевізар. Жонка праваабаронцы Натальля паведаміла, што днямі атрымала ліст ад мужа.

«Алесь не выказвае ніякіх прэтэнзій, сумнага настрою я таксама не заўважыла. Хаця, магчыма, гэта каб мяне асабліва не расстройваць ён абраў такі тон».
XS
SM
MD
LG