Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіеў: тыдзень салідарнасьці зь Беларусьсю


Прэзэнтацыяй фільму «Беларуская мара» маладога рэжысёра Кацярыны Кібальчыч і наступным яго абмеркаваньнем у Кіеве прадоўжыўся «Тыдзень салідарнасьці зь Беларусьсю».

Удзельнікі шэрагу імпрэзаў, якія адбываюцца ў рамках тыдня, выказваюць салідарнасьць зь беларускімі палітвязьнямі. Завершыцца акцыя 19 сьнежня пікетаваньнем амбасадаў Беларусі і Расеі ва Ўкраіне.

Кіраўнік Беларускага цэнтру ва Ўкраіне Вячаслаў Сіўчык адзначае некаторыя адметнасьці гэтых акцыяў:

Вячаслаў Сіўчык
Вячаслаў Сіўчык
«Яны адбываюцца ў Кіеве легальна. Дэмакратычную Беларусь падтрымліваюць розныя ўкраінскія рухі і партыі. І гэта вельмі добра. Бо беларускай нацыі, якая змагаецца за незалежнасьць і дэмакратыю, натуральна, патрэбна падтрымка.

Але лёс Беларусі будуць вырашаць грамадзяне Беларусі. І таму мы праводзім усе гэтыя акцыі пад двума галоўнымі лёзунгамі: „Свабоду — палітвязьням“ і „Цяперашняе кіраўніцтва Беларусі — нелегітымнае, і мусяць быць новыя дэмакратычныя выбары“. Гэтыя лёзунгі, я думаю, здольныя аб’яднаць беларускую нацыю».

Старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га скліканьня Станіслаў Шушкевіч, Вячаслаў Сіўчык і былы амбасадар Украіны ў Беларусі Раман Бясьсьмертны ўчора правялі супольную прэсавую канфэрэнцыю для ўкраінскіх журналістаў. «Мы змаглі шмат што на ёй сказаць», — адзначае Вячаслаў Сіўчык:

Станіслаў Шушкевіч
Станіслаў Шушкевіч
«Найперш, пра тое, што сёньня адбываецца ў Беларусі. Гэта інфармацыя пра палітвязьняў, пра рэпрэсіі. Гэта тая балючая праўда, пра якую мусяць ведаць нашыя паўднёвыя суседзі.

Канечне, цудоўна, што прыехаў Станіслаў Шушкевіч. Ён расказаў і пра гістарычныя падзеі ў Віскулях, у якіх прымаў чынны ўдзел. Натуральна, што і цяпер гэта важна. Але самае галоўнае, што гэта прэсавая канфэрэнцыя называлася «Тыдзень салідарнасьці зь Беларусьсю».

Былы амбасадар Украіны ў Беларусі Раман Бясьсьмертны так патлумачыў беларускай «Свабодзе» свой удзел у гэтай акцыі:

Раман Бясьсьмертны
Раман Бясьсьмертны
«За тыя, крыху болей за паўтара гады, якія я правёў у Беларусі, я прырос душой да гэтай краіны, яе людзей. І зразумела, што Беларусь застаецца ў маёй памяці часьцінкай майго жыцьця. Таму, калі да мяне зьвяртаюцца з просьбаю ацаніць сытуацыю (тым больш, што я ведаю яе не з чужых словаў, а рэальна ведаю, што для беларусаў цяпер вельмі важна), то я з задавальненьнем на гэта адгукаюся. Мая мэта — у выніку гэтых размоваў дамагчыся таго, каб украінская ўлада ўсё-такі аб’ектыўна зьвярнула ўвагу на сытуацыю ў Беларусі».

Пытаюся ўкраінскага дыплямата і палітыка, ці адаб’ецца незадавальненьне многіх грамадзянаў Расеі мінулымі парлямэнцкімі выбарамі на сытуацыі ў Беларусі і ва Ўкраіне:

«Відавочна, што разьвіцьцё падзеяў у Расейскай Фэдэрацыі, якія паказалі фактычна адарванасьць грамадзтва ад улады, сьведчыць, што гэта дужа небясьпечны працэс. Ён можа пацягнуць за сабою руйнаваньне Расейскай Фэдэрацыі як дзяржавы. І пра гэта мы ўчора гаварылі на прэсавай канфэрэнцыі са Станіславам Шушкевічам.

Што да ўплыву гэтых падзеяў на кантынэнтальныя працэсы на эўразійскай прасторы, то відавочна — слабасьць Крамля пакліча за сабой ягоную агрэсіўнасьць ў адносінах да суседзяў. Тут працуе адваротна-прапарцыйны прынцып. Так прадвызначана, што імпэрыі заўжды вырашаюць свае праблемы за кошт ускраінаў. Таму і Беларусі, і Ўкраіне, ды іншым суседзям трэба чакаць досыць агрэсіўных дзеяньня як у пытаньнях эканамічнай экспансіі, так і палітычнага ціску з боку Крамля».

14 сьнежня ў рамках «беларускага тыдня» пройдзе абмеркаваньне таго, як падаецца сытуацыя ў Беларусі рознымі ўкраінскімі мэдыямі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG