Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад 1 студзеня 2012 году мінімальны заробак у Беларусі падвысіцца да 1 мільёна рублёў. Для параўнаньня: на 1 лістапада гэтага году з улікам 86-працэнтнай індэксацыі ён складаў 856 тысяч рублёў. Адмыслоўцы лічаць: уліваньне ў эканоміку значнай грашовай масы прывядзе да новага вітка інфляцыйных працэсаў і скончыцца чарговай дэвальвацыяй.

Беларускі ўрад вырашыў, што ў наступным годзе ў краіне ня будзе заробку ніжэй за 1 мільён рублёў. Пагадзінная мінімальная аплаты працы — 5930 рублёў. Яшчэ год таму, 1 студзеня 2011-га, памер мінімальнага заробку быў усталяваны на ўзроўні мінімальнага спажывецкага бюджэту і складаў 460 тысяч рублёў. Такім чынам, цягам году — больш чым двухразовае павелічэньне, хоць вартасьць рубля за той жа час зьнізілася ўтрая.

Разам з тым, як кажа эканамічны аглядальнік Канстанцін Скуратовіч, у адпаведнасьці з заканадаўствам мінімальны заробак рэгулярна індэксуецца. Праіндэксаваны паказьнік зьяўляецца абавязковым для наймальніка ў якасьці ніжэйшай мяжы аплаты працы. Таму нібыта шырокі жэст уладаў трэба расцэньваць не як падарунак, а як іх абавязак:

Канстанцін Скуратовіч

Канстанцін Скуратовіч

«Ёсьць закон пра індэксацыю заробкаў, пэнсій, грашовых набыткаў насельніцтва адпаведна інфляцыі. Цяпер тут замешваецца палітыка, але ў прынцыпе павінна ўсё адбывацца аўтаматычна, раз на квартал. Так было і напачатку 1990-х, калі інфляцыя наогул даходзіла пад 500%. Гэта прадугледжана законам і калі адмяняць гэтую меру, адпаведна, трэба правесьці праз „палатку“ зьмены ў заканадаўства. Праўда, у нашым выпадку гэта падаецца як нейкая міласціна ад прэзыдэнта. Маўляў, зараз яго ўсе будуць асуджаць за гэты крок, а ён будзе вось такім добрым. Хоць на самой справе дзейнічае закон. І хоць справа збольшага тэхнічная, але сама па сабе рэч складаная. З грашыма трэба падціскацца, а даводзіцца шукаць рэзэрвы».

Спадар Скуратовіч асабліва падкрэсьлівае, што падвышэньне памеру мінімальнага заробку рознымі суб’ектамі гаспадараньня ўспрымаецца неаднолькава. Калі бюджэтнікам дзяржава кампэнсуе папраўкі на інфляцыю аўтаматычна, то камэрсантам давядзецца пераарыентаваць на гэта дадатковыя рэсурсы:

«Тут яшчэ трэба мець на ўвазе, што ўсё гэта ў першую чаргу кранае бюджэтнікаў, дзяржаўны апарат. Усім астатнім гэтыя грошы яшчэ трэба будзе зарабіць. А зразумела, што ў цяперашніх эканамічных умовах далёка ня кожная фірма можа аўтаматычна падвысіць заробкі сваім супрацоўнікам на такую значную велічыню. То бок, калі адны яго атрымліваюць аўтаматычна, то іншым давядзецца прыкласьці нямала намаганьняў, каб гэтыя сродкі зарабіць».

Паводле Нацыянальнага статыстычнага камітэту Беларусі, намінальны налічаны сярэднемесячны заробак сёлета ў кастрычніку склаў 2 мільёны 318 тысяч рублёў. У эквіваленце — крыху больш за 250 даляраў ці роўна палова ад перадвыбарных абяцаньняў Аляксандра Лукашэнкі давесьці ўжо сёлета сярэднія прыбыткі беларусаў да 500 даляраў.

Аднак у выніку двух значных дэвальвацыяў у траўні і кастрычніку заробкі ў Беларусі сталі самымі нізкімі ў рэгіёне. Рэзкае зьбядненьне стала падставай да масавага працаўладкаваньня беларусаў за мяжой, дзе людзі за сваю працу атрымліваюць адэкватныя грошы. Будаўнік зь Берасьцейшчыны Зьміцер Красьніцкі кажа, што ні хвіліны не сумняваўся, калі зьявілася магчымасьць паехаць на працу ў Польшчу:

«З-за гэтага крызісу, якому ў нас ня бачна канца, некаторыя людзі ўжо ня бачаць для сябе іншай альтэрнатывы, як толькі зьехаць. І такіх людзей, зь якімі мне давялося кантактаваць ля польскага кансуляту, усё больш і больш. Гэта зразумела: тут мне плацілі ў пераліку недзе 300 даляраў, а там я цяпер маю ад 1000 да 2000 даляраў штомесяц. І гэта яшчэ не канчатковая лічба, бо шмат залежыць ад аб’ёму працы, ад жаданьня чалавека працаваць больш. То бок, калі цягам дня працуеш восем гадзінаў — аплата адна. А калі звыш нормы — ад васьмі да дванаццаці гадзін — аплата зусім іншая».

Экспэрты канстатуюць: павелічэньне аб’ёму бюджэтных выплат выкліча дадатковую грашовую нагрузку на эканоміку. У той час, як міжнародныя структуры заклікаюць кіраўніцтва Беларусі абмежаваць рост заробкаў і кампэнсацый, а таксама спыніць «уліваньне» пустой рублёвай масы, урад працягвае рабіць рызыкоўныя крокі на забесьпячэньне высокіх тэмпаў разьвіцьця ў наступным годзе. Паводле прагнозу адмыслоўцаў Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту, вынікам такой палітыкі можа стаць паскарэньне інфляцыйна-дэвальвацыйнай сьпіралі: нэгатыўныя імпульсы хутка перакінуцца ў рэальны сэктар эканомікі, што паставіць пад пагрозу крэдытна-фінансавую сыстэму дзяржавы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG