Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бяляцкі атрымаў узнагароду МЗС Польшчы


Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі атрымаў спэцыяльную ўзнагароду міністра замежных спраў Польшчы, заснаваную для праваабаронцаў.

Як паведаміла БелаПАН праваабаронца Тацьцяна Равяка, 12 сьнежня ў Варшаве міністар замежных спраў Радаслаў Сікорскі ўручыў дыплём-узнагароду жонцы Бяляцкага Натальлі Пінчук.

Кіраўнік польскай дыпляматыі зазначыў, што ўзнагарода Алесю Бяляцкаму — гэта сымбаль падтрымкі беларускай дэмакратычнай супольнасьці і прызнаньня справядлівага чалавека.

«Мне хочацца, каб гэтая ўзнагарода была сымбалем салідарнасьці Польшчы і сьвету са справядлівым чалавекам. Памятаю сказаныя Алесем словы: «Наша краіна можа пайсьці шляхам дэмакратычных зьменаў або апынуцца ў стане няшчасьця і глыбокага эканамічнага крызісу». Зараз я кажу з упэўненасьцю, што ў Беларусі могуць адбыцца зьмены. Беларусы выказалі сваю волю ўжо год таму на Кастрычніцкай плошчы ў Менску, калі была праведзена дэманстрацыя супраць фальшывых вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў», — сказаў Сікорскі.

Жонка Бяляцкага выказала ўдзячнасьць за прызнаньне і падтрымку. «Гэты дыплём зьяўляецца знакам павагі да Алеся, знакам прызнаньня яго вялікага ўнёску ў разьвіцьцё праваабарончага руху і абароны правоў чалавека. Я б хацела выказаць словы ўдзячнасьці Міністэрству замежных спраў і ўсяму польскаму народу за тую прэмію, якую прысудзілі майму мужу», — сказала Пінчук.

Алесь Бяляцкі — віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, кіраўнік закрытага ўладамі праваабарончага цэнтру «Вясна» — прысуджаны да чатырох з паловай гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці. Ён прызнаны вінаватым на падставе часткі 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэксу (утойваньне даходаў у асабліва буйным памеры).

Міжнародная дэмакратычная грамадзкасьць, кіраўніцтва Эўразьвязу, ЗША і шэрагу іншых краін лічаць вынесены праваабаронцу прысуд палітычна матываваным і патрабуе ад уладаў Беларусі безумоўнага вызваленьня Алеся Бяляцкага.

29 лістапада Радаслаў Сікорскі заявіў, што Польшча возьме ўдзел у кампэнсацыі арыштаванай маёмасьці Бяляцкага.
XS
SM
MD
LG