Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РПЦ крытыкуе выбары ў Думу


Прэзыдэнт Расеі Мядзьведзеў сярод кіраўнікоў РПЦ

Прэзыдэнт Расеі Мядзьведзеў сярод кіраўнікоў РПЦ

У гэтыя выходныя Расейская праваслаўная царква (РПЦ) далучыла свой уплывовы голас да заклікаў забясьпечыць у Расеі справядлівы выбарчы працэс. Гэтыя заявы прагучалі пасьля дэманстрацыяў па ўсёй краіне, якія заклікалі да перападліку галасоў на выбарах 4 сьнежня або да правядзеньня новага галасаваньня, а таксама пасьля заяваў асобных прадстаўнікоў духавенства, якія сталі адлюстраваньнем народнага гневу ў сувязі з фальшаванымі вынікамі выбараў 4 сьнежня – піша The New York Times.

«Відавочна, што патаемны характар пэўных элемэнтаў у выбарчай сыстэме непакоіць людзей, і павінна быць больш грамадзкага кантролю над гэтай сыстэмай, – заявіў протаіерэй Усевалад Чаплін вэбсайту праваслаўных навін. – Мы павінны разам вырашыць, як гэта зрабіць, з дапамогай цывілізаванага грамадзкага дыялёгу».

Выказваньне айца Ўсевалада Чапліна, старшыні Сынадальнага аддзелу Маскоўскай патрыярхіі па ўзаемаадносінах Царквы і грамадзтва, стала асабліва значным, паколькі яго часта крытыкуюць як апалягета Крамля. У мінулым годзе ён зрабіў шэраг вельмі кансэрватыўных заяваў, у тым ліку заклікаў да ўвядзеньня ў Расеі праваслаўнага дрэс-коду.

У тэлефонным інтэрвію ў нядзелю ўвечары айцец Чаплін заявіў, што калі царква атрымае дакумэнтальна пацьверджаныя доказы парушэньняў на выбарах ад гатовых назваць сябе крыніц, яна будзе гатовая абмеркаваць іх з урадавымі чыноўнікамі.

«Калі ёсьць нейкія рэальныя факты парушэньняў, факты, якія той ці іншы чалавек, тая ці іншая арганізацыя гатовыя прадставіць афіцыйна, назваўшы сябе, калі ёсьць факты, якія сапраўды могуць быць пацьверджаныя доказамі, то, натуральна, мы іх вывучым. І калі яны будуць дакладнымі, мы абмяркуем іх з Цэнтарвыбаркамам, прадставім іх царкоўнаму Сьвятаначалію», – заявіў ён.

Заявы айца Ўсевалада вэбсайту, мяркуючы па ўсім, былі закліканыя аднавіць агульную пазыцыю царквы на фоне асуджэньня асобнымі чальцамі духавенства парушэньняў на выбарах, што стала першым такім выпадкам для постсавецкай Расейскай праваслаўнай царквы. Гэтыя камэнтары, магчыма, дазваляюць меркаваць, што ўлады вырашылі прыстасавацца да крытыкі палітычнай сыстэмы, верагодна, таму, што яна распаўсюдзілася ўжо занадта шырока, каб задушыць яе.

«Дзіўна, што гэтае абуджэньне грамадзянскай сьвядомасьці закранула нават царкву, ня толькі сьвецкіх людзей, але і духавенства», – заявіў на мінулым тыдні Сяргей Чапнін, адказны рэдактар «Часопісу маскоўскай патрыярхіі», у кулюарах сэмінару, прысьвечанага гістарычнай самасьвядомасьці Расеі.

Доўгія гады, адзначаў спадар Чапнін, многія праваслаўныя скептычна або індыфэрэнтна ставіліся да выбарчай палітыкі, хоць царква аднавіла свой уплыў пасьля краху камунізму і публічна выступае пад сьцягамі Крамля.

Не даўней як некалькі тыдняў таму, адзначыў спадар Чапнін, «было немагчыма сабе ўявіць», каб сьвятары выказваліся з такой сымпатыяй аб грамадзкай незадаволенасьці маніпуляцыямі і махлярствам на выбарах.

«Я думаю, грамадзтва проста адчула вялікі шок, – дадае ён. – Мы вельмі добра разумеем, што махінацыі на выбарах былі і раней, але грамадзкая сьвядомасьць сасьпела да таго ўзроўню, каб выказваць сваё меркаваньне або выказвацца супраць гэтага».

Ён сказаў, што не сустракаў нікога ў царкве на мінулым тыдні, хто ўхваляў бы афіцыйныя вынікі галасаваньня 4 сьнежня.

Вэбсайт, зь якім меў дачыненьні айцец Усевалад Чаплін, «Праваслаўе і сьвет», стаў плятформай для дэбатаў аб палітыцы і маралі. Яго галоўны рэдактар Ганна Данілава кажа, што рэакцыя ўнутры царквы паўстала з агіды ў дачыненьні да афіцыйнай несумленнасьці ў справе выбараў. «Хрысьціянін павінен пратэставаць супраць хлусьні, асабліва хлусьні мільёнам людзей», – кажа яна.

Жорсткае асуджэньне выбараў сярод сьвятароў РПЦ, багасловаў і актыўных вернікаў было відавочным на старонках сеткі Facebook і ў блогах, калі на мінулым тыдні бурным струменем пасыпаліся паведамленьні аб парушэньнях і махінацыях на выбарах. Выказваліся засьцярогі, што сумленныя выбары маглі прывесьці да ўлады камуністаў. (Іх партыя стала другой, зь вялікім адрывам ад кіруючай «Адзінай Расеі», згодна з афіцыйнымі вынікамі).

Праваслаўныя вернікі і сьвятары добра памятаюць пра перасьлед царквы ў савецкія часы, нават нягледзячы на тое, што многія камуністы сёньня лічаць сябе праваслаўнымі. У мінулы аўторак, калі пачала расьці колькасьць заяваў аб падтасоўках на выбарах, а пратэсты пачалі набіраць моц, адзін сьвятар напісаў на сваёй старонцы ў Facebook: «Фальсыфікацыя выбару народу – гэта цяжкі грэх. Яму ня можа быць апраўданьня».

Да сярэдзіны тыдня ў інтэрнэце зьявіліся рэзкія заявы і іншых вядомых сьвятароў. Адзін зь іх, вялебны Дзьмітры Свярдлоў, апублікаваў трагікамічнае апавяданьне аб сваёй спробе выступіць у якасьці назіральніка на выбарах, падчас чаго ён стаў сьведкам, як дырэктар школы і настаўнікі, якія працавалі на выбарчым участку, рабілі грубыя парушэньні на карысьць «Адзінай Расеі».

У камэнтарах, апублікаваных у сераду на сайце «Нескучный сад», сайце праваслаўнага часопіса, які асьвятляе сацыяльныя пытаньні, протаіерэй Уладзімер Шмаль, сакратар Сынадальнай Біблійна-багаслоўскай камісіі Маскоўскай патрыярхіі, заявіў, што ўлады павінны адказаць народу. «Улада ў сучаснай дзяржаве – несамастойная і несамадастатковая, – заявіў айцец Уладзімер. – Адносіны паміж народам, які абірае ўладу, і ўладамі, маюць на ўвазе ўзаемную адказнасьць».

Андрэй Зубаў, гісторык, які вывучае царкву, удзельнічаў у суботняй дэманстрацыі ў Маскве. Ён кажа, што прадстаўнікі духавенства выказваюцца таму, што яны бачаць у махінацыях зь вынікамі выбараў парушэньне Дзесяці запаведзяў.

«Сьвятар вельмі добра ведае, што парушэньне запаведзяў ніколі не праходзіць бясьсьледна, – кажа ён. – Вынікам заўсёды робяцца цяжкія наступствы для парушальнікаў і для ўсяго грамадзтва, у якім адбываецца падобны акт хлусьні і вераломства».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG