Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што такое, дапусьцім, дзьвесьце паэтаў і пісьменьнікаў разам, у адным памяшканьні? Гэта згустак жыцьцёвай энэргіі надзвычайнай моцы. Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі Сарамага ў адным рамане напісаў, як герой зьбірае душы памерлых: трэба пасьпець, нябачная субстанцыя лёгкай хмаркай пакідае цела праз рот…

Мне ўяўлялася: колькі пісьменьнікі прынесьлі на свой зьезд рэштак амбіцый, славалюбства, прысак былых вогнішчаў. Так, жыцьцё беларускае не стараецца разьдзьмухаць, як у ветранае надвор’е, у душах пісьменьніцкіх агні, каб гарэлі роўным надзейным полымем, нібы ў грубках, як калісьці ў нашых хатах. Жыцьцё, якое само апынулася птушкай у клетцы, адчувае сябе прыціснутым пад ботам улады, што ўжо казаць пра зьмесьціва — саміх беларусаў? Б’е па руках такое жыцьцё нашага літаратара, але ён, хлопцы, не сыходзіць у запой у савецкіх традыцыях, ён трымае, можна сказаць, хвост пісталетам. Сам пераканаўся.

У прадчуваньні буры


Люблю апынуцца ў залі раней, назіраць, чуць, як у аркестравай яме музыканты спраўджваюць інструмэнты, рыхтуюцца абрынуць на публіку рэзкі посьвіст скрыпічных гукаў, нібы хмары стрэлаў, саступіць месца медным поклічам духавых, даць барабанам магчымасьць задаць атакуючы рытм для пяхоты і баявых сланоў…

Зь літаратарамі зусім інакш, нельга разьмежаваць іх, скажам, на скрыпачоў-паэтаў, барабаншчыкаў і кантрабасістаў-празаікаў ды крытыкаў, якія ўпіваюцца джаламі ў мазгі рэзкімі, гістэрычнымі гукамі сваіх трубаў, якія раняць душы, ірвуць сэрцы пісьменьніцкія на кавалкі сваімі атручанымі стрэламі з разрыўнымі боегалоўкамі. Не, зусім не, усе перамяшаліся, ніякага кучкаваньня я не заўважыў. Празаікі сябравалі з паэтамі і наадварот. Крытыкі, што натуральна, былі ў маргінальнай ролі, напэўна чуліся абражанымі, але хай, яшчэ іх калі шкадаваць, то калі працаваць?

Хацелася кворуму, а Беларусь вялікая, пачатак крыху зацягваўся. Паасобныя пачалі пляскаць — «пачынайце», але вяла, непераканаўчы для саміх сябе. Напругі амаль не адчувалася. Усе спакойна трымалі сваю зброю, свае інструмэнты пры сабе. Існавала, папраўдзе, прадчуваньне магчымай буры, але не было вядома: ці паваліць яна дрэвы на праезную частку, на дахі аўтамабіляў, ці абмяжуецца сарванымі афішамі.

Хтосьці побач, заўважыўшы літаратара мажнога целаскладу, што мае дачыненьне да выпуску моцных напояў, сьцісла пракамэнтаваў: «Добра закусвае». Ці пахваліў, ці зганіў, незразумела. «А гэты напэўна зусім ня п’е, толькі закусвае, але стрымана, выглядае як гурок, а гадкі-то ў яго пэнсійныя…» Ці пазайздросьціў, ці асудзіў, невядома.

Дваццаць год на месцы


Абмалёўка палітычнай сытуацыі — перадусім. Нават калі пісьменьнік залезе на гарышча, нават калі вежу збудуе, палітыка ўсё роўна прыедзе да яго са штурмавымі драбінамі, з пажарнай машынай з сыгналам. Тым больш, калі ў яго бел-чырвона-белы сьцяг зьверху. Словам, трыбуна рэжа праўду-матку: рэжым наступае, прасуе нашы акопы цяжкімі танкамі «Іосіф Сталін», палівае сьвінцом, наша чарговая спроба атакі спляжана, мы загнаныя ў лес! Гучаць адшуканыя ў шуфлядах даклады дваццацігадовай вытрымкі: нічога не памянялася сёньня, толькі горш, хлопцы!

Успомнілася міжволі, што сам напісаў калісьці ў апавяданьні ад імя героя, які цікае ў лес са сваёй друкаркай, але мусіць утапіць яе ў рацэ (у старым фільме пра партызанаў, калі спрабавалі адарвацца ад фрыцаў, давялося ў балоце пакінуць таксама зброю): «Схапіў за раму друкарку. Адхон. Сумёты. Закутая лёдам рака. Тоўсты лёд, непрабівальны. Цёмнае месца. Тут танчэй. Удар, яшчэ. Чорны вундэрвуд — у чорную ваду. Да таго берагу. Хутчэй! Тамака чарнеў лес».

Герою вельмі хочацца адарвацца ад пагоні, ён пакуль не задумваецца аб тым, як будзе ў замарожаным лесе. Адно думка пульсуе: «Быць ім, беларусам, заўжды ў сваёй хаце партызанамі. Партызанамі, якія адседжваюцца ў лесе. Пакуль ня скончыцца самагонка з салам. А яны ня скончацца ніколі… У Акінчыца таксама іншага выйсьця не было, але ён не стрываў і да часу выйшаў зь лесу». Атрымалася, і я маю «ўклад»: напісана нібы пра наш дзень, але напісана менавіта ў 1991 годзе. Але да трыбуны прарывацца бадай ня буду, я аддаю перавагу літарам, друкаванаму словам.

У шклянцы з вадой


«Песьні жальбы» — наш улюбёны жанр. Прамоўцы будуць то ўзьнімаць мікрафон, то апускаць. Але гэта ў межах нормы. Аднак доўга такі адносны штыль захоўвацца ня мог. Як сказаў удзельнік зьезду ў гадох: пісьменьнікі заўжды сварацца, заўжды спрачаюцца, заўжды ня могуць нагаварыцца, калі на трыбуне апынаюцца, парушаюць рэглямэнт, не рэагуюць на плясканьне і галёканьне.

Неўзабаве ўражаньне такое, што мэта галоўная ня выбары новага старшыні, а скандал з удзелам былога члена арганізацыі, які змагаўся за справядлівасьць унутры яе з дапамогай пракурорскай прэсы і карных органаў, у якіх яшчэ нядаўна сьвярбелі рукі забараніць наш саюз. Выключылі напярэдадні і — арывэдэрчы. Дык жа не — дайце яму слова! Большасьць супраць. Але меншасьць таксама супраць, супраць большасьці, яна патрабуе даць слова! І дзеля гэтага я пакінуў сьцены свайго ўтульнага каралеўскага гораду, трыста кілямэтраў нудзіўся?

Але раптам бачу знаёмы твар: выбягае паэт, былы зямляк, гарой за выключанага члена! На галовы большасьці сыплюцца гарачыя зьедлівыя стрэлы. Нават прыгнуцца міжволі захацелася… Вы горшыя за «героя нашага часу», слова праўды не даяце сказаць! Але ж зьдзівіў: амаль дзесяць мільёнаў за яго горшыя, бо — «вышэй за Бога», як добра вядома.

Не люблю балагану. А па-за дзьвярыма кава, аказваецца, чакае, гэта люблю.
Усе навіны ў кулюарах, якіх яшчэ няма, але вось-вось. Мне расплюшчваюць вочы: паэт — зяць выключанага, зацікаўлены бок, словам. Зяць, хіба? Ну так, трэцяя жонка ў яго. Але ж паэты — сэрцаеды! Толькі звонку ціхія. Бывае, ідзе міма, ніколі не павітаецца, не заўважае, нібыта пагружаны ў думкі-мары, лунае дзесь у царстве паэзіі. Гэта мы, празаікі, па зямлі ходзім, сказы, абзацы ў галаве, не перарывістыя ланцужкі салаўіных сьпеваў.

Мне падумалася: а ці можна параўнаць нас усіх аднолькава з пчоламі? Пра якіх, ясна, наш першадрукар некалі гэтак чульліва напісаў. Празаікаў таксама, як паэтаў, у зборшчыкаў мёду запісаць? Яны, прыкладам, травеньскі прыносяць першы, мы — жнівеньскі, цёмны. Але хтосьці знаходзіць і гаркавы, ведае месцы… А прыёмшчыкаў-кантралёраў нямашака. Хаця ў гэтай краіне перавага штучнаму, мёду таксама. Менавіта яго спажывае краіна, ёй сапраўднага ня трэба. На сапраўдны алергія. Так што і пісьменьнікі беларускай мовы, і чытачы, усё больш робяцца rare avis — «рэдкай птушкай» сярод груганоў.

Дзьвесьце спартанцаў


Пяць апошніх год: амаль кожны месяц на аднаго пісьменьніка менш. Ушанавалі памяць хвілінай маўчаньня. З чатырохсот крыху больш за палову было на зьезьдзе. Яны трымаюцца, яны не здаюцца. Пастава адважная, але драматычная. Вось-вось лічэбнае пэрсыдзкае войска перакрочыць цераз Тэрмапілы, дратуючы ацалелых сваёй слановай кавалерыяй, каб замоўк апошні голас, каб заходнюю мову скасавала ўсходняя гаворка.

Так, мы не забываемся, што на суседняй вуліцы быў зьезд іншых пісьменьнікаў, якія паставілі на лічбу, якія пераплюнулі нас. Мы ўстаем, калі грае «Пагоня», яны — пад свой савецкі гімн, дзе Сталіна, Леніна, Палітбюро замянілі на іншыя словы, але вусы па-ранейшаму праступаюць вадзянымі знакамі на гербавай паперы.

Шчасьліўчыкі, пестуны лёсу, усё ў іх ладзіцца: улада іх любіць, яны ўладу. Нават калі яна лянуецца музыку замаўляць, ці забываецца, з галавой у сваёй нястомнай працы, яны ўсё роўна выконваюць і чакаюць воплескаў, брава чакаюць, букетаў і матэрыяльнага ўзнагароджаньня за эксплюатацыю сваёй паслухмянай музы.

Яны цешыліся, што атрымалі віншаваньне ажно з Сірыі. А што гэта такое, хто ведае?.. Мы слухалі віншаваньні ад пісьменьнікаў з усяе Эўропы. Мы сябе ад Эўропы не адразаем, адтуль прыйшла наша першая кніга. Хай нас толькі два разы па дзьвесьце, але мы ёсьць. Дух нашых пачынальнікаў ня зьнік, Сарамага меў рацыю. Кожны з нас адчувае ў сэрцы стрэмку з крыжа, на якім трымае беларускую мову начальства. Для большай пераканаўчасьці побач – цяжкавагавы «Іосіф Сталін» на хаду. Якраз саляркі падкінулі з Усходу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG