Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У рэгіёнах з дазволу міністэрства аховы здароўя зноў падаражэлі платныя мэдычныя паслугі. У сярэднім на 30% больш пацыентам даводзіцца цяпер плаціць за кансультацыі ўрачоў-спэцыялістаў, а таксама за разгорнуты аналіз крыві, ультрагукавыя дасьледаваньні ды іншае.

Як рэагуюць на падаражэньні людзі, што гавораць пра цяперашні стан айчыннай сітэмы аховы здароўя, высьвятлялі сёньня рэгіянальныя карэспандэнты «Свабоды».

Гомельшчына


Гамельчуку Ўладзімеру пасьля пералому рукі давялося рабіць лекавыя працэдуры ў філіяле № 8 цэнтральнай гарадзкой паліклінікі:

«Урач прызначыў чатыры віды працэдур, у тым ліку азакерыт. Я зрабіў чатыры сэансы азакерыту. На пяты прыходжу плаціць: каштаваў сэанс 1840 беларускіх рублёў, а зараз стаў каштаваць — 5150».

Пацыент філіялу № 10 спадар Генадзь толькі што купіў спэцыяльную плёнку, каб зрабіць рэнтгенаўскі здымак грудной клеткі:

«Здымак зрабіць — за плёнку заплаціў 25 тысяч. Вітаміны ў аптэцы купляў — 60 тысяч. Дык я ў адказ: „Мне паловы хопіць“. І ўзяў палову. Мне калі штосьці баліць, п’ю лекі. Калі не баліць, то стараюся ня піць. Бо адно лечыш, а другое калечыш, калі п’еш беларускія лекі. Я ляжаў у лякарні, і ў мяне печань пачала балець. Папіў курс — сэрца прайшло, а печань пачала балець».
Папіў курс — сэрца прайшло, а печань пачала балець.

У філіяле № 10 таксама падвысілі кошты на мэдычныя паслугі. Напрыклад, адзін сэанс масажу паясьніцы й ног цяпер каштуе 7350 рублёў.

Пэнсіянэрка ва ўзросьце спадарыня Надзея жаліцца:

«Хварэць, канечне, вельмі дорага. Я, напрыклад, ногі лячу. Мне выпісалі таблеткі — 51 тысячу каштуюць. Раней мы, пэнсіянэры, 50 працэнтаў плацілі, а цяпер — усё цалкам».

Гараджанін сталага веку распавёў, як нядаўна страціў жонку. Яна памерла пасьля дзьвюх апэрацыяў па ампутацыі ног. А пачыналася ўсё гэтак:

«Кроў не пайшла ў нагу — тромбы забілі сасуды і кроў не пайшла ў пальцы нагі. Нас забрала «хуткая» і павезла ў кардыялягічны цэнтар, што ў мэдычным гарадку. Там сасудзістае аддзяленьне — «хуткая» туды прывезла. Выйшаў доктар, паглядзеў, што нага сінее: «Нічога, зараз таблеткі і пяць уколаў — і ўсё пройдзе. На «хуткай» была маладая лекарка з мэдсястрой. Лекарка й кажа: «Жанчыне трэба кропельніцу, пракапаць трэба, каб кроў пайшла у нагу». А ён: «Не твая справа!»

Прызначэньне ўрача з сасудзістай хірургіі сям’я выканала. Аднак жанчыне лепей не стала:

«Мы думалі, што лепей будзе, а яно ўсё горш і горш. На шосты дзень нага стала сінець. Я прыйшоў да намесьніка галоўнага лекара, і ён накіраваў у трэці гарадзкі шпіталь. Калі прыехалі туды, там два лекары прыйшлі — загадчык гнойнага аддзяленьня й хірург і кажуць: „Што вы так спазьніліся, да гэтага часу цягнулі“. Мы ў адказ: „Рабілі тое, што лекар напісаў“. Пасьля я езьдзіў у сасудзістае аддзяленьне лячыцца. Кажу: „З-за вас жонка страціла нагу“».



Гарадзеншчына


Разам з падаражаньнем лекаў, даражэюць і мэдыцынскія паслугі ў дзяржаўных шпіталях і паліклініках, іх колькасьць пашыраецца.

Спадарыня Зінаіда гэтымі днямі выпісалася са шпіталя, дзе ёй рабілі апэрацыю на воку. Кажа, што апошні раз ляжала ў шпіталі чатыры гады таму і за гэты час там вельмі многае зьмянілася, асабліва яе моцна ўразілі кошты на платныя паслугі:
Я ляжаў у лякарні, і ў мяне печань пачала балець. Папіў курс — сэрца прайшло, а печань пачала балець.

«Дзеля апэрацыі трэба было набыць замежныя хрусталікі, якія каштуюць 1,7-1,9 мільёна рублёў. Потым патрэбна яшчэ нейкая вада, каб прамочваць вочы і яна каштуе каля 600 тысяч. А нашы айчынныя хрусталікі хоць і каштуюць 600 тысяч — іх ніхто не бярэ. А, наагул, і бінтоў дармовых няма і, прабачце, „вутку“ пад хворага ставяць таксама толькі за грошы».

Традыцыйна самыя вялікія чэргі ў стаматалягічных паліклініках. Цяпер у Горадні працуе і шмат прыватных кабінэтаў, але ў дзяржаўных паліклініках чэргі не зьмяншаюцца нягледзячы на тое, што кошты на паслугі растуць пастаянна.

У рэгістратуры паліклінікі № 3 мне сказалі, што ў чаргу могуць запісаць толькі на студзень наступнага года. Кошты нядаўна падвышаліся, а што будзе пасьля Новага года, пакуль ніхто ня ведае.

Спадарыня: «Я лічу, што для нашых людзей гэта ня так мала: фотаплёмба каштуе больш за 160 тысяч, а хімічная — каля 100 тысяч, пачысьціць канал ад 70 тысяч, а нядаўна яшчэ каштавала 50 тысяч».

Спадарыня кажа, што многія, пабачыўшы цэны, адмаўляюцца, але праз некаторы час прыходзяць, бо папросту ня маюць выйсьця, у прыватных кабінэтах гэта каштуе значна даражэй.
Ужо ёсьць лекі па 400 тысяч на курс лячэньня. Ня кожны чалавек можа іх сабе набыць.

Лекар са слонімскага шпіталя Іван Шэга, гаворачы пра платныя паслугі, зьвяртае ўвагу на тое, што імі часта злоўжываюць, парушаючы пратакол лячэньня.

Шэга: «Да прыкладу, прайсьці тамограф каштуе 100 тысячаў, УЗІ — тысяч 40, рэнтгенаўскі здымак — 11 тысяч, аналізы… Ды што казаць, калі ўжо ёсьць лекі па 400 тысяч на курс лячэньня. Ня кожны чалавек можа іх сабе набыць».

Берасьцейшчына


У Канстытуцыі Беларусі запісана: «Грамадзянам краіны гарантавана права на ахову здароўя, уключаючы бясплатнае лячэньне ў дзяржаўных установах аховы здароўя». Аднак спадарыня Сьвятлана Шумчук кажа, што ёй давялося абараняць гэта права ажно ў трох судах.

Сьвятлана Шымчук дабівалася бясплатнай выдачы заключэньня тамаграфіі, якую зрабіла ў Берасьцейскай цэнтральнай гарадзкой лякарні:

«Пытаньне аплаты вырашылася трыма судамі. Два раённыя суды і адзін абласны пацьвердзілі, што аплата з майго боку не павінна праводзіцца, бо я ішла па накіраваньні і мне павінны выдаць заключэньне тамаграфіі бясплатна».

Тым ня менш, нягледзячы на такія рашэньні судоў, неабходнае заключэньне лекары спадарыні Шымчук ня выдалі. Жанчына скардзілася ў Міністэрства аховы здароўя і ў Берасьцейскае абласное ўпраўленьне аховы здароўя. Аднак праблему ня вырашыла і гэта. Таму цяпер кабета накіравала скаргу ў Берасьцейскую абласную пракуратуру, якую і папрасіла разабрацца ў сытуацыі.

Шымчук: «Мне здаецца, што нашая мэдыцына, ці то бясплатная, ці то платная, але яна не працуе, яна не стаіць на варце здароўя простых грамадзянаў».
XS
SM
MD
LG