Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як паўплываюць пасьлявыбарчыя пратэсты ў Расеі на будучыя прэзыдэнцкія выбары ў Расеі і на парлямэнцкія ў Беларусі? З чым зьвязаная зьмена пазыцыі Крамля адносна асьвятленьня суботніх мітынгаў? Як гэта камэнтуюць беларускія палітыкі?


Старшыня АГП Анатоль Лябедзька адзначае, што свабодныя выбары — гэта тэма надзвычай актуальная і для Расеі, і для Беларусі. Таму, калі будуць нейкія зрухі ў лепшы бок у Расеі, то гэта будзе ўплываць на настроі і сытуацыю ў Беларусі. Для беларусаў адчувальна і тое, што фэдэральныя расейскія мэдыі націскаюць на неабходнасьць пераменаў у выбарчым заканадаўстве і ў правапрымяняльнай практыцы.

«І Пуцін, і Мядзьведзеў сябе пазыцыянуюць як людзі, якія на адным гаршку побач з Лукашэнкам сядзець ня будуць. Ім хацелася б мець прыклад, значна горшы, чым ёсьць у Расеі. І Беларусь з такім іміджам дапасоўвае да рыторыкі таго ж Пуціна і Мядзьведзева. І на ўзроўні рыторыкі гэта прымушае іх гаварыць, што трэба пачуць меншасьць, што яны гатовыя ісьці насустрач, там не блякуюцца мэдыі, там інакш вядуць сябе праваахоўныя органы. Я раблю папраўку і на прэзыдэнцкую кампанію. Уваходзіць у яе зь іміджам чалавека, які махае шашкай направа і налева, гэта слабая пэрспэктыва. А чалавека, які нешта зрабіў у эканоміцы і арыентуецца на справядлівасьць, гэта, відаць, будзе часткай прэзыдэнцкай кампаніі Пуціна».

Палітоляг Аляксей Кароль адзначае, што такі вынік выбараў быў нечаканы і для Пуціна, і для Мядзьведзева. Яны занепакоеныя пратэстамі, але не зьбянтэжаны:

«І хутчэй за ўсё схему прэзыдэнцкіх выбараў мяняць ня будуць, як і ня будуць мяняць стратэгію сваіх паводзінаў на бліжэйшую будучыню. Галоўны матыў рэакцыі маскоўскіх дэмакратычных колаў — гэта пачуцьцё ўласнай годнасьці. Гэта стварае пэўную небясьпеку для рэжыму і падштурхоўвае да прыняцьця аднаго з двух варыянтаў: ці выхад на рэформы, ці закручваньне гаек і давядзеньне мадэлі кіруемай дэмакратыі да беларускага ўзору. Ня выключаны ні адзін, ні другі варыянт, але ў больш аддаленай пэрспэктыве, чым да прэзыдэнцкіх выбараў».

Паводле Караля, вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі і палітычная актыўнасьць расейскіх дэмсілаў будуць мець уплыў на парлямэнцкія выбары ў Беларусі.
Кардынальныя зьмены і перамены ў Беларусі могуць быць зьвязаныя толькі з дэмакратызацыяй палітычных працэсаў у Расеі.

«Кардынальныя зьмены і перамены ў Беларусі могуць быць зьвязаныя толькі з дэмакратызацыяй палітычных працэсаў у Расеі. Калі ж захоўваецца курс на ўмацаваньне мадэлі кіруемай дэмакратыі, то гэта можа быць небясьпека для знаходжаньня Лукашэнкі ва ўладзе, але не для імпэрскага курсу адносна Беларусі».

Паводле лідэра партыі «Справядлівы сьвет» Сяргея Калякіна, масавыя выступы ў Расеі сьведчаць пра напружанасьць сытуацыі перад прэзыдэнцкімі выбарамі. Яны будуць моцна ўплываць на ўнутрыпалітычную сытуацыю ў Расеі. Для Беларусі гэта можа мець розныя наступствы.

«Гэта можа стаць добрым прыкладам для актывізацыі дзеяньняў у Беларусі па трансфармацыі выбарчага заканадаўства і правапрымяняльнай практыкі. А з другога боку, гэта можа падштурхнуць беларускія ўлады на яшчэ большае закручваньне гаек і адсутнасьць усялякіх пераменаў. Таму могуць быць розныя сцэнары пры падрыхтоўцы да парлямэнцкіх выбараў. Усё стане больш ясным пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі».

Што да асьвятленьня пратэстаў у Расеі на афіцыйных беларускіх тэлеканалах, то, паводле Калякіна, гэта — несамастойныя мэдыі. Каб там нешта памянялася, павінна памяняцца пазыцыя таго, хто імі кіруе.

Паводле лідэра кампаніі «Гавары праўду» Уладзімера Някляева, грамадзкасьць у Расеі таксама даведзеная дзеяньнямі ўлады да мяжы трываньня.

«Гэта сыгнал ня толькі расейскай уладзе пад прэзыдэнцкія выбары, але і беларускай уладзе пад парлямэнцкія выбары. Бо калі ўлада бярэ прыклад са старэйшага брата, то чаму грамадзкасьці не ўзяць прыклад і не аспрэчыць фальсыфікацыю ня толькі прэзыдэнцкіх, але і парлямэнцкіх выбараў?»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG