Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Нацбанк зьвёў магчымасьць крэдытаў да нуля


Нацыянальны банк

Нацыянальны банк

Дванаццаты раз ад пачатку году Нацыянальны банк Беларусі падвысіў стаўку рэфінансаваньня. Гэтым разам — яшчэ на 5%, давёўшы агульны паказьнік да 45%. І калі банкі атрымліваюць магчымасьць завабліваць кліентаў большымі стаўкамі па дэпазытах, то крэдыты для юрыдычных і фізычных асобаў робяцца амаль непад’ёмнымі.

Доктар эканамічных навук Уладзімер Кулажанка лічыць, што чарговая карэкціроўка стаўкі рэфінансаваньня ў бок яе падвышэньня запаволіць эканамічны рост, які і без таго Не вызначаецца дынамікай. Па словах адмыслоўца, найбольш пры гэтым пацярпяць юрыдычныя і фізычныя асобы, якія разьлічвалі крэдытавацца:

«45% рэфінансаваньня — гэта, па сутнасьці, забарона крэдытаў для насельніцтва, а таксама для прадпрымальнікаў сярэдняга і малога бізнэсу. І гэта фактар, які
будзе істотна стрымліваць разьвіцьцё эканомікі. З аднаг боку, абвешчаны інавацыйны працэс, але зь іншага боку, яго, па-сутнасьці, няма, бо толькі 11% валавога ўнутранага прадукту вырабляецца на аснове новых тэхналёгій. Усё астатняе — на састарэлым абсталяваньні з выкарыстаньнем старых тэхналёгій. Шчыра кажучы, калі спачатку стаўка рэфінансаваньня паднялася за 20%, то я тады ўжо быў перапалоханы, бо гэта вельмі высока. Фактычна працэнт па крэдыце, які б ён ні быў — кароткачасовы ці доўгатэрміновы — ужо тады ня мог быць ніжэйшы за 23-25%. А калі зараз 45%, дык для эканомікі гэта наогул вельмі дрэнная зьява».

Пасьля таго, як ва ўмовах дэфіцыту СКВ валютнае крэдытаваньне было згорнутае, альтэрнатыўныя рублёвыя пазыкі сталі амаль недаступныя з-за працэнтнай стаўкі, вызначанай банкамі ў прывязцы да стаўкі рэфінансаваньня. Відавочна, што браць крэдыт у сярэднім пад 50% гадавых адважыцца ня кожная нават пасьпяховая кампанія.

Зь іншага боку, камэрцыйныя банкі падвышэньне стаўкі рэфінансаваньня выкарыстоўваюць як магчымасьць завабіць насельніцтва прапановамі па дэпазытах. Асобныя фінансавыя ўстановы абяцаюць да 70% гадавых па рублёвых укладах. Між тым, эканамісты нагадваюць: ад пачатку году рубель страціў у вартасьці ўтрая і, каб атрымаць адэкватны прыбытак, трэба апэраваць зусім іншымі лічбамі.

Як кажа менскі прадпрымальнік Аляксандар Таўстыка, такія абяцаньні вабяць хіба што вельмі даверлівых ці наіўных людзей:

«Прабачце, але гэта ўжо проста трэба быць апошнім ідыётам. Калі ты добраахвотна нясеш нешта ў беларускі банк, значыць, ці ўжо не адчуваеш ніякіх рэаліяў, ці жывеш у прыдуманым сьвеце. Каму аддаваць грошы, з кім падзяліцца апошняй капейчынай — гэта ж не мэханічная справа. А рэаліі такія, што да дзяржавы і яе інстытуцыяў няма ніякага даверу, вось і ўсё. Пра якія рахункі гаворка? У многіх прадпрымальнікаў ёсьць рахункі ў беларускіх рублях, калісьці прымусова іх паафармлялі. Яны як былі пустыя, так і застаюцца, банкі іх самі сабе абслугоўваюць, просяць толькі, каб па 10 тысяч на абслугоўваньне пералічвалі. Нешта, мабыць, пракручваюць, бо з кожнага па 10 тысяч — дык ім і добра».

Да канца году стаўка рэфінансаваньня можа падвысіцца яшчэ. Паводле мэтодыкаў Міжнароднага валютнага фонду, гэты паказьнік на 1-2% мусіць перавышаць узровень інфляцыі, якая ў Беларусі даўно скарыла 100-працэнтную мяжу, а па выніках 2011-га можа дасягнуць 120%. Пры такім раскладзе стаўка рэфінансаваньня гэтаксама мусіць быць ніяк не ніжэй за 100%.

Прадстаўніца МВФ у Беларусі Натальля Калядзіна днямі выказала шкадаваньне, што замест рэформаў улады Беларусі вырашылі зноў вярнуцца да папулісцкай эканамічнай палітыкі, якая прадугледжвае друкаваньне пустых грошай пад дзяржаўныя праграмы і на разнастайныя кампэнсацыі.

Як кажа фінансавы аналітык Андрэй Карпунін, цяперашняя эканамічная палітыка — вынік пасьлядоўнага ігнараваньня эканамічных законаў і цяпер даводзіцца толькі расхлёбваюць выдаткі «беларускага цуда»:

«Разумееце, падмурак праблемаў, якія мы разграбаем сёлета, быў закладзены нават не ў мінулым годзе. Падмурак гэтых праблемаў заключаецца ў рэальным макраэканамічным праліку, які адбыўся нашмат раней. Але зараз ужо няма ні тых міністраў фінансаў, ні тых міністраў эканомікі, а на новых вешаць усе гэтыя хвасты і абвінавачваць іх у нейкіх памылках — гэта збольшага бессэнсоўна. Усе яны новыя людзі на гэтых пасадах і маюць справу з тым, у што вылілася праца іх папярэднікаў».

Тым часам беларускі рубель два тыдні запар дэманструе тэндэнцыю да ўмацаваньня на тле важнейшых валют. Сёньня ён зафіксаваўся на адзнацы 8500 за даляр, што, на думку аналітыкаў, супярэчыць эканамічнай лёгіцы.




Стаўка рэфінансаваньня — інструмэнт грашова-крэдытнага рэгуляваньня, з дапамогай якога Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь уплывае на стаўкі міжбанкаўскага рынку, а таксама стаўкі па дэпазытах і крэдытах для юрыдычных і фізычных асобаў, якія прадстаўляюцца крэдытнымі ўстановамі – як правіла, дзяржаўнымі і камэрцыйнымі банкамі.

Стаўка рэфінансаваньня заўсёды ўказваецца ў працэнтах гадавых, таксама гэта стаўка, пад якую Нацыянальны Банк дае крэдыты камэрцыйным банкам.
Зьмяненьне памеру працэнтнай стаўкі ёсьць адным з інструмэнтаў грашова-крэдытнай палітыкі дзяржавы -- разам з апэрацыямі на адкрытым рынку і зьмяненьнем памеру нормы абавязковага рэзэрваваньня камэрцыйных банкаў.
XS
SM
MD
LG