Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прапануем вам агляд матэрыялаў з сайту расейскай службы нашага радыё, прысьвечаны масавым пратэстам у Расеі супраць фальсыфікацыяў на думскіх выбарах 24 лістапада.

Сацыёляг Леў Гудкоў — аб расчараваных у «Единой России»

Леў Гудкоў

Леў Гудкоў

Напярэдадні акцый пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў-2011 Аналітычны цэнтар Юрыя Лявады апублікаваў на сваім сайце дадзеныя перадвыбарных апытаньняў, праведзеных 25-28 лістапада. У адпаведнасьці з расейскім заканадаўствам, сацыёлягі не маглі апублікаваць гэтыя дадзеныя ў апошні тыдзень перад выбарамі. А між тым, менавіта ў гэты час моцна зьмяніліся настроі расійскіх выбаршчыкаў.

Толькі 31% апытаных Лявада-цэнтрам меркавалі, што «Единая Россия» зьяўляецца самастойнай палітычнай сілай. 52% былі ўпэўненыя, што гэтая партыя — толькі прылада ў руках Уладзімера Пуціна і яго атачэньня. У параўнаньні з лістападам 2007 году гэтая лічба вырасла на 14%. Па просьбе Радыё Свабода дадзеныя апытаньня камэнтуе дырэктар Цэнтру Леў Гудкоў:

— Апошняе апытаньне паказала надзвычай цікавую тэндэнцыю — вельмі хуткую мабілізацыю пратэстных настрояў, перш за ўсё, вядома, у буйных гарадах.

Чытаць далей...

Маўчаньне Крамля

Дзьмітры Арэшкін

Дзьмітры Арэшкін

Расейскія ўлады пакуль ніяк не адрэагавалі на патрабаваньні ўдзельнікаў масавых акцый 10 сьнежня ў Маскве і больш чым 80 гарадах Расеі. Інфармацыйныя агенцтвы цытуюць толькі словы прэсавага сакратара прэм’ер-міністра Уладзіміра Пуціна Дзьмітрыя Пяскова. Ён заявіў журналістам, што ва ўрада няма камэнтароў з нагоды шматтысячнага мітынгу пратэсту супраць фальсыфікацыі на выбарах, які прайшоў у Маскве .

Крэмль і Белы дом адчулі ўчора сапраўдны шок, лічыць вядомы расійскі палітоляг Дзьмітрый Арэшкін, — адсюль і маўчаньне:

— Яны прывыклі, што насельніцтва — гэта такая аморфная, плястылінавая маса, зь якой можна ляпіць тое, што ім хочацца. І раптам такі вал пратэсту. Раптам інтэрнэт поўны паведамленьняў пра фальсыфікацыі. Раптам паняцьце аб тым, што нас падманулі, стала дамінуючым. І капітал даверу, які размываецца, — зараз проста перастаў існаваць. Што б цяпер ні сказаў Чураў, нават калі ён раптам выпадкова скажа праўду, яму ўжо не павераць. І тое самае паступова атрымліваецца з Уладзімірам Пуціным, — мяркуе Дзьмітры Арэшкін.

Чытаць далей...

Праваабаронца Крыс Ўокер — аб запасе трываласьці расейскай палітычнай сыстэмы

Крыс Ўокер

Крыс Ўокер

— Галоўны ўрок палягае ў тым, на мой погляд, што сыстэма, якая па сутнасьці сваёй усё больш няздольная рэагаваць на запыты грамадзтва, непазьбежна вычэрпвае свой жыцьцёвы запас. Было б няслушным праводзіць прамыя паралелі паміж расейскай і блізкаўсходняй або паўночнаафрыканскай мадэльлю палітычнай сыстэмы, але і ў адным, і ў другім выпадку мы бачым падобныя рысы і праблемы. Сыстэма, створаная ў Расеі, мяркуючы па ўсім, дасягае мяжы запасу трываласьці. Вельмі важна, каб у дадзены момант заходнія дэмакратыі кінулі сьвежы позірк на свае адносіны з Расеяй, таму што выбары паказалі, што ў значнай часткі расейскага грамадзтва існуе жаданьне пераменаў, жаданьне мець права выбару. Толькі дзякуючы гэтым выбарам і рэакцыі з боку расейцаў на спробы фальсыфікацыі выбараў сьвет ясна ўбачыў настроі расейскага грамадзтва.

Чытаць далей...

Пасьля Балотнай: калі, дзе і што

Трынаццатага сьнежня адбудзецца першы сход аргкамітэту акцыі пратэсту 24 сьнежня супраць несумленных выбараў.

Пра гэта ў сваім блогу паведаміў палітык Ільля Панамароў:

Ільля Панамароў

Ільля Панамароў

«Збор пройдзе ў адкрытым фармаце, у парадку, прадугледжаным Хартыяй Сацыяльных Форумаў: запрашаюцца ўсе жадаючыя дапамагчы ў плянаваньні і арганізацыі мітынгу.

Будуць вызначаны месца і час правядзеньня мітынгу, прынцыпы адбору выступоўцаў, разьмеркаваныя зоны адказнасьці. Да правядзеньня аргкамітэту на ўсялякі выпадак будуць пададзены заяўкі на некалькі магчымых месцаў правядзеньня акцыі, але канчатковае рашэньне прымем менавіта ў аўторак».

Папярэдняя заяўка на мітынг 24 сьнежня пададзеная на тры месцы: Васільеўскі спуск, Манежная плошча і праспэкт Сахарава, — гаворыцца ў блогу Ільлі Панамарова.

Апазыцыя абяцала правесьці масавы мітынг пратэсту 24 сьнежня, калі ўлада ня выканае патрабаваньні, пра якія сотні тысяч людзей заявілі на агульнарасейскіх мітынгах 10 сьнежня. Гэтыя патрабаваньні такія: вызваленьне палітвязьняў; адмена вынікаў выбараў; адстаўка кіраўніка ЦВК Уладзімера Чурава, расьсьледаваньне яго дзейнасьці і ўсіх фактаў фальсыфікацый на выбарах; зьмена закону аб рэгістрацыі палітычных партый, рэгістрацыя апазыцыйных партый; правядзеньне новых выбараў.

Чытаць далей...

Што далей?

Расейскія блогеры падводзяць вынікі мітынгу на Балотнай. З аднаго боку, маштаб акцыі дазваляе выказаць здагадку, што іх голас будзе пачуты. Зь іншага боку, мала хто верыць, што патрабаваньні мітынгоўцаў задаволяць. Піша публіцыст Дзьмітрый Глухоўскі:

Дзьмітры Глухоўскі

Дзьмітры Глухоўскі

Мы выступілі; нам паабяцалі «прыслухацца». Але гэтага не адбудзецца. Таму што рэжым, які першапачаткова пабудаваны як крымінальна-фэадальная піраміда, немагчыма часткова дэмакратызаваць. Любыя сапраўдныя ініцыятывы па яго дэмакратызацыі могуць прывесьці да ланцуговай рэакцыі і развалу сыстэмы, таму будуць імітаваць і сабатаваць. Таму іх задача — даць нам разрадку і застацца пры ўладзе любой цаной. І яны будуць выкарыстоўваць усе сродкі, якія могуць купіць. Яны НЯ выканаюць нашы патрабаваньні. Яны НЯ пойдуць нам насустрач. Таму што яны разумеюць: для іх гэта гульня ва-банк. Пакуль 10 сьнежня на Балотнай — гэта не перамога. Але калі мы спынімся, гэта будзе дзень паразы.

Блогеры спрабуюць прадбачыць наступныя крокі з боку ўладаў. Журналіст «Коммерсанта» Андрэй Казенка лічыць, што мітынгоўцы засьпелі іх зьнянацку:

У крамлёўскіх натуральная гістэрыка, за якой я назіраю не без задавальненьня. Мядзьведзеў піша ў Фэйсбуку, што ня згодны з патрабаваньнямі пратэстуючых, хоць усе патрабавалі сумленных выбараў. Суркоў падумвае над стварэньнем партыі «разьюшаных гараджанаў», трохі забываючы, што разьюшаныя яны не па жыцьці, а таму што сам Суркоў іх і падмануў 4 сьнежня. Супрацоўнік адміністрацыі прэзыдэнта ў ноч перад мітынгам піша бессэнсоўныя п’яныя твіты з граматычнымі памылкамі. У Грамадзкай палаце ці ледзь не раскол.

Я думаю, яны разумеюць, што адбываецца, але не прымаюць гэта. Таму што прыняцьце азначала б поўную перабудову імі ж створанай сыстэмы. Яны на гэта не пойдуць. Будзе барацьба.

Чытаць далей...
XS
SM
MD
LG