Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хашчавацкі паказаў «Звычайныя выбары»

абноўлена

Хашчавацкі паказаў «Звычайныя выбары» «Звычайныя выбары» зьнятыя ў той жа стылістыцы, што і «Звычайны прэзыдэнт» 15 год таму.

Гэта — памфлет на Аляксандра Лукашэнку і ягоны рэжым. 55-хвілінны фільм, які стварыў Юрый Хашчавацкі, — гэта спроба зразумець, што здарылася зь беларусамі і Беларусьсю. У фільме багата іранічных, саркастычных момантаў і каментароў за кадрам, паведамляе сайт тэлеканала Белсат.

Фільм выйшаў на Белсаце 10 сьнежня. Рэжысёр перакананы: беларускае грамадзтва ўсё больш цэніць каштоўнасьці сувэрэнітэту і непакоіцца з-за таго, што робіць Лукашэнка, «але пакуль, скажам шчыра, яно яшчэ не гатова жыць паводле дэмакратычных законаў». Таму ў фільме «Звычайныя выбары» больш пэсымізму і трагічнасьці, чым у «Звычайным прэзыдэнце». Як кажа Хашчавацкі, «гэта ўжо не проста сьмех з дыктатара, а яго ацэнка». Хашчавацкі кажа, што першыя 35 хвілінаў фільму былі зьнятыя яшчэ ў жніўні і ён чакаў, чым лагічна завершацца падзеі, якія здарыліся 19 сьнежня 2010 г. і пазьней. Хашчавацкі адзначае, што фільм закальцавалі не сацыяльныя пратэсты, якія маглі б адбыцца праз крызыс, а распродаж Лукашэнкам «фамільнага срэбра» краіны. «Беларусь і нас пачынаюць прадаваць», — сумна рэзюмуе рэжысёр.



Многія відэаматэрыялы гледачы змаглі пабачыць упершыню, кажа праграмны дырэктар «Белсату» Сяржук Пялеса:

«„Звычайныя выбары“ — гэта творчы, дасьціпны сатырычны мантаж тых матэрыялаў, якія ўжо ёсьць. Тое, што там зьнята новае — гэта ў асноўным камэнтары, меркаваньні і ацэнкі экспэртаў, вядомых людзей. Да прыкладу, яшчэ нідзе раней не былі паказаныя здымкі Андрэя Саньнікава, зробленыя да ягонага арышту і асуджэньня. Таксама выказваюцца Ірына Халіп, Аляксандр Фядута і многія іншыя. У гэтым фільме я асабіста ўпершыню пабачыў некаторыя кадры падзеяў 2010 году. Да прыкладу, выразна паказана, як правакатар заахвочвае людзей заатакаваць будынак Дому ўраду, а пераважная бальшыня дэманстрантаў на гэта не рэагуе і заяўляе аб правакацыі».

Дакумэнтальны фільм «Звычайныя выбары» быў задуманы і стаўся працягам вядомага фільма «Звычайны прэзыдэнт», зьнятага Юрыем Хашчавацкім у 2006 годзе. Аўтарству гэтага вядомага дакумэнталіста належаць таксама фільмы «Плошча», «Лабатамія» і многія іншыя, прысьвечаныя палітычным падзеям у Беларусі і ў суседніх краінах. Новы фільм Юрыя Хашчавацкага вядомы сцэнарыст Уладзімер Халіп назваў бліскучым творам кінамастацтва:

«Выдатны фільм зрабіў спадар Юры Хашчавацкі. Ён паказаў, што ўсё тут звычайнае: звычайнае жыцьцё — быдлячае — трэба сказаць праўду, звычайная культура, якой няма і — зразумела — звычайныя выбары з тымі вынікамі, пра якія мы ўсе ведаем. І нічога іншага ў гэтай краіне ня будзе, пакуль гэты звычайны парушальнік усіх юрыдычных і маральных законаў будзе заставацца пры ўладзе. Фільм таленавіты, тонкі, разумны, іранічны. Асабліва хочацца адзначыць фінал — танец з маскоўскімі гаспадарамі, які доўжыцца бясконца. Але хтосьці павінен гэты танец спыніць. І думаю, што гэты „хтосьці“ ўжо добра вядомы, — гэта будзе беларускі народ».
Юрый Хашчавацкі — нарадзіўся у 1947 у Адэсе. У 1973 годзе скончыў Адэскі тэхналягічны інстытут, у 1981 — тагачасны Ленінградзкі дзяржаўны інстытут тэатру, музыкі і кінэматаграфіі. Працаваў у Белгандальрэкляме ад 1976 г, на Беларускім тэлебачаньні ад 1978 г, на «Беларускім тэлефільме» ад 1985 г, на кінастудыі «Беларусьфільм» ад 1989 г. Зьняў больш за 30 дакумэнтальных фільмаў. У 1996 годзе выйшаў фільм «Звычайны прэзыдэнт» пра Аляксандра Лукашэнку. Атрымаў больш за дзесяць міжнародных узнагародаў. У тым ліку «Кінапрэмія Сьвету» Бэрлінскага міжнароднага кінафэстывалю (1997) і Гран-пры «Human Rights Watch» у Нью-Ёрку (1998)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG