Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Белсату» – 4 гады


«Прафэсіяналізм – мера нашага значэньня. Чатыры гады таму мы пачалі з 3-хвіліннага выданьня навінаў. Сёньня мы робім некалькі выпускаў навінаў штодзённа ды шмат іншых праграмаў ды фільмаў», – гаворыць дырэктарка тэлеканалу Агнешка Рамашэўская-Гузы.

Чатыры гады таму пачало трансьляцыю сваіх праграмаў тэлебачаньне «Белсат» – незалежны канал для гледачоў у Беларусі, які ёсьць часткаю Польскага тэлебачаньня. З нагоды чатырохгодзьдзя каналу адбылася адмысловая канфэрэнцыя, на якой былі падведзеныя вынікі працы за гэты час ды агучаныя пляны разьвіцьця «Белсату».

Аляксей Дзікавіцкі
Аляксей Дзікавіцкі
У сакавіку 2012 году замест асобных выданьняў навінаў «Белсат» плянуе запусьціць інфармацыйна-публіцыстычны блёк. «Цягам 45–60 хвілінаў кожны глядач, які ўвечары ўключыць «Белсат», атрымае поўную інфармацыю пра сытуацыю ў Беларусі ды ў сьвеце. Гледачы змогуць задаваць пытаньні ў жывым эфіры як журналістам, гэтак і экспэртам, якія выступяць у эфіры», – распавёў кіраўнік рэдакцыі навінаў Аляксей Дзікавіцкі.

​«Але «Белсат» – гэта ня толькі тое, што мы бачым на экране. Цягам чатырох гадоў «Белсат» выконвае важную культуратворчую ролю, – падкрэсьлівае Агнешка Рамашэўская-Гузы. – Тэлеканал стаўся важным інстытутам у грамадзкім жыцьці Беларусі ды ў польска-беларускіх стасунках. За кожнаю праграмаю ці фільмам стаяць ягоныя творцы, беларускае незалежнае асяродзьдзе, і «Белсат» аб’ядноўвае гэтых людзей».

Агнешка Рамашэўская-Гузы
Агнешка Рамашэўская-Гузы
«Белсат» фінансуецца польскім Міністэрствам замежных справаў, Польскім тэлебачаньнем і замежнымі спонсарамі. «Тэлеканал ніколі б не паўстаў ня толькі без журналістаў, але і без дабрачыннага падтрыманьня. Галоўныя спонсары – Міністэрства замежных справаў Рэспублікі Польшча, польскае грамадзкае тэлебачаньне TVP S.A., швэдзкая агенцыя СІДА, амбасада Каралеўства Нідэрляндаў у Польшчы, дзяржавы Паўночнай Рады. Але нягледзячы на падтрыманьне, штогод «Белсату» не хапае фінансаваньня. Заклікаю нашых дабрачынцаў падтрымаць канал, каб мы маглі ў 2012 г. разам з нашымі гледачамі адзначыць пяцігодзьдзе», – дадала дырэктарка «Белсату».

Падчас канфэрэнцыі адбылося традыцыйнае ўзнагароджваньне статуэткаю «Сябра «Белсату». Сёлета ўзнагароду атрымала Амбасада Каралеўства Нідэрляндаў.

Чарговае апытаньне, праведзенае ў Беларусі недзяржаўным цэнтрам дасьледаваньня грамадзкай думкі, сьведчыць пра 87-адсоткавы давер гледачоў «Белсату» – першаму і адзінаму незалежнаму тэлебачаньню ў Беларусі.

Радыё Свабода віншуе калегаў з чацьвёртымі ўгодкамі няпростае і плённае працы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG