Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы «Вясны» павіншавалі менчукоў з Днём правоў чалавека


Актывісты праваабарончага цэнтру «Вясна» ў цэнтры Менску правялі акцыю з нагоды Міжнароднага Дня правоў чалавека, які ў сьвеце адзначаецца 10 сьнежня. Яны віншавалі менчукоў з гэтым днём, а таксама раздавалі тэксты «Усеагульнай дэклярацыі правоў чалавека», улёткі кампаніі «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня ў «Беларусі», а таксама налепкі «Скажы НЕ сьмяротнаму пакараньню».

Большасьць мінакоў ахвотна разьбіралі друкаваныя матэрыялы і пазытыўна рэагавалі на віншаваньні. Гэткім чынам за кароткі час разышліся некалькі сотняў буклетаў і ўлётак.

Актывістка «Вясны» Наста Лойка гэтак пракамэнтавала мэту акцыі: «Для нас гэта традыцыйная акцыя — мы штогод раздаём тэксты „Усеагульнай дэклярацыі правоў чалавека“.

Шэсьдзесят тры гады таму яна была ўхваленая Генэральнай асамблеяй ААН і таму вельмі важна менавіта ў гэты дзень перадаць яе людзям. Летась тэкст дэклярацыі мы раздавалі разам з Алесем Бяляцкім і гэты факт мае гістарычнае значэньне: ў часы савецкага саюзу адзін зь беларускіх дысыдэнтаў, які раздаваў тэкст „Усеагульнай дэклярацыі правоў чалавека“, быў асуджаны да шасьці гадоў псыхіятрычнага лекаваньня. Важна пра гэта памятаць і рабіць усё, каб становішча з правамі чалавека ў нашай краіне зьмянялася да лепшага».

Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», Алесь Бяляцкі за праваабарончую дзейнасьць быў асуджаны на 4,5 гады зьняволеньня.
XS
SM
MD
LG