Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта змаганьне са сваім народам і з пэрспэктывай краіны»


Прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасьці шкадуюць аб закрыцьці беларускімі ўладамі прадстаўніцтва нямецкага фонду імя Фрыдрыха Эбэрта. Беларускае прадстаўніцтва існавала ў Менску з 1997 года.

Беларускае міністэрства замежных спраў не працягнула акрэдытацыю нямецкаму фонду Эбэрта, бо яго дзейнасьць «ня ў поўнай ступені адпавядае крытэрам канструктыўнага ўзаемадзеяньня з органамі дзяржкіраваньня Беларусі». Таксама, паводле беларускага МЗС, паўплывала «рэзкая радыкалізацыя пазыцыі Нямеччыны адносна Беларусі». Нямецкія ўлады назвалі гэта рашэньне беларускіх уладаў «чарговым крокам у бок самаізаляцыі», што «яшчэ больш ускладніць нармалізацыю стасункаў Беларусі і Эўразьвязу». Старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук у лісьце да дырэктара прадстаўніцтва фонду Эбэрта на Ўкраіне і ў Беларусі Урсулы Кох-Лаўгвіц заявіў, што не падзяляе рашэньня афіцыйнага Менску.

«Фонд настолькі многа карыснага рабіў для Беларусі, для грамадзянскай супольнасьці, што гэтае жаданьне весьці зноў палітыку халоднай вайны, самаізаляцыі абсалютна незразумелае. Гэта палітыка нічым карысным для краіны ня скончыцца».

Фонд праводзіў сэмінары і канфэрэнцыі, зь яго дапамогай рабіліся дасьледаваньні, выпускаліся кнігі. Незалежныя прафсаюзы таксама ўвесь час актыўна супрацоўнічалі з фондам.

Фонд стаў ахвярай даволі прынцыповай палітыкі Нямеччыны ...

«Гэта былі бездакорныя з палітычнага сэнсу праграмы, гэта былі сэмінары, да якіх мы прыцягвалі экспэртаў. Яны былі прафэсіяналамі ва ўсім, што тычыцца разьвіцьця прафсаюзнага руху. Там абсалютна ніякім бокам блізка не стаяла палітыка. Гэта добра разумелі і ў МЗС. Фонд стаў ахвярай даволі прынцыповай палітыкі Нямеччыны, якая апошнім часам мае месца, адносна сытуацыі ў Беларусі. Улады Нямеччыны мелі поўнае права, каб такую палітыку ладзіць. Беларускія ўлады зрабілі ахвярай фонд. Шкодзяць яны самі сабе».

Паводле палітыка Анатоля Сідарэвіча, афіцыйны Менск стараецца хоць неяк дробна адпомсьціць нямецкаму боку. Фонд у Беларусі зачыняюць ужо ў трэці раз. Аднак Сідарэвіч мяркуе, што немцы зробяць нейкія саступкі і прадстаўніцтва зноў адчыняць. Ён таксама адзначае, што фонд Эбэрта, вельмі блізкі да сацыял-дэмакратычнай партыі Нямеччыны.

Анатоль Сідарэвіч

Анатоль Сідарэвіч

«Не прыпомню, каб ён даў нейкую карысьць беларускай сацыял-дэмакратыі. Іншы раз здаралася там нейкі сэмінар арганізаваць. Тутэйшыя людзі, якія працуюць у фондзе, стараліся пазьбягаць нейкіх канфліктаў з уладай і пасьля перавароту 1996 году як далей трымацца ад палітыкі. Хаця фонд, натуральна, палітычны. Яны займаліся такімі пытаньнямі як мясцовае самакіраваньне, іншымі пытаньнямі. Я не памятаю ніводнага выданьня фонду на беларускай мове. Яны стараліся ўладу не раздражняць. Трэба разумець, што гэту ўладу ніколі не задаволіш. Я памятаю прадстаўніка фонду Сяргея Анацку, які проста ажно калаціўся, калі бачыў Міколу Статкевіча. Нашы чыноўнікі хацелі, каб гэты фонд поўнасьцю абслугоўваў уладу».

Фонд Эбэрта быў адным са спонсараў штогадовай беларуска-нямецкай канфэрэнцыі «Менскі форум». Яго арганізатары сёлета адмянілі гэтае мерапрыемства з-за наяўнасьці палітвязьняў у Беларусі. Паводле палітоляга Аляксандра Класкоўкага, фонд Эбэрта, як і шэраг іншых замежных фондаў выціснутых зь Беларусі, ніякай небясьпекі не ўяўляў. Гэта палітыка ўладаў недальнабачная і працуе супраць пэрспэктыў Беларусі.

«Гэта дапамога трэцяму сэктару. Разам з тым цэлы шэраг праграм рэалізоўваўся сумесна з дзяржаўнымі структурамі. Беларуская ўлада ў прынцыпе падазрона ставілася да ўсялякай заходняй актыўнасьці такога кшталту. Ёй здаецца, што гэта ўсё сілкаваньне „пятай калёны“, ужо падпілоўваюць ножкі пад тронам гэтага рэжыму. І паколькі зараз пайшоў усходні трэнд, Масква падкінула грошай, ёсьць момант эўфарыі ў беларускіх уладаў. Раней яны не зважалі на тое, каб выглядаць вельмі галянтна перад Эўропай, а зараз тым болей. Вырашана, што тут няма чаго цацкацца. Гэта змаганьне са сваім народам і з пэрспэктывай краіны».



Фонд імя Фрыдрыха Эбэрта зьяўляецца адным з найбуйнейшых некамэрцыйных фондаў Нямеччыны, блізкіх да Сацыял-дэмакратычнай партыі. Ён быў заснаваны ў 1925 годзе і названы ў гонар першага ў гісторыі Нямеччыны дэмакратычна абранага кіраўніка дзяржавы. Прадстаўніцтвы фонду працуюць больш як у 100 краінах.
XS
SM
MD
LG