Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзясяткі тысяч на Балотнай плошчы ў Маскве


Камэры Радыё Свабода працавалі на Балотнай плошчы ў Маскве. Там апазыцыйныя партыі і рухі Расеі склікалі мітынг пратэсту супраць фальсыфікацыяў на выбарах у Дзярждуму.

Паводле розных ацэнак удзел у мітынгу ўзялі ад 15 да 80 тысяч чалавек. Самі арганізатары казалі пра 100 і нават пра 150 000. Мітынг прыняў рэзалюцыю з заклікам да вызваленьня палітвязьняў, адмены вынікаў выбараў, адстаўкі кіраўніка ЦВК і рэгістрацыі апазыцыйных партыяў. Удзельнікаў заклікалі сабрацца ў наступную суботу на Пушкінскай плошчы.

З 15.20 з Балотнай плошчы ў Маскве ішла толькі простая гукавая трансьляцыя. На думку арганізатараў, праблемы з сувязьзю на плошчы былі невыпадковыя.

Падрабязную тэкставую трасьляцыю зь мітынгу, а таксама фотэрапартаж вёў сайт Расейскай службы нашага Радыё.




16.15 Арганізатары ставяць на галасаваньне рэзалюцыю мітынгу. 1. Вызваленье палітвязьняў. 2. Адмена вынікаў выбараў. 3 Адстаўка старшыні ЦВК Чурава, расьсьледаваньне выпадкаў фальсыфікацыі і пакараньне вінаватых у іх. 4.Рэгістрацыя апазыцыйных партыяў... Рэзалюцыя ўхвалаецца.



Выступ журналіста Леаніда Парфёнава

16.07 Выступае адна з былых кандыдатак у дэпутаты Дзярждумы. Чытае верш Пушкина:

Товарищ, верь: взойдет она,
Звезда пленительного счастья,
Россия вспрянет ото сна,
И на обломках самовластья
Напишут наши имена!


16.06 Арганізатары заклікаюць сфармуляваць заключны лёзунг мітынгу. Плошча разам зь імі скандуе "Завершим декабрь так - над Кремлём наш флаг!"

16.01 Слова бярэ рэдактар часопісу "Вокруг света" Сяргей Пархоменка. Назваў выбары хлусьнёй. Назваў праўладных журналістаў баязьліўцамі. Зьвярнуўся да калегаў з заклікам расказаць праўду пра гэты мітынг. Сказаў, што гэты мітынг не павінен стаць апошнім, ён павінен стаць першым.

15.55 Выступае Надзея Талаконьнікава. Заклікае да адзінства "Пока мы едины - мы непобедимы!"

15.28 Прамаўляе журналістка Яўгенія Альбац. Заклікае ствараць грамадзянскія камітэты і зьбіраць подпісы за адмену вынікаў выбараў і за адстаўку Пуціна і Мядзьведзева.

15.26 Выступае правабаронца Валеры Баршчоў. Не - фальсыфікацыям.

15.24 Выступае Сяргей Канаеў ад Фэдэрацыі аўтаўладальнікаў Расеі. Заклікае вызваліць палітвязьняў і адправіць у адстаўку вінаватых у фальсыфікацыях. "Я за Россию без Путину. Я предлагаю правящей элите три выхода - Шереметьево, Домодедово, Внуково"

15.22 Выступае Елена Панфілава. Заклікае ачысьціць Расею ад карупцыі.

15.18 Выступае пісьменьнік Сяргей Шаргуноў. Патрабуе свабодных выбараў.

15.10 Арганізатары са спасылкай на МУС заяўляюць, што ў мітынгу бяруць удзел ад 100 да 150 тысяч чалавек.

15.00 Выступае кіраўнік фракцыі КПРФ у Маскоўскай Думе. Заклікае салідарна выступіць на прэзыдэнцкіх выбарах і не дапусьціь да фальсыфікацыяў.

14.59 Вядучы мітынгу Ўладзімер Рыжкоў паведаміў, што ў мітынгу бяруць удзел каля 85 000 чалавек.

14.52 Выступае Яўгенія Чырыкава. Кажа, што ганарыцца сваім народам, які выйшаў з пратэстам на вуліцы. Заклікае запатрабавць свабоды для палітвязьняў, якімі у гэтыя дні ў Расеі сталі сотні чалавек, затрыманых за папярэднія пратэсты. Кажа, што ў апазыцыі два асноўныя патрабаваньні - новыя выбары і вызваленьне палітвязьняў.

14.50 Удзельнікі мітынгу павярнуліся да Крамля і некалькі разоў праскандавалі "Жулики и воры!"

14.41 Выступае экс-прэм'ер Міхаіл Касьянаў. Ён кажа, што сёньня шчасьлівы дзень, бо на мітынг сабралася тысяч 60, а, можа, і 100 тысяч, гэта - пачатак канца зладзейскай улады. Касьянаў скандуе: сёньня 100 тыяча, заўтра - мільён. Плошча і выступоўца скандуюць "Даёшь новые выборы!" і "Не пустим Путина в Кремль!" Касьянаў запатрабаваў адмены вынікаў выбараў у Дзярждуму.

14.36 Выступае лідэр "Яблока" Сяргей МІтрохін. Выступоўца і плошча скандуюць "Позор воровской Думе!". Заклікае таксама расьсьледаваць парушэньні на выбарах і прыцягнуць да адказнасьці іх арганізатараў.

14.26 Выступае палітоляг Дзьмітры Арэшкін. Ён заклікаў усіх удзельнікаў стаць назіральнікамі на прэзыдэнцкіх выбарах пад лёзунгам "Не аддавайце выбары Чураву".

14.20 Карэспандэнты Свабоды паведамляюць, што на Балотнай плошчы вялікія праблемы з інтэрнэтам, ад гэтага - перабоі ў трансьляцыі. Арганізатара падазраюць, што праблемы з інтэрнэтам - невыпадковыя.

14.16 Выступае дэпутат Дзяржаўнай Думы ад "Справядлівай Расеі" Генадзь Гудкоў. Ён кажа пра фальсыфікацыі на выбарах і пра тое, што ў Расеі нарадзілася грамадзянская супольнасьць, якая ня дасьць скрасьці ў яе выбары.

14.06 Барыс Нямцоў заклікаў да адстаўкі старшыні ЦВК Расеі Чурава. Ён сказаў, што апазыцыя валодае тысячамі прыкладаў фальсыфікацыяў на выбарах. Нямцоў заклікаў запатрабаваць ад уладаў зарэгістраваць апазыцыйныя партыі - ніводная зь якіх не была зарэгістраваная за апошнія 12 гадоў. Нямцоў таксама заклікаў да новых выбараў. На заканчэньне Нямцоў разам з плошчай скандуе "Россия без Путина!"

13.50 Выступае журналіст Алег Кашын. Плошча скандуе "Россия без Путина!" Паводле міліцыі, на плошчы больш за 15 тысяч чалавек. Самі ўдзельнікі сьцьвярджаюць, што іх значна болей.

13.23 Мітынг адкрыў гурт "Рабфак" песьняй "Наш дурдом голосует за Путина!"

13.00 Мтынг пачынаецца. Арганізатары пратэсту калёнамі прывялі людзей, што сабраліся на першапачатковым месцы збору - Плошчы Рэвалюцыі.

12.50 Нацыянал-бальшавікі з партыі Эдуарда Лімонава пачалі мітынг ля помніка Марксу, скандуючы "Мы в болото не пойдем". Анархісты рушылі на Балотную.

Плянавалася, што ў мітынгу возьмуць удзел 30 тысяч чалавек. Паводле стану на 12.45 менскага часу на плошчы ўжо было больш за 10 тысяч чалавек.

Арганізатары акцыі ад раніцы пачалі будаўніцтва сцэны і мантаж апаратуры. Ужо вядома, што акцыю будуць весьці Ўладзімер Рыжкоў (Партыя народнай згоды, ПАРНАС) і Анастасія Ўдальцова («Левы фронт»).

Нашы карэспандэнты паведамляюць, што ў раён правядзеньня мітынгу сьцягнутыя тысячы паліцыянтаў, якія сядзяць у аўтобусах або патрулююць навакольле.

Напярэдадні акцыі народны артыст СССР Алег Басілашвілі ў інтэрвію Радыё Свабода сказаў:

«Я бясконца салідарны зь людзьмі, якія выходзяць у гэтыя дні на плошчы і вуліцы гарадоў Расеі. Мяне не зьдзіўляе такая вялікая колькасьць удзельнікаў — кажуць, 30 тысяч выйдзе 10 сьнежня ў Маскве. Я так жа, як і ўсе гэтыя людзі абураны фальсыфікацыяй вынікаў выбараў. І справа ня ў тым, якая партыя набрала большую колькасьць галасоў — сама па сабе прырода фальсыфікацый агідная, нават калі гэтая фальсыфікацыя супраць, дапусьцім, КПРФ, да якой я стаўлюся рэзка адмоўна. Мне здаецца, што на гэтых выбарах растаптана самае дарагое, што ёсьць у чалавека — пачуцьцё ўласнай годнасьці, павага да самога сябе. У дадзеным выпадку, уладамі праяўлена абсалютная непавага да свайго народу, пагарда да яго меркаваньня. Вось гэтым і абураныя людзі, якія выходзяць на масавыя акцыі».

Свой удзел у мітынгу пацьвердзілі многія вядомыя апазыцыйныя дзеячы, у тым ліку Барыс Нямцоў, Міхаіл Касьянаў, Грыгоры Яўлінскі і іншыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG