Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У самым усходнім райцэнтры Беларусі адзначылі Дзень правоў чалавека


У райцэнтры Хоцімск, што на Магілёўшчыне, мясцовыя актывісты грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» адзначылі Дзень правоў чалавека распаўсюдам брашур «Дэклярацыя правоў чалавека», а таксама іншых друкаваных выданьняў падобнай тэматыкі.

Акцыю актывісты правялі ў цэнтры Хоцімска ля мясцовага ўнівэрмага. Інцыдэнтаў зь міліцыяй не было.

Доўжылася акцыя каля гадзіны. Паводле ўдзельнікаў жыхары райцэнтраў выданьні бралі і сабе й нават суседзям, але непакоіліся, што іх могуць за гэта арыштаваць. Наагул адмаўляліся фатаграфавацца. У распаўсюднікаў цікавіліся пра апошнія падзеі — прысуды праваабаронцу Бяляцкаму й абвінавачаным у тэракце ў менскім мэтро Кавалёву ды Канавалаву.

«Траціна тых хто падыходзіў да нас цікавіліся нашымі меркаваньнямі на прысуды. Што да Кавалёва й Канавалава, то людзі выказваліся: „Як такое можа быць, каб у нашай краіне ды такое яны зрабілі?“. І вераць і ня вераць гэтаму. Ня могуць разабрацца — чаму яны гэта зрабілі. Не было рэзкіх выказваньняў — што вось расстраляць і ўсё. Бальшыня людзей усё ж наракала, што бяднеюць, цэны растуць і невядома, што будзе далей. Людзі разгубленыя», зазначае ўдзельнік акцыі жыхар Хоцімску Пятро.

Яшчэ адзін удзельнік акцыі Валер Каранкевіч заяўляе, што ў яго землякоў меней стала аптымізму адносна таго, што ўлада ведае, што робіць:

«Людзі адчуваюць, што ніякіх правоў у іх няма. Што ім скажуць, тое яны й вымушаныя рабіць. Характэрна, што з боязьзю бралі нашы брашуркі нават тыя, хто не залежыць ад улады — хто працуе ў Расеі. Сындром страху глыбокі сядзіць. Гэта ня першая наша акцыя. Мы падобнае рабілі, калі суд над Бяляцкім яшчэ ішоў. Уплыў дзяржаўнай прапаганды надзвычай моцны. Бальшыня верыць, што апазыцыя — гэта спрэс злодзеі і гультаі. Але сытуацыя мяняецца. Да гэтага змушае эканамічная сытуацыя».

Хоцімскі раён на мяжы з Расеяй. Значна частка тутэйшых жыхароў жыве з заробкаў у суседняй краіне. Насельніцтва раёну меней за дваццаць тысяч чалавек. Гэта самы ўсходні раён Беларусі.
XS
SM
MD
LG