Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Барыс Пятровіч абраны старшынём Саюзу беларускіх пісьменьнікаў


Барыс Пятровіч

Барыс Пятровіч

У Менску прайшоў ХVІ зьезд Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Выбары старшыні прайшлі на безальтэрнатыўнай аснове: вылучана была адна кандыдатура —Барыса Пятровіча, які быў намесьнікам Алеся Пашкевіча і галоўным рэдактарам часопіса «Дзеяслоў».


19.28 Старшыня падліковай камісіі Анатоль Івашчанка выступае. Зацьвярджаюцца пратаколы галасаваньня. У скрыні 204 бюлетэняў зь іх 5 несапраўдных. За Барыса Пятровіча — 184 галасы, супраць — 11. Такім чынам, старшынём Саюзу беларускіх пісьменьнікаў абраны Барыс Пятровіч.
Ён дзякуе за давер. Дзякуе Алесю Пашкевічу. Спадзяецца, што каманда не распадзецца.

19.20 Баршчэўскі чытае праўкі ў рэзалюцыі і дакумэнты, якія ўнесла рэдакцыйная камісія з улікам прапановаў дэлегатаў зьезду.

18.15 На зьезьдзе прымаюць рэзалюцыі. Някляеў прапануе прыняць рэзалюцыю аб патрабаваньні тэрмінова вызваліць усіх палітвязьняў.

Кажа, што дагэтуль не ўшанаваная памяць Васіля Быкава. прапануе зьвярнуцца да міністра культуры Паўла Латушкі з прапановай назваць імем Васіля Быкава Нацыянальную бібліятэку.

17.25 Перапынак на таемнае галасаваньне па безальтэрнатыўных выбарах старшыні арганізацыі



17.20 Спрэчкі вырашана завершыць. Сяргей Законьнікаў тлумачыць, якім чынам будзе ісьці галасаваньне.

16.50 Слова бярэ Славамір Адамовіч. Таксама кажа пра адказнасьць, адкрытасьць і яснасьць у вырашэньні спрэчных пытаньнях, вяртаючыся да справы Васіля Якавенкі. Крытыкуе Альгерда Бахарэвіча. Кажа, што не адчуў увагі да сваёй асобы з боку кіраўніцтва СБП.

Эдуард Акулін і Сяргей Законьнікаў удакладнілі, якія прэтэнзіі ёсьць да Бахарэвіча. Законьнікаў кажа, што скаргі трэба абмяркоўваць у працоўным парадку, а не на зьезьдзе.



16.32 Вырашана працягваць спрэчкі. Выступае Валер Санько.

16.31 Абрана падліковая камісія.

16.18 Ідзе вылучэньне ў склад рэвізійнай камісіі.

16.14 Ідзе яшчэ вылучэньне моладзі. Да 35 чалавек дадалося яшчэ 8. Усяго ў сьпісе 43 прэтэндэнты.

16.10 На трыбуну выходзіць Уладзімер Някляеў. Кажа, што наўрад ці зможа актыўна удзельнічаць у працы Рады. Прапануе ўнесьці ў сьпіс маладых — Куставу і Сьцебураку.

15.54 Пачынаецца вылучэньне кандыдатаў на пасаду старшыні, Рады і рэвізійнай камісіі. Рада вылучыла на пасаду старшыні Барыса Пятровіча. Законьнікаў пытаецца, якія яшчэ. На трыбуну выйшаў Барыс Пятровіч. Кажа, што разумее, які воз зьбіраецца цягнуць. Абяцаньняў пакуль рабіць ня будзе.
Паступае прапанова ўключыць у сьпіс Лявона Баршчэўскага. Лявон бярэ самаадвод.

Кажа, што кіраўніком павінен быць чалавек, які мае аўтарытэт. А Пятровіч — літаратар празаік, выцягнуў на сабе 55 нумароў «Дзеяслова». Просіць падтрымаць Барыса Пятровіча.

Паступае прапанова ўнесьці ў сьпіс кандыдатуру Ўладзімера Някляева.
Някляеў кажа: «Дзякуй, я ўжо быў».

З залі вылучылі Міхася Скоблу. Той таксама адмовіўся. Галасуюць за ўключэньне ў сьпіс кандыдатуры Пятровіча. Пераважная колькасьць — за, 7 чалавек устрымалася. Такім чынам, у сьпісе адна кандыдатура — Барыс Пятровіч. Паводле статуту, такое дапускаецца.

У склад Рады прапануецца ўключыць 35 чалавек. Вылучаць можна колькі заўгодна, але пройдуць 35, якія набралі большасьць галасоў.

15.50 Спрэчкі на некаторы час прыпыняюцца. Сяргей Законьнікаў заўважае, што Саюзу не хапае еднасьці і адказнасьці. І прапануе перайсьці да працэдурных пытаньняў. Абіраюць рэдакцыйную камісію.

15.38 Выступае Эрнэст Ялугін. Уздымае праблему літаратурнай крытыкі. Прапануе заснаваць прэмію для літаратуразнаўцаў. Гатовы ахвяраваць са сваёй пэнсіі. Прапануе стварыць часопіс прыгодніцкай літаратуры для падлеткаў.

Эрнэст Ялугін закранае лёс «Іслачы». Прапануе зьвярнуцца ў Генэральную пракуратуру, каб дапамчыся справядлівасьці.

15.31 Выступае Міхась Чарняўскі. Стан мовы і літаратуры цяжкі, але статыстыка існуе, каб хаваць сапраўдны стан. Таму ня варта так трагічна ставіцца да лічбаў, агучаных у дакладзе. Адзначыў, што няма беларускамоўных выданьняў для падлеткаў. Прапануе аднавіць «Нашу бярозку».

15.27 Выступае Аляксандар Фядута. Кажа, што яго ўразілі лічбы з дакладу Алеся Пашкевіча. 9 гадоў старшыньства — цяжкія гады для Пашкевіча. Улада рабіла ўсё, каб зьнішчыць Саюз. Але Саюз насуперак рабіў вялікую справу. Выдаваў часопісы, стварыў уласную кніжную сэрыю, ладзіў сустрэчы з моладзьзю.

Калі ацэньваць усё, што было зроблена кіраўніцтвам СБП, гэта вельмі шмат. Добрая праца.

15.15 Выступае галоўны рэдактар «Беларускага кнігазбору» Кастусь Цьвірка.

«У на ёсьць шмат аўтараў, дастойных заняць месца ў «Беларускім кнігазборы», пракананы Цьвірка.

Фэлікс Шкірманкоў, які ўступіў у Саюз, калі яму было ўжо за 80.

Прапануе, каб Рада з большай павагай ставілася да сваіх сяброў; і брала прыклад з Таварыства беларускай мовы, якое штомесяц віншуе сваіх сяброў з Днямі народзінаў.

15.05 Выступае кіраўнік Берасьцейскага аддзяленьня СБП Іван Мельнічук.

Берасьцейская суполка адзначыла сёлета 30-годзьдзе. Рост аддзяленьня — у два разы. Дзясятак чалавек просіцца ў наш Саюз. Многія сябры выдалі па дзясятку кніг, і некаторыя пішуць «лепш чым Леў Талстой».

14.55 Выступае Ала Сямёнава. Кажа, што трэба падтрымліваць моладзь, заахвочваць яе, як у свой час падтрымалі і маладога Арлова, маладога Някляева ды іншых.

14.36 Выступае Анатоль Вярцінскі. Дэлегаты віншуюць яго з

Узгадвае, што апошнім разам выступаў на Х зьезьдзе Саюза пісьменьнікаў у годзе. Цытуе фрагмэнт таго выступленьня, перафразаваў Шэксьпіра: жыць альбо ня жыць? Гэта выступленьне актуальнае і зараз. Задае рытарычнае пытаньне: што? спынілася жыцьцё? Чытае верш «Стаім мы перад будучыняй нашай...» Янкі Купалы, напісаны 90 гадоў таму.

Чытае новыя вершы, і свае, і маладых аўтараў, надрукаваныя ў часопісе «Верасень».

14.20 Перапынак скончыўся. У спрэчках выступае пісьменьнік Віктар Казько.

13.25 Перапынак да 14.00

13.16
Пачынаюцца спрэчкі. Выступае спадар Бароўскі, старшыня Гомельскага аддзяленьня СБП.

13.11 Дэлегаты галасуюць за тое, каб падтрымаць рашэньне Рады аб выключэньні Якавенкі з Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. За выключэньне — 100 дэлегатаў. Супраць — 22. Устрымалася — 29. Згодна са статутам, рашэньне прымаецца большасьцю галасоў. Такім чынам, зьезд падтрымлівае рашэньне Рады аб выключэньні з творчага саюзу Васіля Якавенкі.

13.09 Баршчэўскі зачытвае пратаколы розных паседжаньняў Рады. Пра тое, што факты ў артыкуле Якавенкі не пацьвердзіліся. Яго перабівае Генадзь Бураўкін. Кажа, што павінна абмяркоўвацца ў разьдзеле «Рознае», а зараз трэба абмяркоўваць даклад.

13.07 На трыбуне Барыс Пятровіч (Сачанка), які тлумачыць сытуацыю.

13.01 На трыбуне Васіль Якавенка. Кажа, што рэвізійная камісія і рада працавалі ў розных рэчышчах. Кажа пра нейкія фальсіфікацыі і хаванне інфармацыі. Узгадвае пра 14 тысяч даляраў, якія быццам бы кіраўніцтва Саюза атрымала ад расейскіх калегаў. Распавядае пра сьледзва, і што Барыс Сачанка прызнаўся, што грошы атрымлівалі. Рэвізійная камісія не патрэбна ў такіх умовах. Ідуць фальсіфікацыі ў самім творчым Саюзе. Якавенка просіць адмяніць рашэньне Рады аб ягоным выключэньні з СБП.

13.00 Баршчэўскі прапануе даць 5 хвілін для выступу Якавенкі. Заля пагаджаецца.

12.59 Фэлікс Шкірманкоў заклікае даць слова Якавенку. Аргумэнт — нават асуджанаму на сьмяротнае пакараньне даюць апошняе слова.

12.56 Якавенка выходзіць на трыбуну. Баршчэўскі прапануе прагаласаваць, ці даваць слова самому Якавенку на зьезьдзе. За — 57 чалавек. Супраць — 77. Некаторыя зь месца абураюцца, пару чалавек падбягае да трыбуны.

12.40 Лявон Баршчэўскі тлумачыць сытуацыю з выключэньнем Васіля Якавенкі.
Баршчэўскі ставіць пытаньне — падтрымаць зьездам рашэньне Рады аб выключэньні Васіля Якавенкі.

12.35 Выступае Уладзімер Сіўчыкаў, старшыня рэвізійнай камісіі.

Таксама кажа пра Васіля Якавенку, які быў выключаны з творчага Саюзу Радай з 17 чалавек. Сіўчыкаў гатовы выступіць ў ролі «адваката д’ябла» (калі д’ябал — гэта Пашкевіч). Калі б былі злоўжываньні ў працы СБП і Пашкевіча, кантралюючыя органы знайшлі б іх, і кіраўніцтва апынулася бы побач зь Алесем Бяляцкім. Але парушэньняў не знайшлі.


12.30 Зацьверджаны сьпіс мандатнай, рэдакцыйнай і падліковай камісіяў


11.44 Алесь Пашкевіч пералічвае новыя творы сяброў СБП, дзясяткі імёнаў і назваў

Алесь Пашкевіч узгадвае гісторыю былога пісьменьніцкага Дома творчасьці «Іслач». Як за яго змагаліся, судзіліся. Як ліквідавалі Беллітфонд.

Называе прозьвішчы пісьменьнікаў, чыімі рукамі быў «задушаны» Беллітфонд.

Заклікае падпісаць зварот да старшыні ліквідацыйнай камісіі па ліквідацыі ГА «Беллітфонд» С.Пяткова з патрабаваньнем вярнуць атрыманыя пасьля продажу санатора-прафіляктора сродкі, якія засталіся пасьля выплат адпаведных пазыкаў. Пашкевіч распавядае пра міжнародныя сувязі СБП, аб выданьні твораў сяброў Саюза за межамі Беларусі.

СБП замовіў сацыялягічнае апытаньне. На пытаньне, на якой мове вы чытаеце літаратуру, адказалі «на рускай» 82%, і толькі 13,8% чытаюць літаратуру па-беларуску. «Не чытаю наогул» адказалі амаль 80% апытаных
На пытаньне, каго з сучасных літаратаў ведаеце, «ня ведаю нікога» адказалі 70% апытаных.

Заля абураецца, пачуўшы, што некаторых клясыкаў ведаюць па 2, 3 і нават дзясятыя і сотыя долі працэнта.

«Нацыянальная незалежнасьць палягае ў беларускай мове. Загіне мова — заўтра будуць адпяваць і Рэспубліку Беларусь» — адзначыў Алесь Пашкевіч. «Будзе беларуская кніга — будзе і Беларусь».

9 гадоў старшыньства ў СБП для Пашкевіча — вялікая школа. Кажа і пра крытыку на адрас старшыні. Узгадвае артыкул Васіля Якавенкі «Дзе схаваны д’ябал», апублікаваны ў "ЛіМе". Якавенка зьвярнуўся са шматлікімі скаргамі ў пракуратуру, розныя міністэрствы, але Саюз годна прайшоў усе праверкі.

Пашкевіч кажа, што адпрацаваў на пасадзе два тэрміны, і ня хоча парушаць статут. Таму ягоную сёгньняшнююпрамову можна лічыць і разьвітальнай на пасадзе старшыні СБП.

Воклічы: «Жыве беларуская літаратура! Будзе жыць Беларусь!»

11.38 Дэлегаты павіншавалі берасьцейскага паэта Алеся Касько з 60-годзьдзем, у якога сёньня дзень народзінаў, падаравалі букет ружаў белага і чырвонага колераў, сымбалічную статуэтку ў выглядзе музы.

11.27 Выступае Алесь Пашкевіч: У той час у дзяржаўнай прэсе не згадалі пра юбілеі Гілевіча, Вярцінскага ды іншых. Многія творцы забароненыя для друку ў дзяржаўных выданьнях.

За 5 гадоў з дзяржбюджэту выдаткаваны мільёны рублёў на выдавецкую дзейнасьць, але ні адзін з больш за 400 сяброў СПБ ня трапіў у сьпіс выдадзеных аўтараў у дзяржаўных выдавецтвах

11.20 Выступае Эдуард Акулін. Кажа пра ролю пісьменьнікаў у грамадзтве.

Спадар Акулін зачытаў прывітаньне народных паэтаў Беларусі Ніла Гілевіча і Рыгора Барадуліна. Барадулін назваў чатырох кітоў, на якіх трымаецца беларуская літаратура — Коласа, Купалу, Быкава, Караткевіча.

11.17 Са справаздачным дакладам выступае старшыня СБП Алесь Пашкевіч. Адзначае, што на адрас аргкамітэту прыйшлі лісты падтрымкі ад дзясяткаў замежных творчых саюзаў ўсяго сьвету — з Расеі, Нямеччыны, Польшчы, Сэрбыі, Швэцыі ды іншых краінаў.

Чытае вытрымкі зь вітальных лістоў.

11.12 Зь вітальным словам выступае ганаровы сябра СБП амбасадар Швэцыі ў Рэспубліці Беларусь Стэфан Эрыксан. Ён пажадаў зьезду ў першую чаргу еднасьці і плённай працы.

11.09 Выступае старшыня мандатнай камісіі Эдуард Акулін. У шэрагах Саюзу — 416 сяброў. На зьезьдзе прысутнічае больш за 200 дэлегатаў.

11.05 Лявон Баршчэўскі згадаў 120-годзьдзе Максіма Багдановіча. Дэлегаты зьезда хвілінай маўчаньня ўганаравалі памяць пісьменьнікаў, якія адыйшлі ў іншы сьвет за пэрыяд паміж зьездамі.

10.50 ДЭЛЕГАТЫ ЎСТАЛІ. ГУЧЫЦЬ ГІМН «ПАГОНЯ». Адкрыў зьезд Генадзь Бураўкін.

«Нам трэба аднавіць цікаўнасьць народа да чытаньня», — адзначыў паэт.

«Без літаратуры мы ня зможам авалодаць мовай. Каб чытаць беларускія кнігі, трэба ведаць мову. Але адкуль гэта возьмецца, калі мова ня гучыць з экранаў тэлебачаньня, скарачаюцца курсы мовы і літаратуры ў школах. Неабходна выпрацаваць цывілізаваную моўную палітыку, не лямантаваць, што гіне мова. Нам патрэбна яднаньне нацыі, згуртаваньне вакол сьвятыняў зямлі, у ліку якіх і родная мова.

Паўстае і праблема незалежнасьці.»

Генадзь Бураўкін абвяшчае чарговы 16 зьезд Саюзу беларускіх пісьменьнікаў адкрытым.


10.29 У залі — Генадзь Бураўкін, Анатоль Вярцінскі, Уладзімер Някляеў, Мікола Аўрамчык, Аляксандар Фядута, амбасадар Швэцыі Стэфан Эрыксан, Уладзімер Арлоў, Леанід Дранько-Майсюк, Віктар Шалкевіч

Саюз беларускіх пісьменьнікаў на сёньняшні дзень аб’ядноўвае больш за 400 творцаў.

На парадку дня — справаздачны даклад старшыні ГА «Саюз беларускіх пісьменьнікаў» Алеся Пашкевіча; выступленьні дэлегатаў і ганаровых гасьцей зьезда; выбары кіраўніцтва; прыняцьце выніковай рэзалюцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG