Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новік: "19 сьнежня адчуў гонар за народ"


Зьміцер Новіч у час судовага працэсу

Зьміцер Новіч у час судовага працэсу

Зьміцер Новік жыве ў Баранавічах. Вучыўся ў Менску ў Акадэміі фізычнай культуры. Тэрміновую службу праходзіў ва ўнутраных войсках, быў ахоўнікам у Баранавіцкай і Навасадзкай калёніях. Пасьля службы працаваў у Менску ў ахове: спачатку ахоўнікам у рэстаране «Краўн Плаза», потым ― у службе бясьпекі амбасады Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў. Сур’ёзна займаецца спортам. Удзельнічаў у акцыі пратэсту супраць фальшаваньня вынікаў выбараў 19 сьнежня 2010 году. 23 сьнежня быў арыштаваны ў сваёй кватэры. Абвінавачаны ва ўдзеле ў масавых беспарадках.2 сакавіка 2011 г. судзьдзя Фрунзэнскага суду Менску Тацяна Чаркас асудзіла Новіка на 3 гады і 6 месяцаў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываў пакараньне ў Шклоўскай калёніі № 17. Вызвалены 14 верасьня 2011 г.

Соўсь: Зьміцер, як зьмянілася ваша жыцьцё за год пасьля таго, як вы выйшлі на Плошчу? У працы? У асабістым жыцьці?

Новік: Кардынальна. Цалкам з зьмянілася кола стасункаў. Многія адсеяліся, не прайшлі выпрабаваньняў, што выпалі на маю долю. Сябры пазнаюцца ў бядзе, а ня толькі за сьвяточным сталом. Што тычыцца працы, дык я яшчэ не працую, завяршаю хатнія справы і займаюся здароўем. Але ўсё складваецца даволі нядрэнна, я ўпэўнены ў сваіх сілах.

Соўсь: Пасьля выхаду з турмы вы назвалі КДБ айчынным гестапа. Экс-кандыдат на прэзыдэнта Алесь Міхалевіч заявіў пра катаваньні ў турме КДБ. Ці былі катаваньні на Валадарцы, ў Шклоўскай калёніі?

Новік: Я сядзеў у КДБ. 23 сьнежня позна ўвечары я апынуўся ў КДБ, і там жа была першая ноч, у "амэрыканцы". Сядзеў я ў камэры з Уладзімерам Някляевым і Мікалаем Статкевічам, так што ўсё што было сказана пра зьдзекі, пра катаваньні з боку спэцпадразьдзяленьня "Альфа" у адносінах да палітычных і іншых -- я цалкам пацьвярджаю, бо сам праз гэта прайшоў. Канешне, цяпер пра гэта мала сэнсу казаць, бо беларускае правасудзьдзе - нічога не вырашае. Але прыйдзе час, у мяне даволі добрая памяць і я не забуду пра гэтых нягоднікаў, і яны будуць пакараныя.

Соўсь: Падчас службы ў войску вы служылі ахоўнікам у турме. Пасьля турмы як зьмянілася ваша стаўленьне пэнітэнцыярнай сыстэмы? Бо вы былі з абодвух бакоў кратаў...

Новік:
Тэрміновую службу я сапраўды праходзіў ва ўнутраных войсках, частка 7404, і так здарылася, што апошнія паўгады я быў ахоўнікам у кал1ніі строгага рэжыму. Канешне, адбылася пераацэнка каштоўнасьцяў, цяпер я гляджу на зьняволеных як на людзей, якія ў выніку нейкіх абставінаў апынуліся там. Безумоўна, я бачу ў іх ня толькі быдла, як да гэтага мне часта здавалася, а у першую чаргу спрабую разглядзець людзей. Я сутыкнуўся з тым, што ў краіне закону і правасудзьдзя няма.

Соўсь:
Што для вас было сама страшнае ў турме?

Новік: Напэўна, невядомасьць і ўсьведамленьне, што ты кавалак мяса, да якога нікому няма справы. Калі гаворка шла пра маю справу, пры тым што ў маіх дзеяньнях цалкам адсутнічаў склад злачынства, тым ня менш я быў асуджаны. Гублялася надзея на справядлівасьць. Але падтрымлівалі родныя, блізкія, лісты з волі. Прычым я дзякую усім, хто пісаў мне і іншым палітзьняволеным.

Соўсь:
Каму і за што найбольш удзячны былі ў гэтым годзе?

Новік: Сваім родным і блізкім, асабліва маці. Тым людзям, якія былі салідарныя з намі, у тым ліку і праваабаронцам. Я таксама хачу падзякаваць усіх, хто выйшаў летась 19 сьнежня на плошчу Незалежнасьці, незалежна ад таго, ці яны апынуліся ў турме, як я, ці на “сутках”, ці увогуле не былі схопленыя. . Менавіта зь імі я адчуваў гонар за свой народ,. Менавіта тады я асэнсаваў, што калі ў Беларусі ёсьць такія людзі – у краіне ёсьць спадзяваньне на будучыню.
  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG