Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі раніцай 7 сьнежня 1991 году я, выйшаўшы са свайго дому ў Менску і накіраваўшыся ў бок аўтобуснага прыпынку, спыніўся перад картэжам Ельцына (“маскоўскую” трасу ў раёне Ўручча ў той час рэканструявалі, і машыны ехалі ў аб'езд якраз па нашай вуліцы Гінтаўта) — дык падумаў: "Ну вось, яшчэ адна расейская пятля-ўдаўка". Пра візыт Ельцына мы, дэпутаты, ведалі, але нічога добрага ад яго не чакалі. Калі б мне сказалі, што праз пару гадзінаў я апынуся ў мэтры ад Ельцына, я б зусім не зьдзівіўся: высокія візытэры ўсё часьцей наведвалі Вярхоўны Савет і выступалі перад дэпутатамі. Але ўявіць, што праз тры дні, 10 сьнежня, мне і маім калегам-дэпутатам выпадзе магчымасьць прагаласаваць за зьнікненьне з мапы сьвету абрэвіятуры “СССР” — не, у гэта я б не паверыў.

Што Савецкі Саюз скончыць сваё існаваньне, — у гэтым я не сумняваўся.

З 25 жніўня 1991 г. Беларусь дэ-юрэ была незалежнай дзяржавай ...

З 25 жніўня 1991 г. Беларусь дэ-юрэ была незалежнай дзяржавай; незалежнасьць абвясьцілі і большасьць іншых савецкіх рэспублік. І што такое сёньня “Савецкі Саюз” — пра гэта ў сьнежні 91-га наўрад ці мог бы сказаць і яго прэзыдэнт Міхаіл Гарбачоў. Але паняцьце СССР існавала — быў апарат прэзыдэнта, было Міністэрства замежных спраў, было, нарэшце, вайсковае ведамства, дзейнічаў КДБ. І гэта ўплывала на сьвядомасьць бальшыні дэпутатаў Вярхоўнага Савета Беларусі, якія ўпарта не жадалі ствараць атрыбуты сувэрэннай дзяржавы.

Пра тое, што барацьба з “цэнтрам” і зь інэртнасьцю палітычнага мысьленьня парлямэнцкай большасьці можа цягнуцца даволі доўга, — сьведчылі паперы, якія я нёс з сабой у “дыплямаце”.

Першым назаву ліст, які за дзень да гэтага атрымаў у сакратарыяце ВС — зварот Прэзыдэнта СССР Міхаіла Гарбачова да дэпутатаў парлямэнтаў “саюзных рэспублік”.

Яшчэ ў верасьні 90-га, калі Гарбачоў наклаў рэзалюцыю на мой ліст з просьбай прыняць дэпутатаў-членаў парлямэнцкай камісіі па расьсьледаваньні замоўчваньня вынікаў чарнобыльскай катастрофы — рэдактар “Народнай газэты” Іосіф Сярэдзіч адразу надрукаваў і ліст, і рэзалюцыю на першай паласе. Тады Гарбачоў яшчэ меў аўтарытэт і ў СССР, і ў сьвеце.

У лютым 91-га пра кароткую гутарку з Гарбачовым мяне распытвалі ня толькі віцебскія, але і маскоўскія журналісты. Гарбачоў усё яшчэ ўспрымаўся як нашчадак Сталіна і Брэжнева на пасадзе Генсека, паўнавартасны прэзыдэнт адной шостай часткі сьвету, уладар тысячаў ядзерных боегаловак.

Цяпер Гарбачоў цікавіў толькі тых заходніх палітыкаў, якія мелі ілюзіі пра СССР, і -- журналістаў. І, прызнаюся, калі б мне тады выпала магчымасьць зь ім пагутарыць — не ўпусьціў бы такую журналісцкую ўдачу (як ўпусьціў яе шмат гадоў пасьля; усё ж, Гарбачоў — гістарычная фігура). Але як палітыку, меркаваньне Міхаіла Сяргеевіча мне ўжо было мала цікава. І такое стаўленьне было і ў іншых дэпутатаў Апазыцыі БНФ. Прадстаўнікі ж “падаўляючай дэпутацкай большасьці”, хаця і не маглі дараваць Гарбачову “перабудову”, але ўспрымалі ягоныя спробы аднавіць СССР спачувальна.

“… я прашу вас, паўнамоцных прадстаўнікоў сваіх народаў, у бліжэйшыя дні абмеркаваць праект Дагавору аб саюзе сувэрэнных дзяржаў і ўхваліць яго.

Яшчэ раз настойліва паўтараю: не справіцца нам з адраджэньнем грамадзтва, ня выйсьці з крызысу і не злучыцца з цывілізаваным сьветам, горш за тое — не пазьбегнуць агульнай катастрофы, калі мы не спынім працэс дэзінтэграцыі. Я прашу вас сказаць ''так '' такой форме раўнапраўнага супрацоўніцтва і ўзаемадзеяньня, якая дазволіць усім нам сумесна — а інакш не атрымаецца — прайсьці вельмі цяжкую і вельмі небясьпечную паласу сваёй агульнай гісторыі.

Дзяржаўны савет у сваім звароце да парлямэнтаў выказаў пажаданьне, каб Дагавор быў падрыхтаваны да падпісаньня ў гэтым годзе. Паўнамоцныя дэлегацыі Вярхоўных Саветаў змогуць канчаткова ўлічыць заўвагі на апошнім этапе працы над Дагаворам, з тым каб нарэшце з падпісаньнем гэтага дакумэнта краіна з палёгкай уздыхнула, набыла вельмі важную кропку апоры і надзею на сумеснае рух наперад'', —так завяршаў свой зварот Гарбачоў.

Тое, што абмеркаваньне дамовы аб “Саюзе сувэрэнных дзяржаў” у нашым Вярхоўным Савеце адбудзецца, можна было не сумнявацца: тры папярэднія месяцы большасьць дэпутатаў ігнаравала нашы заклікі перастаць глядзець на Маскву і стаць, нарэшце, палітыкамі самастойнай дзяржавы.

У маім дыплямаце былі і пяць старонак, якія напярэдадні даў мне Зянон Пазьняк — з просьбай падумаць, якому выданьню можна было б прапанаваць гэты артыкул (зь менскіх газэтаў выбар быў невялікі: “Народная газэта” Сярэдзіча ці “Свабода” Гермянчука).

Гэтыя пяць старонак (аўтарскі асобнік, з праўкамі) — і цяпер перада мной — называецца артыкул “Сьнежань. Палітычнае становішча на Беларусі».

Беларусь застыла ў самагубчым супрацьстаяньні ...

“Беларусь застыла ў самагубчым супрацьстаяньні, — пісаў Пазьняк. — З аднаго боку ідэалягічна падарваная і скампрамэтаваная намэнклятурная сыстэма былой камуністычнай улады, з другога — усё грамадзтва, якое трапіла ў палон дэмакратычных ілюзіяў і фразэалёгіі. У выніку, Рэспубліка Беларусь, стаўшы дэ-юрэ незалежнай дзяржавай, не праводзіць палітыкі незалежнай дзяржавы. Ня рухаюцца рыначныя эканамічныя рэформы, не адбываецца пераарыентацыя вытворчасьці на ўнутраны таварны рынак, які адкрыты бяскрайнім прасторам калапсіруючай галоднай і агрэсіўнай Расеі, не ствараецца ўласная валюта, войска, мытная сыстэма, не ўпарадкоўваюцца межы, не наладжваюцца міжнародныя сувязі, няма канцэпцыі замежнай палітыкі. Па прывычцы намэнклятурнае кіраўніцтва Беларусі глядзіць на ўсход, на Маскву, якую цяпер адначасна ня любіць і баіцца, бяздумна завязвае кантакты з Азіяй і мусульманскім сьветам, замест таго, каб вяртацца ў Эўропу, выкарыстаць свае эканамічныя, навуковыя, прамысловыя, геапалітычныя перавагі перад іншымі рэспублікамі, свой высокі ўзровень разьвіцьця….

Апазыцыя БНФ яшчэ ў 1990 годзе, прадбачачы падзеі, паставіла перад урадам пытаньне аб падрыхтоўцы нацыянальнай валюты — беларускага талера. Прапанова не была адкінутая, але і зроблена нічога не было…

Беларускія грошы? — “Гэта сьмешна”. Сувэрэнітэт? — “Гэта жарт!” — усклікае ў стане няспыннай эйфарыі ад улады наш новы Старшыня Вярхоўнага Савета….

Артыкул Зянона Пазьняка. Сьнежань 1991 г. З архіву С. Навумчыка

Артыкул Зянона Пазьняка. Сьнежань 1991 г. З архіву С. Навумчыка

Ня вырашана пытаньне і з войскам…. Апазыцыя БНФ яшчэ ў верасьні падрыхтавала пакет законапраектаў па войску і дамаглася скліканьня нечарговай сэсіі. Прапаноўвалася падпарадкаваць войскі на тэрыторыі ваеннай акругі Беларусі Вярхоўнаму Савету Рэспублікі, узяць іх на свой бюджэт, тут жа правесьці скарачэньне асабовага складу і прыступіць да фармаваньня беларускіх узброеных сілаў, стварыць ваеннае міністэрства, прывесьці да прысягі афіцэраў і салдат, прыступіць да вырашэньня пытаньня аб вывадзе астатніх войскаў, аб міжрэспубліканскіх пагадненьнях пра ПВА, пра стратэгічныя сілы, пра канвэрсію, раззбраеньне і г.д. Аднак намэнклятурныя дэпутаты Вярхоўнага Савета не зразумелі нічога і прагаласавалі супраць рэальных прапановаў апазыцыі…

Адмаўленьне Ўкраіны ад “саюзнага дагавору” праваліла гарбачоўскую авантуру і дае надзею Беларусі, але мала што зьменіць у яе становішчы. Ня выключана, што Расея і Ўкраіна паспрабуюць дамовіцца паміж сабой аб прыярытэтах, як даў зразумець спадар Краўчук. Ня выключана, што за кошт інтарэсаў нашай Рэспублікі.


Для Беларусі няма іншай альтэрнатывы як вяртаньне на Захад ...

Для Беларусі няма іншай альтэрнатывы як вяртаньне на Захад, як шлях у аб’яднаную Эўропу, як незалежная дзяржаўная палітыка ў інтарэсах свайго народу. Таму пытаньне аб зьмене ўраду і ўлады на Беларусі, аб урадзе народнага даверу, аб новых дэмакратычных выбарах на шматпартыйнай аснове застаецца надзейным і неабходным”.

Падзеі, якія адбудуцца праз некалькі дзён у Віскулях, прымусяць Пазьняка пісаць іншы артыкул — хаця, на жаль, у асноўных сваіх палажэньнях (нежаданьня ствараць уласныя грошы і беларускае войска) высновы яшчэ доўга не састарэюць. А зацягваньне з выбарамі ў новы парлямэнт і ўвогуле стане фатальным для лёсу беларускай дэмакратыі.

І, нарэшце, у маім”дыплямаце” быў пратакол сустрэчы дэпутатаў апазыцыі БНФ са старшынём Вярхоўнага Савету Станіславам Шушкевічам, якая адбылася 5 сьнежня ў 363-ім пакоі Дому ўраду, замацаванага за апазыцыяй.

Гэта быў першы і апошні раз, калі Шушкевіч прыйшоў да нас у апазыцыю.

Ініцыятыва сустрэчы сыходзіла ад нас і была выкліканая трывогай за лёс дзяржавы ў сувязі з намечаным прыездам у Беларусь прэзыдэнта Расеі Барыса Ельцына. Мы ўжо добра бачылі, што палітыка “дэмакратычнага” кіраўніцтва посткамуністычнай Расеі робіцца ўсё больш імпэрскай і мелі сумнеў, што Шушкевіч здолее ёй супрацьстаяць. Акрамя таго, мы настойвалі на правядзеньні новых выбараў у Вярхоўны Савет — Шушкевіч жа прапаноўваў рэфармаваць ВС, скараціўшы колькасьць пастаянна працуючых дэпутатаў такім чынам, што захоўваўся статус-кво (ён называў гэта “зьлепак”) — гэта значыць, БНФ мела б толькі дзесятую частку, па ягонай мадэлі — 5-6 чалавек. Ну і , нарэшце, мы хацелі яшчэ раз пераканаць яго ў неабходнасьці стварэньня нацыянальнай валюты і беларускага войска. Шушкевіч упарта не жадаў выступаць з такой ініцыятывай і прапаноўваў нам спачатку зьвяртацца ў парлямэнцкія камісіі (якія кіраваліся, у большасьці, намэнклятурнымі дэпутатамі і стабільна “хавалі” большасьць нашых прапаноў).

Я ўпершыню друкую канспэктыўны запіс гэтага пасяджэньня ў такім поўным аб’ёме — ён дае добрае ўяўленьне пра настроі як Шушкевіча, так і дэпутатаў Апазыцыі.

Дыялёг адбыўся вельмі экспрэсіўны.

Напачатку Пазьняк сказаў, што мы разьлічваем укласьціся ў 40 хвілін і абмеркаваць рэформу Вярхоўнага Савету, пытаньні незалежнасьці і саюзнай дамовы, а таксама ўвядзеньня ўласных грошай і стварэньня ўласнага войска. А таксама — візыт прэзыдэнта Расеі Ельцына і прэзыдэнта Украіны Краўчука.

Шушкевіч: "Гэтую сустрэчу арганізаваў я, спатканьне кіраўнікоў трох рэспублік".

Запіс гутаркі Станіслава Шушкевіча з дэпутатамі Апазыцыі БНФ. Фрагмэнт. 5 сьнежня 1991 г. З архіву С. Навумчыка.

Запіс гутаркі Станіслава Шушкевіча з дэпутатамі Апазыцыі БНФ. Фрагмэнт. 5 сьнежня 1991 г. З архіву С. Навумчыка.

Баршчэўскі: "Суадносіны палітычных сілаў у грамадзтве. Вызначэньне нашай далейшай дзейнасьці. Рэфэрэндум па вызначэньню лёсу. Ідэя, якая кансалідуе, — рух да незалежнасьці, да дэмакратыі. Калі гэта прымаецца — пачакаем з выбарамі і паспрабуем рэфармаваць ВС — (зьбірацца) не радзей 2 разоў на год. Сойм. Суадносіны ў бок сіл дэмакратычных . Сыстэма рэгістрацыі членаў Сойму".

Шушкевіч: "Яна непрыймальная, бо на яе ня пойдзе Вярхоўны Савет".

Баршчэўскі: "Стварэньне паралельнага органу — устаноўчага Сойму ці Рады. Слабасьць улады відавочная".

Шушкевіч: "Вы працавалі ў кантакце з камісіямі? Можа, камісіі ўлічаць гэта?"

Баршчэўскі: "Згодна з рэглямэнтам, маем права ўносіць (мінуючы камісіі, адразу на сэсію ВС)".

Шушкевіч (пераходзіць на расейскую мову — С.Н.): "Зьлепак Вас не задавальняе, а большага я ня выцягну. Зьлепак будзе — інакш недэмакратычна. Па колькасьці апазыцыянэраў — чысты зьлепак вы не жадаеце — ня ўсе з вас патрапяць. Больш як 90 чалавек рабіць — бессэнсоўна. 65 — у значнай ступені лепшая частка парлямэнту".

Голубеў: "Незалежнасьць. Ня ведаем Вашу пазыцыю ў адносінах да будучыні Беларусі. Саюзны дагавор. Вы сказалі, што за падпісаньне эканамічнага пагадненьня. Заявілі, што палітычны (падпісваць) ня будзеце, а цяпер гэта робіце. Мы — ня бачым плюсаў для Беларусі. Чаму Старшыня ВС не праводзіць палітыку па войску? Ельцын можа пераўтварыць у акупацыйнае войска: хто плоціць грошы, той заказвае музыку".

Пазьняк: "Палітык павінен мець апору"..

Пазьняк: "Уяўленьне ад Вашай дзейнасьці — ігнараваньне гэтых фактараў падводзіць да страты сувэрэнітэту, крызысу эканомікі. Палітык павінен мець апору. Вы разьвіваліся на нашых вачах. Ня можаце абаперціся ні на Фронт, ні на КПСС. Абапіраецеся на палітыку Ельцына, Гарбачова. Мы стаім на парозе згубы сувэрэнітэту".

Шушкевіч: "Палітык не павінен быць дурнем. ... У вас непасьлядоўная палітыка. Мне блізкі сацыял-дэмакратыны рух. На здаровы сэнс абапіраюся. Вы ўвялі ў страх палову насельніцтва Беларусі (гэта быў зварот пэрсанальна да мяне і меліся на ўвазе мае выступы і артыкулы па Чарнобылю. Свой адказ я, натуральна, не запісаў — С.Н.). Я — за самастойны шлях, але вашымі мэтадамі проста немагчыма...

Запіс гутаркі Станіслава Шушкевіча з дэпутатамі Апазыцыі БНФ. Фрагмэнт. 5 сьнежня 1991 г. З архіву С. Навумчыка.

Запіс гутаркі Станіслава Шушкевіча з дэпутатамі Апазыцыі БНФ. Фрагмэнт. 5 сьнежня 1991 г. З архіву С. Навумчыка.

Саюзная Дамова — усё праўда. Я лічу гэта палітыкай. Дазвольце мне не станавіцца пад вашы штандары... Вялікае войска ніколі не ўтворыцца (пад “вялікім” мелася на ўвазе звычайнае, клясычнае войска, стварэньня якога мы дамагаліся, а не дэкаратыўны полк). Ельцын можа паставіць супраць Беларусі войска вельмі проста. Я больш бачу памылак ва ўрадзе, чым вы. Але трэба нітку зачапіць, а потым швэдэр зьняць".

Заблоцкі: "Мы заўсёды падкрэсьліваем неабходнасьць эканамічных сувязяў. Прыклад — агульны рынак. А Вы — што дзяржава перашкаджае ўсталяваньню эканамічных сувязяў. Валютная рэформа (увядзеньне ўласных грошай — С.Н.). Мытні, межы. Забесьпячэньне ўстойлівых актываў — мэханізм атрыманьня ад СССР. Крэдыт пад заклад, заклад — дзяржпрадпрыемствы. Прывязаць валюту да маркі Нямеччыны — і па наміналу, і па пакупніцкай здольнасьці".

Малашка: "Грошы".

Шушкевіч: "Расея перакрые каналы".

Пазьняк: "Пытаньне войска. Мы былі ініцыятарамі, каб склікаць надзвычайную сэсію. Мы не пераканалі Вярхоўны Савет. Але цяпер апынуліся ў найбольш невыгодным становішчы. Альбо мы возьмем гэтае войска — прыступім да стварэньня і прывядзем яго да прысягі. На якой аснове зь Ельцыным дамаўляцца? Схема: войска ўзяць. Структура. Міністар. Бюджэт — расходы на войска ўключыць. .. Чаму Вы праводзіце палітыку супраць дзяржавы?"

Шушкевіч: "Вы — дрэнны тактык і лічыце сябе вялікім стратэгам".

Пазьняк: "Вы ў гэтай сытуацыі несяце адказнасьць. Вы яе будзеце несьці. Не для таго, каб дыскутаваць. Пасьля размовы мы зробім вывад".

Шушкевіч: "Вы — мышы, сабраліся і хочаце кату павесіць званочак на хвост" ...

Шушкевіч: "Вы — мышы, сабраліся і хочаце кату павесіць званочак на хвост. Хоць хто-небудзь папрацаваў ва ўрадзе? Начхаць на саюз з Малдовай і Прыбалтыкай — у іх нафты няма! Я чакаю, што яны (кіраўнікі Расеі — С.Н.) могуць пайсьці на паралізаваньне гаспадаркі Беларусі. Але ў нас ва ўрадзе не такія дурні...

Пазьняк: "Вы правільна ацэньваеце Расею ... Чаму Ваша палітыка ўвесь час глядзець не Расею? А не на Прыбалтыку, Захад?"

Шушкевіч: "Да палітыкі, якую можа праводзіць дзяржава, — нам трэба ісьці доўга...(Пра мяркуемую сустрэчу) Спатканьне Краўчука і Ельцына. Правесьці перамовы па пытаньнях эканамічных пагадненьняў, фінансаў, шэрагу іншых. Размова адзін на адзін з Ельцыным, Краўчуком у абставінах ізаляваньня ад астатняга сьвету”.

На заканчэньне Шушкевіч выказаў дэпутатам апазыцыі пажаданьне мець “добрую тактыку”.

Пасьля таго, як Шушкевіч з ахоўнікам пакінулі 363 пакой, мы абмяняліся ўражаньнямі. Пазьняк сказаў, што “Шушкевіч — у стане агрэсіўнай эйфарыі...Ён паводзіць сябе як хам.. Чалавек не зразумеў, чаго ад яго хацелі”. Валянцін Голубеў прапанаваў правесьці 15 сьнежня мітынг на плошчы Леніна (заяўку трэба было падаць за 10 дзён). Ігар Пырх выказаўся за стварэньне паралельнай парлямэнцкай структуры.

Запіс гутаркі Станіслава Шушкевіча з дэпутатамі Апазыцыі БНФ. Фрагмэнт. 5 сьнежня 1991 г. З архіву С. Навумчыка.

Запіс гутаркі Станіслава Шушкевіча з дэпутатамі Апазыцыі БНФ. Фрагмэнт. 5 сьнежня 1991 г. З архіву С. Навумчыка.

Мы вырашылі правесьці і прэсавую канфэрэнцыю, арганізаваць і весьці якую даручылі мне — з удзелам Заблоцкага, Пазьняка, Голубева і Баршчэўскага. Такую прэсавую канфэрэнцыю мы і правялі ў будынку гарвыканкаму — для беларускіх і некалькіх дзясяткаў заходніх журналістаў, якія прыехалі “асьвятляць” візыт Ельцына і Краўчука, але былі пакінутыя “галоўнымі героямі”, якія вылецелі ў Белавескую пушчу. Гэта была цудоўная магчымасьць выкласьці нашую канцэпцыю пабудовы незалежнай дзяржавы. Але гэта было ўвечары 7 сьнежня.

А ў першай палове дня 7 сьнежня Ельцын выступіў перад дэпутатамі Вярхоўнага Савета. Мне ўжо неяк даводзілася ўзгадваць той эпізод. Заля была поўная — акрамя парлямэнтарыяў, прыйшлі і члены ўраду, шмат было журналістаў. У часе выступу Ельцын падараваў Вярхоўнаму Савету выяву Белага дому — каля якога , у дні жнівеньскага путчу на танку чытаў свае Указы пра непрызнаньне ГКЧП, а затым перадаў старшыні ВС Беларусі копію “Ахоўнай граматы Воршы 1664 году” і назваў яе сымбалем вызваленьня беларусаў расейскімі войскамі.

Дарадцы забыліся патлумачыць прэзыдэнту Расеі, што ў сярэдзіне сямнаццатага стагодзьдзя беларусы змагаліся з маскоўцамі (у тым ліку і пад Воршай), і што ў той час войскі з усходу зьнішчылі палову беларускага насельніцтва.

А можа быць, падаецца мне цяпер, тое было зроблена адмыслова.

Ельцын выглядаў разгубленым.

Ельцын выглядаў разгубленым ...

Ён шукаў вачыма каго-небудзь, хто мог бы патлумачыць прычыны тых рэплік, што выкрыкваліся з розных канцоў залі, а, можа быць, і спыніць дэпутатаў, што беглі да трыбуны.

Але мы (здаецца, побач быў Алег Трусаў і Пётра Садоўскі) ужо стаялі перад Ельцыным, і ён неяк па-дзіцячаму, нібыта апраўдваючыся, сказаў:

— А что? Что-то не так? Да? Извините…

Памятаю, Ельцын двойчы папрасіў прабачэньня, і вымавіў гэта так шчыра, што асабіста ў мяне адпала ахвота ўступаць у дыскусію. Ці, тым больш, сьцягваць яго з трыбуны, як ў жніўні мы зрабілі з першым сакратаром ЦК Малафеевым.

Ельцын усьміхнуўся, разьвёў рукамі, і ў мяне чамусьці адклалася ў памяці, што ў яго не хапае двух пальцаў — здаецца, на левай руцэ.

Ён неяк абяззброіў сваёй шчырасьцю і адкрытасьцю — можа быць, прыроднай, а можа, набытай на шматлікіх будоўлях, на якіх працаваў з маладосьці, дзе дрэнна пакладзеная кладка — гэта дрэнна пакладзеная кладка, адсутнасьць бэтону — гэта адсутнасьць бэтону, п'яны прараб — гэта п'яны прараб, а не агентурны работнік пры выкананьні апэратыўнага заданьня.

9 сьнежня мы (разам з усім сьветам) даведаліся пра падпісаньне ў Віскулях пагадненьняў аб касаваньні СССР і ўтварэньні СНД.

У мяне могуць запытацца: у якой ступені тая нашая сустрэча ў 363-ім пакоі паўплывала на зьмену пазыцыі Шушкевіча? Адказваю — у ніякай. Станіслаў Станіслававіч ня з тых людзей, якіх палітычныя апанэнты могуць пераканаць сілай аргумэнтаў.

Як прыгадваў потым ўдзельнік сустрэчы ў Віскулях Ягор Гайдар, “больш за ўсіх, мне здаеца, перажываў, хваляваўся С. Шушкевіч. У ягоных словах гучаў лейтматыў: мы маленькая краіна, прымем усялякае ўзгодненае рашэньне Расеі і Украіны. Але вы ж, вялікія. Усё прадумалі?” (Гайдар, “Дни поражений и побед», стар.325).

Думаю, подпіс Шушкевічам пад пагадненьнем — гэта вынік тых абставінаў, якія склаліся на сустрэчы кіраўнікоў трох дзяржаў ...

Думаю, подпіс Шушкевічам пад пагадненьнем — гэта вынік тых абставінаў, якія склаліся на сустрэчы кіраўнікоў трох дзяржаў. Але ў той жа самай ступені і подпісы Ельцына і Краўчука — вынік тых жа самых абставінаў, — ніхто зь іх ці іх сьвіты (пра што сьведчаць пазьнейшыя ўспаміны) не плянаваў падпісаць такія дакумэнты. Але ўсе яны, усе шасьцёра (Ельцын, Бурбуліс, Шушкевіч, Кебіч, Краўчук і Фокін, хто паставіў свае подпісы, — аказаліся ў той момант на вышыні разуменьня палітычнай неабходнасьці).

Адзінае, мне падаецца, што ў выпадку з Шушкевічам пэўную ролю адыграла прысутнасьць Вячаслава Кебіча, старшыні Савету міністраў, які быў больш рашучым палітыкам, чым Шушкевіч, і да таго ж кантраляваў большасьць дэпутацкага корпусу ўз Вярхоўным Савеце.

Падпісаньне пагадненьняў у Віскулях. 8 сьнежня 1991 г.

Падпісаньне пагадненьняў у Віскулях. 8 сьнежня 1991 г.

Хаця сам Шушкевіч у сьнежні 2009 году ў нашым інтэрвію для "Радыё Свабоды" дае такое тлумачэньне паводзінаў Кебіча: “Дарэчы, Кебіч — адзін з ініцыятараў таго, каб заслужыць права паставіць свой подпіс пад Белавескім пагадненьнем. Ён мне сказаў: "Ведаеш, відавочна, калі выканаўчая ўлада і прадстаўнічая ўлада будуць разам, дык гэта будзе лепш". Ён вельмі хацеў паставіць подпіс пад гэтым пагадненьнем. Але ў чым тут справа? Галоўныя словы ў Белавескім пагадненьні належаць Бурбулісу, які сказаў гэта 7-га, што СССР як геапалітычная рэальнасьць перастае існаваць. І нелягічна было гэта ня ўжыць і не папрасіць Бурбуліса паставіць подпіс. І Ельцын прапанаваў, каб падпісаў Бурбуліс. Ну, тады было лягічна, каб падпісаў і Кебіч. Хаця яму, дарэчы, Краўчанка ня раіў гэта рабіць. Але Кебіч быў вельмі дасьведчаным намэнклятуршчыкам, ён падумаў так: калі будуць асуджаць далей, ён скажа, што паколькі першая асоба (значыцца, я) падпісала, і я вымушаны быў падпісаць. Ён бы ня быў вінаваты пры любым. Так што ён паставіў свой подпіс”.

Наяўнасьць подпісу Кебіча пад віскулёўскімі пагадненьнямі адыграла станоўчую ролю і пры іх ратыфікацыі на Вярхоўным Савеце.

10 сьнежня, калі ішло абмеркаваньне, мы, дэпутаты БНФ, выказваліся за ратыфікацыю пагадненьняў, але былі супраць стварэньня СНД, у якім (і гэта засьведчана ў выступе Пазьняка) бачылі правобраз будучага “саюзу”.

Каардынатар Апазыцыі БНФ Сяргей Навумчык і сакратар ЦК КПБ Валер Ціхіня на сэсіі ВС БССР. Чэрвень 1991 г.

Каардынатар Апазыцыі БНФ Сяргей Навумчык і сакратар ЦК КПБ Валер Ціхіня на сэсіі ВС БССР. Чэрвень 1991 г.

Адзіным дэпутатам, які не галасаваў за ратыфікацыю пагадненьняў, быў мой сусед па Авальнай залі, былы сакратар ЦК КПБ Валер Ціхіня — пабачыўшы, што ён цісьне кнопку “супраць”, я ўступіў зь ім у дыскусію, якую назваць “джэнтэльмэнскай” можна было толькі зь вялікім перабольшваньнем.

Ну а дэпутат Лукашэнка, які потым заяўляў, што гэта ён прагаласаваў “супраць” — адсутнічаў у залі, як сьведчыць пратакол электроннага галасаваньня.

У той жа дзень (але пасьля нас) ратыфікавала пагадненьні і Вярхоўная Рада Ўкраіны, а на наступны дзень — Вярхоўны Савет Расеі.

Апошняя кропка у існаваньні СССР была пастаўленая 21 сьнежня на сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў былога СССР у Алма-Аце, куды Шушкевіч запісаў і Пазьняка.
Праз чатыры дні Міхаіл Гарбачоў падаў у адстаўку з пасады Прэзыдэнта СССР (пра гэта - у наступнай частцы).
  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG