Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўропа стварае Бюджэтна-падатковы Зьвяз


Такое рашэньне прынятае сёньня на двухдзённым саміце Эўразьвязу ў Брусэлі. 23 краіны дамовіліся захоўваць строгую бюджэтную дысцыпліну і ўжываць санкцыі супраць яе парушальнікаў.


Пагадненьне было дасягнутае ў выніку перамоваў, якія доўжыліся да раніцы. Мяркуецца, што ў выніку будзе захавана адзіная эўрапейская валюта.

23 з 27 дзяржаваў Эўразьвязу дамовіліся аддаць частку свайго сувэрэнітэту ў імя фінансавай стабільнасьці Эўропы. Да пагадненьня пакуль не далучыліся чатыры краіны – Вялікабрытанія, якая ўпарта трымаецца далей ад эўра, а таксама Вугоршчына, Швэцыя і Чэхія, урады якіх дагэтуль ня маюць згоды сваіх парлямэнтаў на далучэньне да зоны эўра. Мяркуецца, што яны будуць весьці кансультацыі з мэтай далучыцца да пагадненьня.

Прэзыдэнт Францыі Нікаля Сарказі паведаміў, што было зроблена некалькі спробаў атрымаць подпісы пад пагадненьнем ад усіх 27 дэлегацыяў, але гэта не ўдалося з-за пазыцыі Вялікабрытаніі. У выніку пагадненьне аб стварэньні Бюджэтна-падатковага Зьвязу падпішуць 17 краінаў зоны эўра.

Прэм’ер-міністар Вялікабрытані Дэвід Кэмэран заявіў, што ўступленьне яго краіны ў такі Зьвяз супярэчыла б нацыянальным інтарэсам Вялікабрытаніі.

Пагадненьне прадугледжвае, што краіны-удзельніцы ня могуць мець дэфіцыт бюджэту большы за 3 адсоткі валавога ўнутранага прадукту. Мяркуецца таксама, што перад зацьвярджэньнем нацыянальныя бюджэты будуць прадстаўляцца ў Эўракамісію. Пакуль няясна, што будзе ў тым выпадку, калі Эўракамісія ня згодзіцца з прапанаваным бюджэтам асобнай краіны.

Існуе няяснасьць і вакол ратыфікацыі дасягнутага пагадненьня. Адны кажуць, што яно павінна атрымаць згоду ў нацыянальных парлямэнтах, а ў некаторых выпадках і быць зацьверджана на плебісцытах – гэтага, напрыклад, вымагае нацыянальнае заканадаўства Ірляндыі. Але прэзыдэнт Францыі Нікаля Сарказі назваў дасягнутае пагадненьне “міжурадавым”, гэта значыць такім, якое не патрабуе ратыфікацыі.

Старшыня Рады Эўразьвязу Герман Ван Ромпэй у сваю чаргу заявіў, што міжурадавая дамова аб стварэньні Бюджэтна-падатковага альянсу можа быць ухвалены і ратыфікаваная значна раней, чым паўнавартасная дамова.

Ня гледзячы на гэтыя супярэчнасьці сёньня ў Брусэлі панаваў прыўзьняты настрой.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG