Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьце: Турчаняк патрабуе пакараць намесьніка старшыні гарвыканкаму


Дзяніс Турчаняк

Дзяніс Турчаняк

Каардынатар Руху «За Свабоду» па Берасьці Дзяніс Турчаняк накіраваў скаргу ў аблвыканкам на намесьніка старшыні гарвыканкаму Вячаслава Хафізава.

Спадар Хафізаў адмовіў спадару Турчаняку на зварот аб прадстаўленьні некаторых рашэньняў Берасьцейскага гарвыканкаму, зь якіх каардынатар Руху «За Свабоду» меркаваў даведацца аб уласьніку дома № 26 на вуліцы 17 Верасьня. Як распавёў актывіст, гэты дом, які знаходзіцца ў напаўразбураным стане, без вакон і дзьвярэй, мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці.

Дзяніс Турчаняк кажа, што намесьнік старшыні гарвыканкаму перашкодзіў яго праву на абарону гісторыка-культурнай спадчыны:

«Лічу, што адмовай прадставіць копіі рашэньняў гарвыканкаму, Вячаслаў Хафізаў парушыў Закон «Аб мясцовым кіраваньні і самакіраваньні ў Рэспубліцы Беларусь», а менавіта артыкул 3, які вызначае прынцып галоснасьці шляхам пастаяннага інфармаваньня грамадзян аб рашэньнях, якія прымаюцца. Акрамя таго, Вячаслаў Хафізаў адмовіў мне ў магчымасьці ўдзельнічаць асабіста ў абароне гісторыка-культурнай каштоўнасьці, што гарантуецца мне Законам «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь. Парушыў чыноўнік і Закон «Аб зваротах грамадзянаў,» — кажа Дзяніс Турчаняк.

Грамадзкі дзеяч у сваёй скарзе просіць прыцягнуць да адказнасьці намесьніка старшыні гарвыканкаму паводле адміністрацыйнага кодэксу і абавязаць гарвыканкам прадставіць копіі рашэньняў, якія актывіст запытваў.
XS
SM
MD
LG