Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пашкевіч: «Якавенку выключылі за абразу і паклёп»


Алесь Пашкевіч

Алесь Пашкевіч

10 сьнежня ў Менску адбудзецца чарговы зьезд Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, на якім будзе абранае новае кіраўніцтва арганізацыі. Напярэдадні зьезду «Радыё Свабода» размаўляе са старшынём Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесем Пашкевічам.

Радыё Свабода плянуе весьці жывую відэатрансьляцыю працы зьезду. Пачатак 10 сьнежня а 10 гадзіне.

Радыё Свабода: «Спадар Алесь, чаго чакаеце ад заўтрашняга зьезду? Якая будзе павестка дня?»


Алесь Пашкевіч: «Найперш хочацца чакаць, каб форум беларускіх незалежных творцаў адбыўся. Адбыўся плённа. Каб на ім гучалі надзённыя, актуальныя праблемы. Вырашаліся галоўныя пытаньні — як жыцьцядзейнасьці нашай творчай суполкі, так і ўзьнімаліся і знаходзіліся, шукаліся шляхі вырашэньня надзённых пытаньняў у разьвіцьці нацыянальнай літаратуры, у разьвіцьці нацыянальнай культуры».

Радыё Свабода: «Якія існуюць найбольш вострыя рознагалосьсі ў сярэдзіне вашага саюзу? У дыскусіях у інтэрнэце даходзіць да таго, што пісьменьнікі зусім не ў добразычлівай форме мераюцца патрыятызмам, сваім даробкам, а нават патрабуюць забараніць публікаваць адзін аднаго».

Алесь Пашкевіч: «Падобных рознагалосьсяў у творцаў заўсёды шмат. Але,
зьезд выявіць і павінен кансалідаваць як старэйшых, так і маладзейшых сваіх сяброў ...

як мне падаецца, і рада, і сакратарыят, і ўвесь Саюз беларускіх пісьменьнікаў — гэта супольнасьць аднадумцаў, супольнасьць людзей, занепакоеных клопатам нацыянальнай мовы, літаратуры, свабоды слова. Урэшце, зьезд выявіць і павінен кансалідаваць як старэйшых, так і маладзейшых сваіх сяброў якраз на ніве агульнай стваральнай працы, якая мусіць увайсьці ў гісторыю ня толькі беларускай літаратуры, але і ўсяго нацыянальнага мастацтва».

Радыё Свабода: "Немагчыма абмінуць цяперашнія ўзаемадачыненьні паміж Саюзам беларускіх пісьменьнікаў і Саюзам пісьменьнікаў Беларусі Як Вы іх ахарактарызуеце.

Алесь Пашкевіч: «Пачнём з таго, што ў арганізацыйным пляне падобных стасункаў не існуе. Іншая рэч — засталіся сяброўскія повязі, якія яшчэ дзесяцігодзьдзямі мацаваліся. Літаратары паміж сабой, ня выключана, сустракаюцца, разумеюцца. Але паміж саюзамі аніводных творчых праграмаў, праектаў, якія б вызначалі нашу статутную дзейнасьць не было і няма.

Радыё Свабода: Якімі вы бачыце дачыненьні двух саюзаў у будучыні?

Алесь Пашкевіч: «Ну хто ж будучыню ведае...»

Радыё Свабода: "Распавядзіце, калі ласка, больш падрабязна пра апошняе паседжаньне Рады, на якім было прынята рашэньне пра выключэньне больш за дзясятак сяброў Саюза. У СМІ паведамлялася, што Скобелеў і Якавенка выключаныя з СБП за тое, што былі членамі адначасова і чаргінцоўскага саюзу. Але на афіцыйным сайце СПБ у сьпісах іх прозьвішчаў няма.

Алесь Пашкевіч: Гэтая інфармацыя ўжо на сумленьні тых журналістаў, якія такое паведамлялі. На агульным паседжаньні рады СБП, якое прайшло 21 лістапада, сярод іншых пытаньняў, у першую чаргу зьвязаных з арганізацыяй і правядзеньнем чарговага зьезду, разглядаліся і пытаньні, якія тычацца складу СБП. Рада задаволіла заявы аб выхадзе са складу СБП 14 літаратараў. Іх заявы, напісаныя на маё імя, мы атрымалі разам зь лістом за подпісам Мікалая Іванавіча Чаргінца. У лісьце ён просіць выключыць са складу нашага Саюзу гэтых асобаў на той падставе, што яны зьяўляюцца сябрамі Саюза пісьменьнікаў Беларусі. Мы гэтыя заявы задаволілі.

Акрамя таго, Рада вырашыла на сваім кворумным паседжаньні выключыць з шэрагу сяброў СБП Васіля Цімафеевіча Якавенку з наступнай фармулёўкай «за абразьлівыя і паклёпніцкія публікацыі ў СМІ зьвестак, якія не адпавядаюць рэчаіснасьці і дыскрэдытуюць ГА «СБП», яго кіраўніцтва і раду, за неаднаразовае сьвядомае ігнараваньне рашэньняў рады СБП.

Радыё Свабода: «Якія канкрэтна публікацыі меліся на ўвазе»

Алесь Пашкевіч: «Рада тройчы разглядала абразьлівую публікацыю ў штотыднёвіку «Літаратура і Мастацтва» «Дзе схаваны д’ябал»

Радыё Свабода: "Што СБП можа прапанаваць пісьменьнікам? Ці здольны Саюз рэальна абараніць інтарэсы сваіх сяброў на выдавецкім рынку?

Алесь Пашкевіч: «На жаль, трэба прызнацца, што прапанаваць у матэрыяльным пляне мы амаль нічога ня можам. Але ў першую чаргу мы імкнемся аказаць і маральную і прафесыйную падтрымку таленавітай моладзі. Незважаючы на цяжкасьці з апублікаваньнем твораў, СБП актыўна спрычыняецца і да гэтага кірунку працы. Сёньня мы маем свой сайт, які сярод літаратурных сайтаў Беларусі па папулярнасьці стала займае трэцяе месца. З 2007 года пачало рыхтавацца і пэрыядычна выдаецца літаратурнае выданьне СБП «Літаратурная Беларусь». Гэта дадатак да штотыднёвіка «Новы час». Ужо трэці год для таго, каб спрыяць папулярызацыі беларускіх незалежных выданьняў, мы ўкладаем і распаўсюджваем па бібліятэках рэклямны бюлетэнь СБП і ЗБС «Бацькаўшчына», «Кніганоша». Раз на месяц ён зьяўляецца з анатацыямі і выявамі вокладак беларускіх кніг. СБП запачаткавала і выдае сваю кніжную сэрыю «Кнігарня пісьменьніка». За апошнія два гады выйшла 16 кніг. Пры падтрымцы нашага Саюзу выйшлі ў сьвет тры альманахі брэсцкага абласнога адзьдзяленьня «Жырандоля». Урэшце, немагчыма адзьдзяліць ад нашай дзейнасьці і два літаратурныя часопісы «Дзеяслоў» і «Верасень», якія рэдагуюць намесьнікі старшыні СБП Барыс Пятровіч і Эдуард Акулін.

Важным даробкам нам усім бачыцца і супраца зь іншымі культурніцкімі праектамі. Пры падтрымцы СБП у хуткім часе будуць зьяўляцца папяровыя вэрсіі альманаху перакладной літаратуры «Прайдзісьвет». Распачне сваю працу новы праект — літаратурнае інтэрнэт-радыё.

Вось у гэтым усім згаданым і не згаданым мы імкнемся найперш падтрымаць нашых літаратараў, нашых сяброў. Дапамагчы апублікавацца, выйсьці ў сьвет.

Саюз за гэтыя гады правёў шмат сэмінараў, канфэрэнцыяў, конкурсаў — па дзіцячай літаратуры, па праблемах сучаснай крытыкі. Мы арганізавалі міжнародны сэмінар па пытаньнях аўтарскага права з прыцягненьнем эўрапейскіх спэцыялістаў — выдаўцоў і юрыстаў.

Важным бачыцца і правядзеньне агульнарэспубліканскага конкурсу «Жанчына ў сучасным грамадзтве», двухдзённы сэмінар па гендэрнай праблематыцы. Вынік гэтых конкурсаў — гэта ня толькі сустрэчы і майстар-клясы, але і выдадзеныя кнігі. Цягам апошніх гадоў мы правялі конкурс на лепшую другую кнігу пісьменьніка. І ў выніку пераможцы гэтага конкурсу атрымалі магчымасьць апублікаваць свае другія кнігі, якія гадамі не маглі дайсьці да друкарскага варштату«.

Радыё Свабода: «Зразумела, што галоўнае — гэта пазытыўнае спаборніцтва паміж двума саюзамі — за моладзь. Хто, на вашу думку, тут перамагае?»

у СБП большасьць таленавітай беларускай моладзі, прычым як беларускамоўнай, так і расейскамоўнай ...

Алесь Пашкевіч: «Я б не ставіў пытаньне так абвострана і не ўжываў бы слова «змаганьне». Змагацца трэба ў першую чаргу за агульныя ідэалы, за якасьць напісанага, за мову і пашырэньне сфэры яе ўжытку. Але мы можам канстатаваць, што не зважаючы на розныя пэрыпэтыі і нюансы, у СБП большасьць таленавітай беларускай моладзі, прычым як беларускамоўнай, так і расейскамоўнай. І гэтая моладзь ня толькі расквечвае і ўпрыгожвае наш Саюз, але яна больш актыўная, больш інтэграваная ў эўрапейскую літаратурную прастору. Гэтаму сьведчаньне іх папулярнасьць у Эўропе, шматлікія пераклады іх твораў і кніг у краінах Эўропе.

Радыё Свабода: «Якія адносіны СБП да ўдзелу яго сяброў у перадачах БТ і ў публікацыях на старонках прэзыдэнцкіх СМІ?»

Алесь Пашкевіч: «Пазытыўна ставімся да ўсяго, што на высокім узроўні прапагандуе беларускае слова, сапраўдную нацыянальную літаратуру».

Радыё Свабода: «У савецкі час СП быў, без перабольшаньня, заможнай структурай, цяперашні „праўладны“ СПБ таксама не назавеш бедным. А якая маёмасьць ёсьць у СБП?»

Алесь Пашкевіч: «Мы маем незьлічоную, непараўнальную маёмасьць. Я маю на ўвазе інтэлектуальную значнасьць, прэзэнтабэльнасьць усяго агульнага духоўнага плёну, створанага сябрамі СБП.

Што тычыцца матэрыяльнага боку, то на жаль, пасьля страты Дома Літаратара, пісьменьніцкай паліклінікі, СБП нічога больш ня мае. Застаўся наш агульны клопат — вырашыць лёс тых сродкаў, якія застаюцца сёньня на рахунку ліквідацыйнай камісіі Беллітфонду пасьля продажу санаторыя-прафілякторыя пісьменьнікаў „Іслач“. Гіпатэтычна, гэта тая матэрыяльная спадчына, якая засталася нам ад нашых папярэднікаў, якая, калі атрымаецца, мусіць працаваць на агульнае вырашэньне жыцьцёвых, побытавых клопатаў беларускіх пісьменьнікаў».

Радыё Свабода: «Пра якую суму вядзецца гаворка?»

Алесь Пашкевіч: «2 кастрычніка 2008 году ліквідацыйная камісія правяла аўкцыён. І на рахунак ліквідацыйнай камісіі Беллітфонду было пералічана тры з паловай мільярды беларускіх рублёў. На працягу ўжо доўгага часу адбываліся выплаты пазыкаў крэдыторам, але нават з улікам інфляцыі застаецца аграмадная сума. І ўсе беларускія пісьменьнікі мусяць яшчэ адстойваць права на гэтую агульную, падкрэсьліваю, матэрыяльную спадчыну.

Радыё Свабода: «Спадар Алесь, чым ганарыцеся з таго, што было зроблена за 9 гадоў старшынства ў СБП?»

Алесь Пашкевіч: «Найперш мушу ганарыцца ня толькі я, але ўсе разам беларускія творцы. Ганарыцца тым, што кожны, як мог, колькі даў Бог таленту, спрычыняліся і будзем спрычыняцца да стварэньня агульна нацыянальнага беларускага літаратурнага прадукту. Будзем ганарыцца тым, што як і нашы папярэднікі мы не адракліся і ніколі ня здрадзім свайму роднаму слову, свайму свабоднаму выбару і праву выказвацца сьмела, выказвацца вольна, свабодна. Мы, урэшце, мусім ганарыцца, што нашая творчая, найстарэйшая арганізацыя Беларусі — СБП, не зважаючы на розныя пэрыпэтыі лёсу і часу, застаецца легальнай, дзейснай творчай арганізацыяй, якую ня толькі падтрымлівалі і падтрымліваюць лепшыя літаратурныя творцы, але якая за апошнія гады стала арганічным складнікам і эўрапейскіх пісьменьніцкіх саюзаў. На чарговы зьезд СБП мы атрымалі больш як паўсотні віншавальных тэлеграмаў і словаў салідарнасьці ад эўрапейскіх пісьменьніцкіх саюзаў, ад Эўрапейскай пісьменьніцкай рады, ад вельмі вядомых пісьменьнікаў — у тым ліку двух нобэлеўскіх ляўрэатаў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG