Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Лукашэнка ўчапіўся кіпцюрамі за ўладу»


Выступаючы на зьезьдзе БРСМ у Менску, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што «ніколі ў сваім жыцьці не карыстаўся тым, каб сілай утрымліваць уладу». Ён таксама адзначыў, што «слабая ўлада — не надоўга. І таму, калі вы мяне выбралі прэзыдэнтам — рыхтуйцеся да моцнай улады». Як камэнтуюць гэтыя заявы ў беларускай апазыцыі?

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька заявіў, што не падзяляе гэтыя ацэнкі кіраўніка краіны. З 1994 па 1996 год Лукашэнка быў прэзыдэнтам Беларусі, які прыйшоў да ўлады праз выбары і адносна яго легітымнасьці не было ніякіх пытаньняў.

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

«А вось пачынаючы з 1996 года, калі адбыўся незаконны рэфэрэндум Лукашэнка перастаў быць прэзыдэнтам. Ён стаў правіцелем. А вось якраз прэзыдэнтаў выбіраюць праз выбары. А правіцелі прызначаюць сябе і ўтрымліваюць уладу сілай. Таму Лукашэнка мае рацыю, калі ён кажа пра пэрыяд, які быў да 1996 года. Усё астатняе — гэта сілавое ўтрыманьне ўлады. І ў нас сёньня самыя эфэктыўныя — гэта сілавыя структуры, на іх затрачваецца шмат выдаткаў».

Заявы Лукашэнкі пра тое, што ён «ніколі ў сваім жыцьці не карыстаўся тым, каб сілай утрымліваць уладу», паводле палітыка Віктара Івашкевіча, чыстай вады дэмагогія і невядома на каго разьлічаная.

«На актывістаў БРСМ? Дык і тыя ж усё разумеюць і ідуць у БРСМ не таму, што вераць выказваньням Лукашэнкі, а таму, што яны разьлічваюць атрымаць там нейкія бонусы. Я не разумею, каму ён гэта кажа, каго ён яшчэ сёньня думае падмануць. Яго фанатычныя прыхільнікі ніякіх зьменаў ня хочуць, вераць свайму куміру і хочуць, каб ён да сьмерці імі правіў. А тыя, хто хоча яго зьмяніць, ведаюць, што той учапіўся кіпцюрамі за ўладу і б’ецца, і пойдзе на любыя мэтады, каб яе ўтрымаць. Для каго гэта хлусьня, я не разумею».

Мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч называе хлусьнёй выказваньні Лукашэнкі і згадвае найперш зьбіцьцё дэпутатаў апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце ў 1995 годзе.

Уладзімер Мацкевіч

Уладзімер Мацкевіч

«Гэта была сілавая акцыя, накіраваная выканаўчай уладай, якую ўзначальваў тады ўжо Лукашэнка супраць заканадаўчай улады. Другі выпадак, гэта гвалтоўныя дзеяньні ўладаў у 1996 годзе супраць дэпутатаў ужо Вярхоўнага Савета 13-га скліканьня, якія падпісвалі паперы пра імпічмэнт прэзыдэнта. І на гэтых дэпутатаў быў гвалтоўны ціск. Ці ж гэта не сілавое ўтрыманьне ўлады? Больш таго, выкліканьне дэсанту з Масквы на падтрымку свайго боку супраць Вярхоўнага савету і канстытуцыйнага суда — гэта была цалкам гвалтоўная акцыя. Я ўжо не кажу пра разгон Плошчы ў 2006 годзе і 19 сьнежня мінулага года. Так што проста эмпірычная відавочнасьць абвяргае гэтыя словы Лукашэнкі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG