Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд чакае “патрэбных” сьведкаў


Каваленка Сяргей

Каваленка Сяргей

У Першамайскім райсудзе Віцебску працягваецца разбор адміністрацыйнай справы сябра КХП БНФ Сяргея Каваленкі. Актывіста вінавацяць у нецэнзурнай лаянцы у адрас супрацоўнікаў інспэкцыі па выкананьні пакараньняў. Суд чарговы раз адклалі, бо на працэс не зьявіліся сьведкі, якія мусілі б давесьці вінаватасьць актывіста.

Разбор гэтай справы цягнецца з 25 лістапада. Спачатку яго пераносілі па хадайніцтву самога Сяргея Каваленкі, які хацеў замовіць адваката. А цяпер адтэрмінавалі да 22 сьнежня, бо не зьявіліся сьведкі нібыта зьдзейсьненага хуліганскага ўчынку.

«У справе ёсьць паказаньні сьведак, але гэта людзі, якія знаходзяцца ў падпарадкаваньні інспэкцыі па выкананьні пакараньняў, — такія самыя ўмоўна зьняволеныя, як і я. Яны сьведчаць, што я нецэнзурна лаяўся, аднак іхныя паказаньні нельга лічыць аб’ектыўнымі, бо яны знаходзяцца ў залежным становішчы», — кажа Сяргей Каваленка, адстойваючы сваю невінаватасьць.

На наступнае судовае пасяджэньне ён запрасіў сьведку са свайго боку — былога супрацоўніка інспэкцыі, які цяпер там не працуе, і можа, не баючыся ціску начальства, казаць праўду.

Інцыдэнт, які разьбірае Першамайскі райсуд, здарыўся 24 лістапада. Сяргей Каваленка адбывае тэрмін умоўнага пакараньня за тое, што вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг на гарадзкой навагодняй ёлцы 7 студзеня 2010 году. Шточацьвер ён мусіць адзначацца ў інспэкцыі. У той дзень актывісту паведамілі, што зьмяняюць рэжым: раней ён мусіў знаходзіцца ў хаце з 21-й гадзіны, а цяпер — не пазьней як у 19.30. Каваленка заявіў, што нязгодны: ён працуе прыватным прадпрымальнікам, робіць будаўнічыя працы і часта працуе па вечарах, зарабляючы грошы на сям’ю дзе растуць двое дзяцей. Таму адмовіўся падпісаць афіцыйнае папярэджаньне і лічыць, што ў інспэкцыі яму помсьцяць за гэта, узводзячы паклёп пра нецэнзурную лаянку.
XS
SM
MD
LG