Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабруйск: Актывіст АГП Дзьмітры Тоўсьцік абвешчаны ў вышук


Бабруйскія дэмакратычныя актывісты Марыя Іванова Дзьмітры Тоўсьцік, Алена Тоўсьцік, Арцём Мархасёў

Бабруйскія дэмакратычныя актывісты Марыя Іванова Дзьмітры Тоўсьцік, Алена Тоўсьцік, Арцём Мархасёў

Бабруйскі актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі Дзьмітры Тоўсьцік абвешчаны ў вышук. Пра гэта паведамілі ў міліцыі яго жонцы Алене. Яна кажа, што на мужа заведзена крымінальная справа.

«Сьледчая не сказала ў чым вінавацяць Дзьмітрыя. Я запыталася — яна пачала некаму тэлефанаваць, потым выйшла з кабінэта — так і не сказала. Мне таксама не сказалі ў які менавіта вышук мужа абвясьцілі. Мне задавалі розныя пытаньні пра паводзіны мужа, ці забываўся ён нешта, ці апошнім часам паводзіў сябе нязвыкла. Гэта ўсё, каб атрымаць доказы, я так думаю, што ён нібыта ўжываў наркотыкі», — паведаміла «Свабодзе» Алена Тоўсьцік.

5 сьнежня ў пакоі інтэрнату, дзе жыве сям’я Тоўсьцікаў, быў праведзены ператрус, падчас якога нібыта былі выяўленыя факты захоўваньня Дзьмітрыем Тоўсьцікам наркатычных рэчываў. Пасьля ператрусу яго пратрымалі ў міліцыі да позьняй ночы — потым адпусьцілі. Назаўтра зноў выклікалі — пасьля чаго ён зьнік. У міліцыі сьцьвярджаюць, што да іх ён не дайшоў.

Алена і Дзьмітры Тоўсьцікі абвінавачваюцца ва ўдзеле ў несанкцыянаваным шэсьці са сьвечкамі ў руках 2 лістапада. Адміністрацыйную справу супраць іх меўся разглядаць Бабруйскі суд 7 лістапада. Працэс быў адкладзены з-за няяўкі на яго абвінавачаных.

Як кажа Алена Тоўсьцік з-за адміністрацыйнай справы яе сям’ю паставілі на ўлік як нядобранадзейную. Пра гэта паведаміла ёй супрацоўніца гарадзкой сацыяльнай службы, калі яна была ў лякарні. Цяпер спадарыня Тоўсьцік высьвятляе акалічнасьці пастаноўкі на ўлік. Дакумэнтаў, якія сьведчаць пра гэта, ёй ніхто не перадаваў і яна нічога не падпісвала.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG