Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алег Трусаў: «Гэтыя 20 год незалежнасьці цалкам нашыя»


У дзень падпісаньня Белавескага пагадненьня, якое ў 1991 годзе падвяло рысу пад існаваньнем СССР, на сядзібе ТБМ адбылася сустрэча з дэпутатамі Вярхоўнага савету 12-га скліканьня.

Садоўскі і Трусаў узгадалі канец СССР
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:04:51 0:00
Наўпроставы лінк

Зь легкай рукі Зянона Пазьняка, удзельнікаў апазыцыі ў першым незалежным беларускім парлямэнце звыкла называюць «дэпутатамі незалежнасьці». Дваццаць гадоў таму такіх дэпутатаў было каля трох дзясяткаў. І гэта менш як дзясятая частка ўсяго складу парлямэнту.

8 сьнежня на сустрэчу прыйшло двое — Алег Трусаў і Пятро Садоўскі.

Радыё Свабода: «Спадар Алег, чаму менавіта ў гэты дзень праводзіце сустрэчу, прысвечаную 20-годьдзю беларускай незалежнасьці?»

Алег Трусаў: «Таму што роўна 20 год назад Беларусь аднавіла сваю дзяржаўнасьць чарговы раз, але першы раз у межах аднаго народу. Бо раней наша незалежнасьць дзялілася з балтамі, з палякамі, мы былі ў складзе шматнацыянальных дзяржаў. І потым, калі гэтыя дзяржавы распаліся, суседзі прыўлашчылі частку беларускай гісторыі. А гэтыя 20 год цалкам нашыя. Ці добрыя, ці кепскія — але нашыя. Бо ўпершыню ўтварылася Беларусь як мона-дзяржава, дзе беларусы складаюць 80 і больш адсоткаў. Літаральна ў гэтыя часы на сталах у Белавежскай пушчы, у Віскулях была падпісаная ўнікальная з’ява, якая зьмяніла сьвет. Бо зьнікненьне Савецкага саюза — гэта такая ж з’ява, як зьнікненьне Бізантыі альбо Рымскай імпэрыі. Але там было ў крыві — а тут мірна».

У год, калі Беларусь адзначае 20-годьдзе сваёй незалежнасьці, дэпутаты, што ставілі подпісы пад гістарычнымі дакумантамі, сапраўды нарасхват. Арганізатары сустрэчы кажуць, што менавіта таму на сёньняшнюю сустрэчу не ўдалося сабраць большым складам. Але ёсьць і іншыя прычыны. У палітычнай эміграцыі за мяжою знаходзяцца дэпутаты Зянон Пазьняк і Сяргей Навумчык. Ужо няма ў жывых Ігара Герменчука, Галіны Сямдзянавай, Ігара Пырха, Яўгена Цумарава.

Падчас сустрэчы шмат гаварылася пра падзеі 1991 году. Пятро Садоўскі адзначыў, што, аглядаючыся на дату дваццацігадовай даўніны, мы ізноў мусім пачынаць нацыянальную дыскусію, умацоўваць нацыятворчыя міты і разбураць тыя, што былі створаныя недобрасумленнымі гістарычнымі фігурамі:"Карыстаючыся момантам, я хацеў бы паўтарыць адзін міт, які стварыў наш кіраўнік дзяржавы спадар Лукашэнка. Калі 10 сьнежня была ратыфікацыя Белавежскіх пагадненьняў, ён быў адзіны дэпутат, які галасаваў супраць. Вось у мяне ў руках паменьшаная копія пратаколу за 10 сьнежня. Было паіменнае галасаваньне. Лукашэнка быў сярод 27 дэпутатаў, якія не прымалі ўдзел у галасаваньні. Ён стаіць пад нумарам 18. Ён запусьціў гэты міф, які цяпер гуляе, і стаў часткай ягонай біяграфіі. На самой справе гэтым адзіным быў Валер Ціхіня. Ён адкрыта пра гэта казаў".

З двух дзясяткаў тых, хто прыйшоў у гэты вечар у ТБМ, амаль палову складалі маладыя людзі. Праўда, сядзелі яны моўчкі і пытаньняў не задавалі. З большага размова вялася пра тое, як умацоўваліся падставовы прыкметаў беларускай дзяржаўнасьці.

Пятро Садоўскі, які быў першым амбасадарам Беларусі ў Нямеччыне, распавёў, як былі надрукаваныя першыя беларускія рублі, надта падобныя на нямецкія маркі. І як ён у асобным купэ, вёз на радзіму машыну для друку новых пашпартоў — з Пагоняй. Алег Трусаў, які кіраваў камісіяй па распрацоўцы эталёнаў дзяржаўных сьцяга і гербу, распавёў, што было надта шмат ахвочых стаць аўтарам нацыянальнага гімну — і гістарычны момант быў страчаны: засталіся бяз гімну.

Шмат казалі і пра тое, як магла б павярнуцца гісторыя нашай краіны, калі б тады нешта было зроблена па-іншаму. Пра сучаснаснае палітычнае жыцьцё амаль не згадвалі.

Пасьля сустрэчы мы запыталі маладых людзей, за чым яны прыйшлі сёньня ў ТБМ:

Дзяўчына: «Мне проста цікава стала. На жаль, я б хацела Зянона Станіслававіча пабачыць. Але хоць Трусава, хоць Пётра Садоўскага. Памятаю ягоную фразу: «Што ў тыя гады мы былі гістарычна шчасьлівыя»

Хлопец:"Таму што мне вельмі важная нашая гісторыя. Тут можна пачуць пра яе ад тых людзей, якія сапраўды прымалі ўдзел у ёй"

Дзяўчына: «Шмат вельмі ўсяго цікавага было. Хоць і чыталі шмат кніг пра гэта. Але менавіта ад гэтых дэпутатаў, я раней ня чула гэтага. Вельмі цікавыя дробязі, якія па-іншаму даюць магчымасьць паглядзець на гэтыя падзеі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG