Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Газпраму» не дадуць рэзка падняць заробкі ў Беларусі


Аляксей Мілер на ганку Белтрансгазу
Аляксей Мілер на ганку Белтрансгазу
Кіраўнік расейскага «Газпраму» Аляксей Мілер 8 сьнежня знаёміўся з новым падразьдзяленьнем канцэрну — калектывам ужо былога «Белтрансгазу». Неўзабаве на старым будынку на вуліцы Някрасава ў Менску зьявіцца новая шыльда — «Газпрам Трансгаз Беларусь». Працаўнікам жа новы гаспадар пажадаў не адчайвацца ад страты эканамічнага сувэрэнітэту — «Газпрам» падвысіць заробкі ўтрая.

Ці не захочуць пад расейскую юрысдыкцыю іншыя прадпрыемствы, якія стаяць у чаргу на прыватызацыю?

«Газпрам» маецца ўзьвесьці ў Менску новы высотны офіс з разгалінаванай інфраструктурай, на мэнэджэраў будзе распаўсюджаны маскоўскія карпаратыўныя стандарты — як прыклад, перасоўваньне толькі на статусных «Мэрсэдэсах». Паколькі ў сыстэме «Белтрансгазу» па ўсёй Беларусі занята блізу 5 тысяч чалавек, абяцаюць не забыцца на супрацоўнікаў ніжэйшага зьвяна і сфэры абслугоўваньня магістральных газаправодаў — заробкі будуць падвышаныя ў два-тры разы.

Былы інжынэр службы газаразьмеркавальных станцый «Белтрансгазу» Аляксандар Мех не сумняецца, што падобныя навіны беларускія супрацоўнікі расейскага прадпрыемства ўспрымуць з энтузіязмам. Аднак пакуль не зразумела, якую кадравую палітыку будзе праводзіць «Газпрам» і якія пасады аддасьць маскоўскім стаўленікам.

«Сам працоўны калектыў „Белтрансгазу“ будзе, канечне, вельмі задаволены, калі заробак падвысіцца. Таму што кантрактная сыстэма, якая існуе ў Беларусі, яшчэ раней зрабіла чалавека фактычна нявольнікам. А тут атрымліваецца, што рабам, якія пераходзяць у іншае падпарадкаваньне, нехта падвышае заробак. Таму калектыў, натуральна, будзе задаволены, бо, як і ўсё астатняе насельніцтва, людзі зараз думаюць толькі аб адным — як забясьпечыць сям’ю. Але, як я разумею, зараз пачнецца гандаль працоўным калектывам. Бо відавочна, што ў Менску хтосьці паспрабуе забраць частку паўнамоцтваў да сябе, але ж, мяркую, Масква на гэта не пагодзіцца. І якраз першымі пад раздачу трапяць ранейшыя кіраўнікі. Каб сур’ёзна падрыхтаваць, напрыклад, інжынэра лінейнай часткі, патрэбна 7-8 гадоў працы менавіта на трасе магістральнага газаправоду. Але без праблемаў можна замяніць цяперашняе вышэйшае кіраўніцтва. Таму калі кагосьці будуць дасылаць, то толькі кіраўнікоў галаўных офісаў», — мяркуе Мех.

У афіцыйных справаздачах па выніках наведваньн
Зараз рэжым будзе ўсё рабіць, каб так хутка заробак у „Белтрансгазе“ не падвышаўся

я кіраўніком «Газпраму» Аляксеем Мілерам колішняй галоўнай газатранспартнай установы Беларусі зьвесткі падаюцца дзяжурна-сьціплыя. Пацьверджана, што асаблівае значэньне ў падвышэньні эфэктыўнасьці дзейнасьці структуры, інтэграванай у групу «Газпраму», мае прывядзеньне карпаратыўных патрабаваньняў, нормаў і стандартаў у адпаведнасьць з прынятымі ў «Газпраме». У гэтай сувязі абмеркаваныя аспэкты бягучай і будучай вытворчай дзейнасьці беларускага падразьдзяленьня — у прыватнасьці, заплянаваны аўдыт тэхнічнага стану яго асноўных фондаў.

Ці не захочуць іншыя стратныя прадпрыемствы Беларусі, убачыўшы на прыкладзе «Белтрансгазу» пераўтварэньні ў лепшы бок, добраахвотна прадацца тым жа расейцам?

На думку былога супрацоўніка «Белтрансгазу» Аляксандра Меха, менавіта падобныя настроі ня могуць не турбаваць кіраўнікоў Беларусі. На яго думку, беларускі ўрад будзе рабіць усё, каб ня даць «Газпраму» разгарнуцца напоўніцу.

„Белтрансгаз“ мае такую разгалінаваную структуру, што ён літаральна паўсюль. Ён ахапіў усю Беларусь, бо гэта — крывяносная сыстэма ўсёй эканомікі. Таму нельга было яго прадаваць ні пад якімі ўмовамі
«Я так мяркую, што зараз рэжым будзе ўсё рабіць, каб так хутка заробак у „Белтрансгазе“ не падвышаўся. Якім чынам — гэта яны яшчэ будуць глядзець. Таму што калі так рэзка падняць заробкі на адным прадпрыемстве, то гэта выкліча хвалю патрабаваньняў падвышэньня заробкаў на іншых. І людзей тут ужо проста не стрымаеш. Зь іншага боку, людзі таксама разумеюць: калі прадаюць іх прадпрыемствы, то ў цяперашняй сытуацыі гэта не самае лепшае выйсьце. Але гэта якраз тая пастка, у якую завяла насельніцтва гэтая ўлада, гэты рэжым. Магчыма, як у выпадку зь „Белтрансгазам“, гэта будзе кампэнсавана абяцанымі высокімі заробкамі, аднак відавочна і іншае — тое, што будуць скарачэньні, відавочна, што будзе пераглядацца і штатны расклад. Усё гэта будзе рабіцца. Нехта атрымае, а нехта страціць усё», — кажа Мех.

Карэспандэнт: «Мяркуючы па ўсім, заробкі на „Белтрансгазе“ і дагэтуль былі не самыя горшыя...».

Мех: «Заробкі — так. Асабліва яны выцягвалі людзей менавіта ў рэгіёнах. Таму што „Белтрансгаз“ мае такую разгалінаваную структуру, што ён літаральна паўсюль. Ён ахапіў усю Беларусь, бо гэта — крывяносная сыстэма ўсёй эканомікі. Таму нельга было яго прадаваць ні пад якімі ўмовамі».

Днямі Аляксандар Лукашэнка катэгарычна адказаў крытыкам продажу «Белтрансгазу». Ён заявіў, што не зьбіраецца «усё жыцьцё маліцца на іржавыя трубы». «Газпрам», аднак, ня лічаць газаправодную сыстэму Беларусі кучай мэталялому і прыватызаваў яе за два этапы: цягам 2007-2010 гадоў бюджэт атрымаў і, як кажуць экспэрты, даўно праеў 2,5 мільярды даляраў за першыя 50% акцый «Белтрансгазу», сёлета «Газпрам» заплаціў яшчэ столькі ж, стаўшы поўным гаспадаром прадпрыемства з усім калектывам ў дадатак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG