Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Беларусі: прадстаўніцтва фонду Эбэрта зачынілі


Беларускае Міністэрства замежных спраў пацьвердзіла факт закрыцьця беларускага прадстаўніцтва нямецкага фонду Фрыдрыха Эбэрта.

«Мы прынялі такое рашэньне ў сувязі з тым, што дзейнасьць фонду ня ў поўнай меры адпавядае крытэрам канструктыўнага ўзаемадзеяньня з органамі дзяржаўнага кіраваньня Беларусі», — заявіў БелаПАН прэс-сакратар МЗС Андрэй Савіных.

«Трэба таксама прызнаць, што на гэтае рашэньне паўплывала рэзкая радыкалізацыя пазыцыі Нямеччыны адносна Беларусі, адказнасьць за якую цалкам ляжыць на нямецкім баку».

Фонд імя Фрыдрыха Эбэрта зьяўляецца адным з найбуйнейшых некамэрцыйных фондаў Нямеччыны, блізкім да Сацыял-дэмакратычнай партыі . Ён быў заснаваны ў 1925 годзе і названы ў гонар першага ў гісторыі Нямеччыны дэмакратычна абранага кіраўніка дзяржавы. Прадстаўніцтвы фонду працуюць больш чым у ста краінах сьвету.

Беларускае прадстаўніцтва было адкрыта ў Менску ў 1997 годзе. Яно займалася падтрыманьнем кантактаў з дзяржаўнымі ўстановамі, няўрадавымі арганізацыямі, вядомымі палітычнымі і грамадзкімі дзеячамі.

Цяперашняе рашэньне беларускіх уладаў зачыніць менскае прадстаўніцтва фонду Эберта зьяўляецца вельмі трывожным сыгналам, заявіла радыё «Нямецкая хваля» дэпутат бундэстага ад Сацыял-дэмакратычнай партыі Нямеччыны Ута Цапф.

«Мы мала што можам зрабіць у цяперашняй сытуацыі, паколькі адносіны з Беларусьсю практычна замарожаныя», — сказала яна.

Цапф выказала надзею на тое, што нямецкі МЗС не пакіне без увагі гэты факт і дасьць яму належную ацэнку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG