Лінкі ўнівэрсальнага доступу

20 гадоў таму ў спадчыну ад СССР усе беларускія рэгіёны атрымалі шэраг прадпрыемстваў, якія раней лічыліся саюзнай маёмасьцю. Што сталася зь імі цяпер?

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Гомельскі радыёзад імя 60-годзьдзя СССР быў заснаваны ў 1969 годзе. Тут працавалі звыш 7 тысяч чалавек. Да распаду Савецкага Саюзу прадпрыемства выпускала прадукцыю выключна на патрэбы абароны.

Апавядае былы рэгуліроўшчык радыёапаратуры Андрэй Толчын:

«Наш завод вырабляў элемэнты для абароны Савецкага Саюзу — быў часткай абароннай прамысловасьці. Мы выраблялі сыстэмы для касьмічнай сувязі. Было вельмі прэстыжна працаваць на радыёзаводзе. Ну, па-першае, гэта была так званая навукаёмкая вытворчасьць. Там былі вельмі высокія заробкі. Радыёзавод забясьпечваў сваім супрацоўнікам — зараз гэта называецца сацыяльны пакет — розныя магчымасьці для адпачынку. Нават была свая база адпачынку на Чорным моры».

У 90-х гадах, калі ня стала цэнтралізаванага фінансаваньня, радыёзавод апанаваў крызіс. Заказаў не было, заробкі не плацілі. Людзі масава звальняліся. Завод стаў вырабляць дажджавальныя ўстаноўкі, транспарцёры для ўборкі гародніны, халадзільныя камэры, жароўні, бытавыя сьвяцільнікі, мэблевую фурнітуру.

«За гады рэжыму Лукашэнкі зьнішчана перадавая вытворчасьць»

Толчын: «Зараз на заводзе працуе менш за тысячу чалавек. Што ён вырабляе, толкам невядома — нейкія палівалкі, касілкі, нейкія такія
Зьнішчана галіна перадавой вытворчасьці, зь якой можна было ісьці на сусьветныя рынкі ...

дробязі. І гэта датычна ня толькі радыёзаводу, але і ўсёй галіны — перадавой галіны, якая была разьвіта ў Беларусі. Гэта і „Інтэграл“ у Менску, і „Рытм“ у Рэчыцы, гэта таксама й гомельскія заводы „Карал“, радыётэхналягічнага абсталяваньня. Гэта ўся галіна, у якую былі ўкладзены вялікія грошы ды інтэлектуальны патэнцыял. За гады праўленьня рэжыму Лукашэнкі яна згінула, яна была зьнішчана. Зьнішчана галіна перадавой вытворчасьці, зь якой можна было ісьці на сусьветныя рынкі».

Былы завод «абаронкі» вырабляе цяпер плястыкавыя бутэлькі"

Гомельскі завод «Карал», які таксама належаў да абароннай прамысловасьці СССР, адзін час наважваўся выпускаць разам з карэйскай фірмай тэлевізары, але не атрымалася. Зараз тут вырабляюць эўрабутэлькі.

Завод «Рытм» у Рэчыцы наагул пустуе, калі не лічыць невялікую вытворчасьць выцягваньня меднага дроту.

ВІЦЕБШЧЫНА


«Чырвоны Кастрычнік» усё яшчэ мяняе назвы...

У савецкія часы завод «Чырвоны Кастрычнік» у мястэчку Барань на Віцебшчыне быў флягманам саюзнай радыёэлектроннай прамысловасьці. Гэта быў часткова засакрэчаны прамысловы аб’ект, ён выпускаў радыётэхнічную прадукцыю ваеннага і грамадзянскага прызначэньня.

Пра завод у правінцыі, які працаваў"на абаронку" і «на космас», згадвае былы дэпутат Баранскага гарсавету Віктар Міхасёў:

«Цяпер тыя інжынэры — хто ў Расеі, хто ў Канадзе, хто ў Ізраілі...»

«Так, быў гігант! Выраблялі ў асноўным радыёстанцыі для ваенна-прамысловага комплексу. Квітнела прадпрыемства! Будавала жыльлё — першы маладзёвы жылы комплекс быў тут. Першы маладзёвы клюб, першае незалежнае тэлебачаньне — усё гэта было ў Барані! Такімі „піянэрамі“ мы былі. Штогод сюды прысылалі каля двухсот маладых спэцыялістаў інжынэраў з ўсяго Савецкага Саюзу! А цяпер тыя інжынэры — хто ў Расеі, хто ў Канадзе, хто ў Ізраілі...»

Разрыў цэнтралізаваных сувязяў у постсавецкі час прывёў да таго, што на заводзе сталі затрымліваць зарплату і ўнікальныя спэцыялісты сталі звальняцца. У 1992 годзе заводу «Чырвоны кастрычнік» надалі іншую назву — прадпрыемства «Лёс». Лёс ягоны аказаўся нялёгкі: у 1994 годзе тут заставалася 5 тысяч работнікаў, і профіль вытворчасьці зьмяніўся —пачалі выпускаць тэлефонныя апараты, таксафоны, паштовыя скрынкі... Некаторыя вытворчыя памяшканьні давялося закансэрваваць.

Кажуць, была прапанова ад кампаніі Motorola, каб прадалі радыёэлектроннае прадпрыемства, пакуль яно канчаткова не састарэла. Аднак зьдзелка не адбылася.

«Сёньняшнія заробкі нават мешныя за «савецкія»

А нядаўна фірму «Лёс» зноў перайменавалі — цяпер гэта Акцыянэрнае таварыства «Тэхніка сувязі». Толькі выйсьці з заняпаду гэта не дапамагло, і з былымі «савецкімі» заробкамі сёньняшні сярэдні меншы за паўтара мільёны — не параўнаеш, лічыць кіраўнік тутэйшай суполкі Свабоднага прафсаюза металістаў Васіль Леўчанкаў:

«Заробкі тады былі добрыя — 300 рублёў сама менш. І працавала тады ў нас 10 тысяч чалавек. А цяпер —1,5 тысячы. Здаецца, і гэта лічба немалая, а кваліфікаваных працаўнікоў бракуе».

Плястыкавыя вёдры замест тэлевізараў...

Кваліфікаваныя работнікі паўцякалі ў замежжа і з прадпрыемства «Віцязь» — віцебскага тэлевізарнага заводу, які напрыканцы 1970-х пачаў выпускаць папулярныя ў Савецкім Саюзе каляровыя тэлевізары. Пасьля распаду Саюзу высьветлілася, што канкураваць з тэлевізарамі замежнай вытворчасьці дужа цяжка. І ў каталёгах прадукцыі «Віцязя» зьявіліся мэбля, прасы, чайнікі, мікрахвалёўкі, нават плястыкавыя вёдры, цэгла і тратуарная плітка. Прычым, у аддзеле збыту запэўніваюць, што будаўнічыя матэрыялы «Віцязя» карыстаюцца найбольшым попытам.

Прызначаны чарговы аўкцыён распродажу маёмасьці віцебскага «КІМ»

Віцебскае прадпрыемства «КІМ» — пры Савецкім Саюзе «Камуністычны інтэрнацыянал моладзі», а цяпер «Клясыка індустрыі моды» — увогуле распрадае свае вытворчыя плошчы. 28 сакавіка з аўкцыёну будуць прадавацца другі і трэці паверхі вытворчага корпусу 1982 году пабудовы.

Раней тут выраблялі якасны трыкатаж, які пераважна ішоў на экспарт . Цяпер прадпрыемства вымушана прадаваць маёмасьць, бо няма з чаго плаціць заробкі. Добрых пэрспэктываў работніцы ня бачаць:

«Пакуль яшчэ стаім. Але нічога ня ведаем. „КІМ“ — банкрут. Вось так вось..»

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Пры Лукашэнку новых прадпрыемстваў у Горадні не дадалося

Шэраг прадпрыемстваў Горадні, якія выраблялі прадукцыю для ўсяго Савецкага Саюзу, перасталі існаваць, альбо за апошнія 20 гадоў ператварыліся ў невялічкія вытворчасьці ці нечыя філіялы. Перадае Міхал Карневіч.

Адно з буйнейшых прадзільна-ніткавых прадпрыемстваў ў Беларусі і Савецкім Саюзе знаходзілася ў Горадні. На ім працавала каля сямі тысячаў чалавек. Пасьля распаду Саюзу прадпрыемства яшчэ некалькі гадоў існавала, але пачаліся збоі з дастаўкай сыравіны, зьнізіліся заробкі, людзі пачалі масава звальняцца.

Раней тут працавалі 7 000 чалавек, цяпер — 200.

Кажа былы рабочы прадпрыемства, спадар Іван:

«Цяпер асноўныя плошчы займае рынак „Карона“, ды яшчэ шмат фірмаў арандуюць плошчы. А на самім прадпрыемстве можа якіх чалавек 200 працуе. У іх жа былі 2 інтэрнаты на вуліцы Дамброўскага, 6 на Камароўцы, садкі былі. Але потым уся гэтая інфраструктура гораду адышла».

Яшчэ адзін савецкі гігант — прадпрыемства па выпуску аўтамабільных магнітолаў перастала існаваць, праўда, яго аб’ядналі з заводам «Радыёпрыбор» і зараз існуе прадпрыемства «Радыёхваля». Былы работнік, спадар Віктар, распавядае, што і дагэтуль вялізныя цэхі здаюцца ў арэнду розным камэрцыйным фірмам.

Спадар: «Беларусбанк» там знаходзіцца, праўда, там нейкая вытворчасьць засталася, але ў асноўным яны здаюць памяшканьні для розных фірмаў, якія ўскосна займаюцца вытворчасьцю. Ведаю, што там нейкая фірма займаецца наладжваньнем сувязі, ды і г.д«.

«Застаўся будынак прадпрыемства, назва, а дзе прадукцыя й людзі?»

Спадар Сяргей распавядае, што за савецкім часам працаваў на прадпрыемстве саюзнага значэньня «Таргмаш», дзе выраблялі самыя розныя вагі і абсталяваньне для гандлёвых прадпрыемстваў. Дарэчы, прадпрыемства існуе дагэтуль.

Спадар: «Яно, здаецца, і працуе, але раней там працавалі больш 3 тысяч чалавек, а зараз толькі 400-450. Застаўся будынак прадпрыемства, назва, а вось дзе прадукцыя і людзі?».

Наагул, спадар кажа, што за гады лукашэнкаўскага кіраваньня новых прадпрыемстваў у Горадні не дадалося.

Спадар: «Ведаеце, вельмі крыўдна, бо я зараз гляджу на Горадню, узгадваю сваю біяграфію і бачу, што пасьля існаваньня Савецкага Саюзу ў горадзе не зьявілася ніводнага новага прадпрыемства з новай біяграфіяй. Ніводнага.».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG