Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня 20 гадоў Белавескай дамове, якая паклала канец існаваньню Савецкага Саюза. Пра тое, як цягам двух дзесяцігодзьдзяў Беларусь выкарыстоўвала гэты гістарычны шанец, разважаюць палітыкі і аналітыкі.

Гісторык Аляксей Кароль перакананы, што Белавеская дамова мае выключнае гістарычнае значэньне. Менавіта дзякуючы ёй Беларусь зьдзейсьнілася як незалежная дзяржава. Пры гэтым спадар Кароль абвяргае тэзіс, што незалежнасьць звалілася на Беларусь зьнянацку:

Аляксей Кароль

Аляксей Кароль

"Наадварот, Беларусь выкарыстала ў той час свой гістарычны шанец, абапіраючыся на здабыткі папярэдніх пакаленьняў беларускага адраджэнцкага руху: ад паўстаньняў Касьцюшкі, Каліноўскага, з выкарыстаньнем рэвалюцыйных падзей 1905 і 1917 гадоў, беларусізацыі 20-х гадоў".

Але адзначаныя гэтыя 20 гадоў і стратамі, невыкарыстаньнем Беларусьсю прадстаўленай гісторыяй альтэрнатывы, кажа спадар Кароль:

"Адбыўся адкат ад дэмакратычнага шляху да аўтарытарнага рэжыму, адбудаванага на асколку савецкай імпэрыі, і Беларусь за гэтыя 20 гадоў ня зьдзейсьнілася як дзяржава, роўная сярод роўных на Захадзе і Ўсходзе. Таму існуе вялікая пагроза Беларусі быць інкарпараванай Расеяй".

Пагроза гэтая будзе існаваць, пакуль Расея будзе жыць па аўтарытарнай мадэлі, перакананы Аляксей Кароль. Важны пазытыўны вынік гэтага пэрыяду ён бачыць у тым, што за 20 гадоў народ Беларусі прызвычаіўся жыць у незалежнай дзяржаве.

Былы дэпутат апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце сацыёляг Аляксандар Сасноў кажа, што частка людзей, якія ўсьвядомілі вартасьць незалежнасьці Беларусі, складае каля 40 адсоткаў, іншыя ставяцца да яе абыякава:

Аляксандар Сасноў

Аляксандар Сасноў

"У значнай частцы Беларусь змарнавала гэты шанец. Большасьць насельніцтва, можа, толькі крыху пасунулася ў бок незалежнай краіны. Улады рабілі адваротнае — замест таго, каб укараняць ўсё гэта, умацоўваць дзяржаўнасьць, яны заўсёды трымалі беларусаў у нейкім падвешаным стане — можа й туды, можа й сюды… Куды пацягнуць — туды і пойдуць".

"Улада выкарыстоўвала незалежнасьць як разьменную манэту і як сродак уласнага ўзбагачэньня, — кажа спадар Сасноў, — і зусім ня дбала пра нацыянальныя падмуркі, беларускую мову, культуру і самасьвядомасьць".

Палітоляг Уладзімер Мацкевіч таксама мяркуе, што апошнія 20 год Беларусь шмат у чым змарнавала:

Уладзімер Мацкевіч

Уладзімер Мацкевіч

"Замест таго, каб быць у авангардзе і наперадзе тых працэсаў, якія ахапілі ў той час Усходнюю Эўропу, Беларусь цягнулася ў хвасьце, чапляючыся за марныя шанцы аднавіць нейкім чынам былыя сувязі, былы саюз. Настальгія па саюзу вельмі доўга панавала ў беларускім грамадзтве, і шмат у чым вызначала палітычныя працэсы".

Спадар Мацкевіч мяркуе, што з гэтай настальгіяй зьвязанае і абраньне прэзыдэнтам Лукашэнкі, і вяртаньне сымболікі былой БССР, і падтрымка ўладамі Эўразійскага саюзу ды іншых "інтэграцыйных" працэсаў.

Уладзімер Мацкевіч мяркуе, што ў цяперашнім гістарычным рэчышчы аднаўленьне былой савецкай імпэрыі на базе Расеі зьяўляецца малаверагодным:

"Але тым ня менш, сёньняшняе кіраўніцтва Расеі ня проста марыць пра гэта, я думаю, што Пуцін адчувае нейкае пакліканьне ці місію, каб аднавіць імпэрскі статус Расеі. І Беларусь у гэтым сэнсе зьяўляецца першай краінай, на якую спакушаюцца гэтыя імпэрскія намаганьні Расеі. І менавіта посьпех у інкарпарацыі Беларусі надаў бы імпульс для гэтых рэваншысцкіх захадаў і надалей".

У гэтым сэнсе Беларусь зноў становіцца гістарычным вузлом, мяркуе спадар Мацкевіч, калі яна зможа застацца незалежнай, то імпэрскія намаганьні Расеі будуць бясплённымі. Спадзявацца на тое, што існуючы рэжым будзе аберагаць дзяржаўнасьць Беларусі, ня варта, перакананы Уладзімер Мацкевіч. Пры зьмене кан'юктуры Аляксандар Лукашэнка можа пайсьці і на разьмен незалежнасьці на нейкія ўласныя выгады.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG