Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Масква і Менск сарвалі праект дэклярацыі АБСЭ аб абароне блогераў


ЗША і ЭЗ прапаноўвалі абараніць блогераў, карыстальнікаў сацыяльных сетак, чытачоў і рэдактараў інтэрнэт-СМІ ад цэнзуры ўладаў. Расея, Беларусь і шэраг краін Цэнтральнай Азіі прагаласавалі супраць прапанаванай АБСЭ «Дэклярацыі аб абароне фундамэнтальных чалавечых свабодаў у лічбавую эпоху».

Гэта адбылося ў Літве на сэсіі міністраў краін Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе. Праект дэклярацыі аб свабодзе ў кіберпрасторы падтрымала большасьць з 56 краін-членаў АБСЭ. Але прыняцьце дакумэнта натыкнулася на супраціў групы дзяржаў, якія лічаць Інтэрнэт небясьпечным для свайго палітычнага ладу. Кансэнсус знойдзены ня быў, аднак гэта стала падставай для дэбатаў аб асноўных свабодах, паведамляе агенцтва EFE.

Праект дэклярацыі быў разасланы краінам-членам АБСЭ ў чэрвені. Аўтарам выступіла Дуня Міятавіч, адказная ў АБСЭ за свабоду СМІ. Міятавіч прапаноўвала нарматыўна замацаваць правы блогераў, карыстальнікаў сацыяльных сетак, чытачоў і рэдактараў інтэрнэт-СМІ. Яна настойвала, што прыняцьце гэтага дакумэнту дасьць магчымасьць абараніць правы чалавека, умацаваць плюралізм і палегчыць доступ да інфармацыі. Праект дэклярацыі быў падтрыманы ЗША, Іспаніяй, Нямеччынай, Вялікабрытаніяй і іншымі эўрапейскімі краінамі.

Камэнтуючы гэтую падзею, дзяржсакратарка ЗША Гілары Клінтан заявіла: «Правы, якімі людзі карыстаюцца ў Інтэрнэце, заслугоўваюць абароны ня ў меншай меры, чым правы чалавека ў рэальнай прасторы». Яна таксама жорстка раскрытыкавала парлямэнцкія выбары ў Расеі, якія, паводле яе, не былі «ні свабоднымі, ні справядлівымі».

Прадстаўнікі місіі назіральнікаў АБСЭ паведамілі аб распаўсюджаных парушэньнях падчас расейскіх выбараў. Кіраўнік МЗС Расіі Сяргей Лаўроў у адказ абвінаваціў АБСЭ у «навязваньні падвойных стандартаў» і пакінуў Літву, праігнараваўшы заключнае пасяджэньне сэсіі.
XS
SM
MD
LG