Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На постсавецкай тэрыторыі пачынае ўваходзіць у сталасьць пакаленьне людзей, якія нарадзіліся пасьля распаду СССР. У жыцьці гэтых 19-20-гадовых людзей намінальна ўжо не было такой палітычнай рэальнасьці як Савецкі Саюз. Зразумела, ніякай настальгіі па савецкіх часах у іх няма.

А што з пакаленьнямі іхных бацькоў і дзядоў, якія нарадзіліся і жылі ў савецкія часы? Ці яны настальгуюць па савецкім часе толькі таму, што тады былі «маладыя, прыгожыя і здаровыя»? Ці, можа, ёсьць яшчэ нешта іншае ў гэтай настальгіі, зьвязанае больш шчыльна з палітычнай і эканамічнай рэчаіснасьцю, якая іх атачала?

Стывэн Коэн, гісторык і саветоляг зь Нью-Ёрскага ўнівэрсытэту, сказаў нашаму радыё, што – падобна як грамадзяне ў большасьці краінаў гэтага сьвету – жыхары колішняга Савецкага Саюзу стараюцца помніць і прыгадваць зь мінулага хутчэй добрае і сьветлае, чым дрэннае і жахлівае. А таму, паводле Коэна, большасьць былых савецкіх грамадзянаў бачыць сваю колішнюю агульную айчыну не як «імпэрыю зла», а хутчэй як краіну, якая ў свой час апераджала сьвет у некаторых дасягненьнях навукі і тэхналёгіі, у асваеньні космасу ды, што ня менш важна, давала пачуцьцё вялікай сацыяльнай і эканамічнай стабільнасьці для пераважнай большасьці савецкіх людзей – то бок, была дзяржавай сацыяльнай справядлівасьці і адноснага дабрабыту.

Пачуцьцё гэтай агульнай стабільнасьці і агульнага дабрабыту, лічыць Коэн, прапала ў постсавецкі пэрыяд.

Стывэн Коэн

Стывэн Коэн

​«Для большасьці савецкіх грамадзянаў савецкая сыстэма – асабліва пасьля сьмерці Сталіна – дасягнула таго, што на Захадзе мы назвалі б даволі сучаснай дзяржавай агульнага дабрабыту, якую я часам называю дзяржавай дабрабыту ад калыскі да магілы. Дзяржава забясьпечвала розныя льготы і субсыдыі, так што людзі нараджаліся, вучыліся, атрымлівалі працу, жылі даволі заможна, і паміралі – калі ня кідалі выкліку палітычным правілам гульні – зь вялікай упэўненасьцю і прадказальнасьцю. Гэта – як мяркую, для 80 або і 90 адсоткаў грамадзянаў былога Савецкага Саюзу, за выняткам балцкіх краінаў – цяпер прапала. Тая ранейшая забясьпечанасьць жыцьця, тыя правы на атрыманьне сацыяльных льготаў, прывілеяў і субсыдый цяпер прапалі» – сказаў Стывэн Коэн.

Беларускі філёзаф Алесь Анціпенка таксама асацыюе настальгію па СССР з адносным дабрабытам брэжнеўскіх часоў:

Алесь Анціпенка

Алесь Анціпенка

«Настальгія існуе ў тых людзей, якія жылі пры савецкім часе. Менавіта не ў 37-м годзе, не ў 20-х гадах, а за брэжнеўскім часам. То бок паўставала такое савецкае грамадзтва спажываньня, як гэта ні парадаксальна, пры наяўнасьці дэфіцыту. Але кілбаса каштавала 2 рублі 20 капеек, заробкі пачыналі сягаць 400-500 рублёў. То бок у людзей стварылася ўражаньне, што жыць добра. На гэтым тле распад Савецкага Саюзу быў, безумоўна, траўмай для шмат каго. Папросту людзі абмяжоўваліся ў сваім успрыняцьці таго, што можна было нешта купіць і паесьці. А што да нейкіх каштоўнасьцяў — свабода, свабода слова — усё гэта было вельмі абстрактным. Таму ў людзей старэйшых генэрацыяў, безумоўна, ёсьць пэўныя настальгічныя пачуцьці. Тым больш, цяпер яны будуць абвастрацца, калі эканамічная сытуацыя ў краіне будзе пагаршацца».

Палітык Віктар Карняенка мяркуе, што людзі настальгуюць па тым добрым, чаго пасьля распаду СССР не засталося:

Віктар Карняенка

Віктар Карняенка

«Некалі была такая фармулёўка: усё лепшае трэба ўзяць ад Савецкага Саюзу. Сёньняшнія ўлады ў Беларусі ўзялі шмат ад СССР, але яны ўзялі горшае. Я ў той час вельмі доўга працаваў на гомельскім радыёзаводзе, ведаю пра магчымасьці працоўнага калектыву, пра правы працоўных, якія нават у тыя часы абараняліся. Зараз якраз не. Таму мне здаецца, што ёсьць такая настальгія па таму добраму, што было раней. Была такая адносная стабільнасьць, роўнасьць, не было гэтай кантрактнай сыстэмы. Ну і, напэўна, нехта зьвязвае гэта са сваёй маладосьцю».

Паэт Леанід Дранько-Майсюк настальгуе па беларускай культуры, якая была за савецкім часам:

Леанід Дранько-Майсюк

Леанід Дранько-Майсюк

«Пад уплывам БНР узьнікла БССР. І ў гістарычным сэнсе гэта наша вялікае шчасьце, бо ў межах БССР узьнік унівэрсытэт, Акадэмія Навук, Янка Купала і Якуб Колас сталі народнымі пісьменьнікамі. Беларуская мова ўпершыню набыла статус дзяржаўнай. Вось гэтае адчуваньне дзяржаўнасьці, якое ўзьнікла ў 20-я гады, канечне, не рэалізавалася ў поўным аб'ёме і не магло рэалізавацца. Але дзякуючы гэтаму адчуваньню, нарадзілася новая, яркая беларуская літаратура: Чорны, Кандрат Крапіва, Мрый, Уладзімер Дубоўка... І хочацца, каб гэтае адчуваньне і заставалася. Але цяпер пайшла размытасьць гэтага адчуваньня, што беларускае мастацтва зусім адсунута ў нейкі кут. Таму ў мяне настальгія па тым, каб у цэнтры нашай нацыянальнай сьвядомасьці і нашага грамадзтва знаходзілася нацыянальная культура. Сёньня мне гэтага не стае».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG